— Дабранач, дабранач! Да заўтра! — паспешна сказала яна і памкнулася бегчы. Бегчы не столькі ад яго, як ад небяспекі гэтай хвіліны, ад новай, дзіўнай няўпэўненасці ў самой сабе. Але барон з мяккаю настойлівасцю ўтрымаў працягнутую на развітанне руку, пацалаваў яе, і не адзін раз, як патрабавала ветлівасць, а некалькі разоў — ад кончыкаў тонкіх пальцаў да згіну кісці, і яна з лёгкім дрыжаннем адчула на скуры казытлівы дотык яго шорсткіх вусоў. Неспакойная салодкая цяплынь разлілася па ўсім целе, кроў кінулася ў галаву, шалёна застукала ў скронях, страх, неўсвядомлены страх выбухнуў з новаю сілаю, і яна хуценька вырвала руку.
— Застаньцеся, — прашаптаў барон.
Але яна ўжо нязграбна і паспешна бегла ад яго, што яскрава сведчыла аб яе страху і разгубленасці. Ён дабіўся свайго: яна была ва ўладзе хвалявання, трывогі, яна ўжо сама не разумела, што з ёю робіцца. Яе гнаў бязлітасны, пякучы страх, што ён пойдзе ўслед за ёю і схопіць яе, і разам з тым яна шкадавала, што ён гэтага не зрабіў. Бо цяпер магло здарыцца тое, чаго яна несвядома чакала гадамі, сапраўдная любоўная прыгода, пра якую яна заўсёды ў глыбіні душы марыла, але перад якою дагэтуль заўсёды адступала ў апошні момант, — прыгода небяспечная і захапляючая, а не лёгкі, мімалётны флірт. Але барон быў залішне горды, каб выкарыстаць зручны выпадак. Упэўнены ў перамозе, ён не хацеў авалодаць гэтаю жанчынаю ў хвіліну слабасці і ап’янення; наадварот, правілы гульні патрабавалі чэснага паядынку, — яна сама павінна прызнаць сябе пераможанаю. Уцячы ад яго яна не магла. Ён бачыў, што атрута ўжо пранікла ў яе кроў.
На лесвічнай пляцоўцы яна спынілася, цяжка дыхаючы, і прыціснула руку да дрыготкага сэрца. Ёй трэба было крыху прыйсці ў сябе. Яна ледзь стрымлівала нервовае ўзбуджэнне. З грудзей вырваўся ўздых не то радасці, што пазбегла небяспекі, не то жалю; думкі блыталіся, галава крыху кружылася. З паўзаплюшчанымі вачамі, нібы п’яная, дабралася яна да свайго пакоя і ўздыхнула вольна, толькі калі ўзялася за халодную ручку дзвярэй. Толькі цяпер яна адчула сябе ў бяспецы!
Яна ціхенька прачыніла дзверы і тут жа спалохана адхіснулася. Штосьці заварушылася ў глыбіні цёмнага пакоя. Перанапружаныя нервы не вытрымалі, яна ледзь не ўскрыкнула, але тут пачуўся ціхі, сонны голас:
— Гэта ты, мама?
— А божачка, што ты тут робіш? — Яна кінулася да канапы, дзе ляжаў скурчаны Эдгар, які толькі прыходзіў у сябе пасля сну. Яе першаю думкаю было, што дзіця захварэла ці з ім здарылася няшчасце.
Але Эдгар, яшчэ паўсонны, казаў з лёгкім папрокам:
— Я чакаў цябе, доўга чакаў, а потым заснуў.
— Чаму ж ты чакаў мяне?
— З-за сланоў!
— Якіх сланоў?
Тут толькі яна зразумела. Яна ж абяцала яму яшчэ сёння расказаць пра паляванне і ўсе прыгоды. І хлопчык пракраўся ў яе пакой, прастадушны, дурненькі хлопчык, і даверліва чакаў яе, пакуль не заснуў. Гэты недарэчны ўчынак абурыў яе. Ці, дакладней, яна ўзлавалася на самую сябе, хацела заглушыць пачуццё сораму і віны, якое заварушылася ўнутры.
— Зараз жа ідзі спаць, малы ты нягоднік! — крыкнула яна.
Эдгар паглядзеў на яе здзіўлена. Чаго яна гэтак злуецца на яго, ён жа нічога дрэннага не зрабіў? Але яго здзіўленне яшчэ болей узлавала яе.
— Зараз жа ідзі да сябе ў пакой! — закрычала яна шалёна, хоць і адчувала, што робіць няправільна.
Эдгар моўчкі пайшоў. Ён, уласна, страшна стаміўся і толькі праз сонны туман, які душыў яго, цьмяна адчуваў, што мама не стрымала слова і што з ім абышліся нядобра. Але ён не спрачаўся. Усё ў ім атупела ад свінцовай стомы; акрамя таго, ён вельмі злаваўся на сябе, што заснуў, замест таго каб дачакацца мамы. «Як маленькае дзіця», — з абурэннем падумаў ён, перш чым зноў заснуць.
Бо з учарашняга дня ён ненавідзеў сваё дзяцінства.
Перастрэлка
Барон дрэнна спаў уночы. Заўсёды небяспечна ісці спаць пасля перарванай прыгоды; неспакойны, цяжкі сон гэтай ноччу вельмі хутка прымусіў яго пашкадаваць аб упушчаным моманце. Калі раніцаю, нявыспаны і змрочны, ён спусціўся ўніз, насустрач яму са сваёй засады выскачыў Эдгар, радасна абняў яго і пачаў прыставаць з пытаннямі. Хлопчык быў шчаслівы, што можа хоць на хвіліну цалкам завалодаць дарослым сябрам і не дзяліць яго з мамаю. Хай ён надалей расказвае толькі яму, а не маме, настойліва прасіў ён, — бо яна, нягледзячы на абяцанне, нічога не расказала яму пра ўсе цуды. Ён засыпаў захопленага знянацку барона, які не хаваў свайго кепскага настрою, сотняй надакучлівых дзіцячых пытанняў. Да іх ён дамешваў бурнае выяўленне сваёй любові, не помніў сябе ад шчасця, што, нарэшце, ён зноў сам-насам са сваім сябрам, якога чакаў з самага ранку.