У час абеду мама прапанавала разам з’ездзіць у Марыя-Шуц. Пачуўшы гэта, Эдгар закусіў губу. Ні на хвіліну не пакіне яна яго сам-насам з сябрам. Але як жа ён узненавідзеў яе, калі яна сказала, устаючы з-за стала:
— Эдгар, ты забудзеш усё, што вывучаў у школе, табе лепш пасядзець дома і пазаймацца.
Эдгар сціснуў маленькія кулачкі. Зноў яна зневажае яго перад сябрам, зноў напамінае адкрыта, што ён яшчэ дзіця, што павінен хадзіць у школу і што яго толькі церпяць сярод дарослых. Але гэтым разам яе намер быў занадта відавочны, — ён нават не адказаў і павярнуўся да яе спінаю.
— Ну вось, зноў ты пакрыўдзіўся, — сказала яна з усмешкаю і звярнулася да барона: — Няўжо так цяжка пасядзець з гадзінку над урокамі?
І тут — хлопчыкава сэрца быццам застыла і анямела — барон, які зваў сябе ягоным сябрам, барон, які смяяўся над тым, што ён любіць сядзець у пакоі, сказаў:
— Пазаймацца гадзінку-другую, думаю, не пашкодзіла б.
Што гэта — змова? Няўжо яны сапраўды ў саюзе супраць яго? Хлопчыкавы вочы ўспыхнулі ад гневу.
— Тата забараніў мне займацца. Тата хоча, каб я тут паправіўся, — кінуў ён, як бы горды сваёю хваробаю, роспачна чапляючыся за татаў аўтарытэт. Гэта прагучала як пагроза. І што дзіўна: ягоныя словы сапраўды збянтэжылі абаіх. Мама адвярнулася і нервова забарабаніла пальцамі па стале. Настала няёмкае маўчанне.
— Як хочаш, Эдзі, — прагаварыў нарэшце барон, вымушана ўсміхаючыся. — Мне экзаменаў не здаваць, я даўно праваліўся па ўсіх прадметах.
Але Эдгар не ўсміхнуўся баронаваму жарту, а паглядзеў на яго такім дапытлівым, пільным позіркам, быццам хацеў зазірнуць яму ў самую душу. Што здарылася? Штосьці перамянілася ў іх адносінах, і хлопчык не мог зразумець прычыны. Ён адвёў вочы. У яго сэрцы хутка і дробна стукаў малаточак — першае падазрэнне.
Пякучая таямніца
«Што з імі? — думаў хлопчык, седзячы насупраць іх у калясцы, якая хуценька кацілася па дарозе. — Чаму яны са мною не такія, як раней? Чаму мама не глядзіць мне ў вочы? Чаму ён увесь час жартуе са мною і крыўляецца? Яны больш не гавораць са мною так, як учора і заўчора. У іх і твары як быццам нейкія другія. У мамы сёння такія чырвоныя губы — пэўна, нафарбавала. Гэтага я ў яе яшчэ ніколі не бачыў. А ён усё моршчыць лоб, быццам яго пакрыўдзілі. Я ім нічога не зрабіў, не сказаў ніводнага крыўднага слова. Не, не ва мне рэч, яны самі не такія адно з адным, як раней. Быццам натварылі нечага і баяцца пра гэта гаварыць, не балбочуць, як учора, не смяюцца, ім быццам сорамна, яны нешта хаваюць. У іх ёсць таямніца, якую яны не хочуць мне выдаць. Я павінен раскрыць гэтую таямніцу чаго б яно ні каштавала. Я ведаю — гэта, мусіць, тое ж самае, з-за чаго дарослыя заўсёды зачыняюць дзверы перада мною, пра што пішуць у кніжках і спяваюць у операх, калі жанчыны і мужчыны працягваюць адно аднаму рукі, абдымаюцца, а потым адштурхваюцца. Мусіць, гэта накшталт таго, што было з маёю францужанкай, калі яна дрэнна паводзіла сябе з татам і яе адаслалі. Усё гэта, па-мойму, адно і тое самае, толькі я не ведаю чаму. Каб жа даведацца, даведацца, нарэшце, пра гэтую таямніцу, авалодаць ключом, які адчыніць усе дзверы, перастаць быць дзіцём, ад якога ўсё хаваюць і ўтойваюць, не даваць болей сябе падманваць! Цяпер або ніколі! Я вырву ў іх гэтую таямніцу!»
На лбе ў яго прарэзалася маршчына. Худзенькі дванаццацігадовы хлопчык, які знерухомеў у глыбокім роздуме, выглядаў старым; ні разу не зірнуў на расквечаны яркімі фарбамі краявід, на горы, якія зелянелі свежай хвояй саснякоў, на даліны ў яшчэ нясмелым ззянні запозненай вясны. Ён бачыў толькі сваю маму і барона, якія сядзелі на заднім сядзенні каляскі, ён як бы спрабаваў сваім гарачым позіркам, як вудаю, вылавіць таямніцу з бліскучых глыбінь іх вачэй. Нішто гэтак не адточвае розум, як пакутлівае падазрэнне, нішто з такою сілаю не заахвочвае працу нясталага розуму, як след, які губляецца ў змроку. Часам толькі тоненькія дзверы аддзяляюць дзяцей ад свету, які мы завём рэальным, і выпадковы парыў ветру можа расчыніць іх перад імі.