Выбрать главу

Усё адразу змоўкла. Нават танцоры спыніліся, атарапела вылупіўшы вочы. Чыпола ўскочыў з крэсла. Ён стаяў, раскінуўшы рукі, нібыта хацеў крыкнуць: «Стой! Ціха! Прэч ад мяне! Што такое?!», але ўжо ў наступнае імгненне галава апала на грудзі, і ён мяшком асеў на крэсла і тут жа бокам паваліўся на падлогу, дзе і застаўся ляжаць бясформнай грудай вопраткі і крывых касцей.

Падняўся неверагодны вэрхал. Дамы, істэрычна ўсхліпваючы, хавалі твар на грудзях сваіх спадарожнікаў. Адны крычалі, патрабавалі ўрача, паліцыю. Другія памкнуліся да эстрады. Трэція гуртам наваліліся на Марыё, каб абяззброіць, адабраць у яго маленькі, з матавым бляскам прадмет, нават мала падобны на рэвальвер, які павіс у яго на руцэ і чый амаль нябачны стволік лёс накіраваў так дзіўна і непрадказальна.

Мы забралі дзяцей — нарэшце! — і павялі міма двух карабінераў да выхаду.

— Гэта праўда канец? — дапытваліся яны, каб ужо ісці са спакойнаю душою.

— Так, гэта праўда, — пацвердзілі мы.

Страшны, фатальны канец. І ўсё ж канец, які прыносіць збавенне, — я і тады не мог і сёння не магу ўспрымаць гэтага інакш!

1930

Штэфан Цвэйг

(1881–1942)

Пераклад Уладзіміра Чапегі

Пякучая таямніца

Партнёр

Паравоз хрыпла засвісцеў: цягнік дасягнуў Зэмерынга. Чорныя вагоны на хвіліну спыніліся ў серабрыстым высакагорным святле, выкінулі некалькі страката апранутых пасажыраў і праглынулі другіх, пераклікнуліся сярдзітыя галасы, і ўжо зноў засвісцела наперадзе сіпатая машына, пацягнула ў пячору тунеля чорны грукатлівы ланцуг. Зноў навокал, колькі бачыць вока, чыста падмецены вільготным ветрам ясны, спакойны ландшафт.

Адзін з прыезджых — малады чалавек, які выгадна адрозніваўся ад другіх ахайнасцю адзення і лёгкаю натуральнаю хадою, — апярэдзіў астатніх, першы наняў фіякр і паехаў у гатэль. Коні няспешна трухалі па крутой горнай дарозе. У паветры пахла вясной. На небе пырхалі хмаркі, белыя, гарэзлівыя, якімі яны бываюць толькі ў маі і чэрвені, калі бесклапотныя, маладыя, яны гулліва імчацца па блакітнай дарозе і то хаваюцца за высокія горы, то абдымаюцца і ўцякаюць, то сціскаюцца ў хустачку, то раздзіраюцца на стужкі і нарэшце дурасліва насоўваюць белыя шапкі на горныя вяршыні. Поўны неспакою быў і вецер — ён так шалёна раскалыхваў тонкія, яшчэ вільготныя пасля дажджу дрэвы, што яны лёгенька паскрыпвалі суставамі і сыпалі ў бакі тысячы іскрыстых кропляў. Часам з вяршынь даходзіў свежы пах снегу, і тады паветра рабілася і салодкім і даўкім. Усё на небе і на зямлі было поўна руху і нецярплівага браджэння сіл. Коні чмыхалі і весела беглі цяпер з гары, далёка чуваць быў звон іх бомкаў.

У гатэлі малады чалавек перш за ўсё прагледзеў спіс прыезджых, але тут жа расчаравана адсунуў яго ўбок. «Навошта, зрэшты, я прыехаў сюды? — з прыкрасцю спытаўся ён у сябе. — Сядзець тут аднаму на гары, без кампаніі — гэта яшчэ горш, чым у канцылярыі. Мусіць, я прыехаў або занадта рана, або занадта позна. Мне ніколі не шанцуе з водпускам. Ніводнага знаёмага прозвішча сярод усіх гэтых людзей. Хоць бы дзве-тры жанчыны, на благі канец — маленькі, нявінны флірт, каб не прасумаваць увесь тыдзень».

Малады чалавек быў баронам і належаў да не вельмі радавітай сям’і аўстрыйскай чыноўнай знаці. Ён служыў ва ўрадавай установе; адпачынак яму быў непатрэбны, але ён узяў водпуск на тыдзень таму, што ўсе калегі выклапаталі сабе веснавыя канікулы, і ён таксама захацеў скарыстаць сваё права. Яго нельга было назваць пустым чалавекам, але без кампаніі ён жыць не мог; агульны ўлюбёнец, якога ўсюды прымалі сардэчна, ён не пераносіў адзіноты і выдатна ведаў гэта. У яго не было ніякай схільнасці заставацца сам-насам з сабою, ён па магчымасці пазбягаў такіх сустрэч, бо зусім не імкнуўся да больш блізкага знаёмства з уласнаю персонаю. Ён ведаў, што яму трэба сутыкацца з людзьмі, каб маглі праявіцца ўсе яго таленты — яго ласкавасць, яго тэмперамент. У адзіноце ён быў халодны і бескарысны, як запалка ў пачку.

У дрэнным настроі бадзяўся ён па пустым вестыбюлі, то рассеяна перагортваў газеты, то заходзіў у гасціную, садзіўся там за раяль і найграваў вальс, — але рытм яму не даваўся. Нарэшце, узлаваны, ён сеў каля акна і пачаў глядзець, як паволі насоўваўся змрок і з-за хвой клубамі падымаўся сівы туман. Так змарнаваў ён, злы і знерваваны, цэлую гадзіну; потым падаўся ў сталовую.