Выбрать главу

Барон адказваў непрыветліва. Гэтае вечнае высочванне, наіўныя хлопчыкавы пытанні і яго празмерная, няпрошаная любоў рабіліся для яго цяжарам. Яму надакучыла дзень пры дні важдацца з дванаццацігадовым дзіцём і балбатаць усякую лухту! Барон хацеў цяпер толькі аднаго: каваць жалеза, пакуль гарачае, застацца з Эдгаравай маці сам-насам, а гэта з-за хлопчыкавай назойлівасці было нялёгкаю задачаю. Упершыню ён падумаў з прыкрасцю, што зрабіў неасцярожна, узбудзіўшы такое гарачае сяброўства, але пакуль што ён не бачыў, як адвязацца ад дакучлівага сябра.

Усё-такі барон вырашыў паспрабаваць. Да дзесяці гадзін, калі ён дамовіўся суправаджаць Эдгараву маці на прагулцы, барон цярпліва трываў ажыўленую хлопчыкаву балбатню, амаль не слухаў яе, толькі зрэдку ўстаўляў слова, каб не пакрыўдзіць яго, і адначасова гартаў газету. Як толькі гадзіннікавая стрэлка падышла да дзесяці, барон, быццам нешта ўспомніўшы, папрасіў Эдгара схадзіць у гатэль напроці і даведацца, ці не прыехаў яго стрыечны брат, граф Грундгейм.

Нічога не падазраючы, хлопчык, шчаслівы, што можа, нарэшце, зрабіць паслугу сябру, горды ад важнага даручэння, адразу ж ірвануўся з месца і памчаўся цераз дарогу так імкліва, што прахожыя праводзілі яго здзіўленымі позіркамі. Але ён хацеў паказаць, як старанна ён выконвае абавязак ганца. У гатэлі яму сказалі, што граф яшчэ не прыехаў і нават не папярэджваў аб сваім прыездзе. З гэтаю навіною ён пабег назад з тою ж шалёнаю хуткасцю. Але барона ў вестыбюлі не было. Тады ён пастукаў да яго ў пакой — і там нікога! Устрывожаны, ён абегаў усе пакоі, заглянуў у гасціную з раялем, у кавярню; потым кінуўся ў пакой да мамы, каб папытацца ў яе; але і мамы таксама нідзе не было. Парцье, да якога ён з роспачы вырашыў звярнуцца, сказаў, на велізарнае яго здзіўленне, што некалькі хвілін таму назад яны пайшлі разам.

Эдгар цярпліва чакаў. Па прастаце сваёй ён не падазраваў нічога дрэннага. Ён быў упэўнены, што яны хутка вернуцца, — бо ж барону трэба атрымаць адказ. Але праходзіла гадзіна за гадзінаю — і пакрысе ім авалодаў непакой. Наогул, з таго дня, як гэты чужы, спакуслівы чалавек уварваўся ў яго маленькае бесклапотнае жыццё, хлопчык увесь час нерваваўся, хваляваўся, не знаходзіў спакою. У кволым дзіцячым арганізме любое звышмоцнае пачуццё пакідае глыбокі след, як на мяккім воску. Нервовае дрыжанне павекаў узнавілася, твар зноў пабляднеў. Эдгар чакаў і чакаў — спачатку спакойна, потым страшэнна ўсхваляваны, пад канец ледзь стрымліваючы слёзы. Але ён усё яшчэ нічога не падазраваў. Ён слепа верыў у свайго цудоўнага сябра і думаў, што адбылося нейкае непаразуменне, і яго мучыў тайны страх, што ён няправільна зразумеў дадзенае яму даручэнне.

Але як дзіўна яму здалося, што калі яны нарэшце вярнуліся, абое весела балбаталі і не выказалі ніякага здзіўлення. Быццам яны зусім не заўважылі яго адсутнасці.

— Мы пайшлі табе насустрач, Эдзі, і спадзяваліся ўбачыць цябе па дарозе, — сказаў барон, нават не пытаючыся пра адказ; а калі хлопчык, спалоханы, што яны марна шукалі яго, пачаў запэўніваць, што ён бег па галоўнай дарозе, і пачаў распытваць, у які бок яны пайшлі, мама абарвала размову:

— Хопіць, хопіць! Дзеці не павінны так многа балбатаць!

Эдгар пачырванеў ад прыкрасці. Гэта была ўжо другая спроба зняважыць яго на вачах у сябра. Навошта яна гэта робіць, навошта яна так намагаецца паказаць яго дзіцём, калі ён цвёрда перакананы, што ўжо дастаткова дарослы? Няйначай, яна зайздросціць яму і хоча адабраць у яго сябра. І гэта, напэўна, яна наўмысна павяла барона другою дарогаю. Але ён не дазволіць, каб з ім так абыходзіліся, — яна гэта хутка ўбачыць. Ён здолее пастаяць за сябе. І Эдгар вырашыў ні слова не гаварыць з ёю сёння за сталом і звяртацца толькі да сябра.

Але гэты намер яму здзейсніць не ўдалося. Здарылася тое, чаго ён менш за ўсё чакаў: ніхто не заўважыў, што ён злаваўся. Ды яны і яго самога як быццам не заўважалі, а яшчэ ж учора ён быў у цэнтры ўвагі; цяпер яны размаўлялі толькі паміж сабою, жартавалі, смяяліся, быццам яго і не існавала, быццам ён зваліўся пад стол. Кроў кінулася яму ў твар, камяк падступіў да горла, дыхаць стала цяжка. З усё большай горыччу думаў ён пра сваё бяссілле. Значыцца, ён павінен спакойна сядзець і глядзець, як мама адбірае ў яго сябра — адзінага чалавека, якога ён любіў, — і ён нічога не можа зрабіць супраць, акрамя як маўчаць. Яму хацелася ўстаць з крэсла і стукнуць кулакамі па стале — хоць бы дзеля таго, каб напомніць ім аб сабе. Але ён стрымаўся, адно адклаў убок нож і відэлец і не дакрануўся болей да яды. Аднак і гэта доўга заставалася незаўважаным, і толькі калі прынеслі апошнюю страву, мама звярнула ўвагу, што ён нічога не есць, і папыталася, ці не хворы ён. «Агідна, — падумаў ён, — у яе толькі адно ў галаве, ці не хворы я, усё астатняе ёй усё роўна». Ён буркнуў, што яму не хочацца есці, і яна гэтым задаволілася. Нічым, абсалютна нічым не мог ён прыцягнуць да сябе ўвагі. Барон быццам зусім забыўся пра яго, прынамсі, ён не сказаў яму ні слова. Слёзы пяклі Эдгару вочы, і ён нават ужыў дзіцячую хітрасць — засланіўся сурвэткаю, каб ніхто не ўбачыў, як гэтыя праклятыя дзіцячыя слёзы цякуць па твары, пакідаюць на губах салёны прысмак. Нарэшце абед скончыўся, і ён уздыхнуў з палёгкаю.