Выбрать главу

Эдгар раптам адчуў, што ён яшчэ ніколі так блізка не падыходзіў да невядомага, да вялікай таямніцы; яна была тут, перад ім, пакуль што не раскрытая, не разгаданая, але зусім, зусім блізка да яго. Гэта хвалявала і рабіла яго незвычайна, урачыста сур’ёзным. Бо ён падсвядома ўгадваў, што стаіць на рубяжы свайго дзяцінства.

Эдгарава маці і барон адчулі нейкае глухое супраціўленне, не падазраючы, што яно ідзе ад хлопчыка. Ім было цесна і няёмка ўтраіх у калясцы. Цёмныя Эдгаравы вочы, якія гарэлі неспакойным агнём, моцна трывожылі іх. Яны не адважваліся гаварыць, не адважваліся глядзець адно на аднаго. Да ранейшай лёгкай свецкай размовы шлях быў адрэзаны, яны вельмі ўжо ўцягнуліся ў тон іншасказаў, пад якімі хаваецца тайнае дрыготкае чаканне няскромных жаданняў. Размова не ладзілася; яны раз-пораз змаўкалі, быццам спатыкаліся аб перашкоду, потым пачыналі зноў і зноў змаўкалі, прыгнечаныя ўпартым хлопчыкавым маўчаннем.

Асабліва цяжкім было гэтае змрочнае маўчанне для маці. Яна асцярожна зірнула на яго, убачыла шчыльна сціснутыя вусны і ўпершыню са страхам адзначыла, як ён падобны на свайго бацьку, калі той раздражнёны або незадаволены. Напамінак аб мужу быў непрыемны цяпер, калі яна захапілася любоўнаю гульнёю. Бледны цемнавокі хлопчык з нахмураным лобам і насцярожаным позіркам здаваўся ёй злавесным прывідам, вартавым яе сумлення, і таму, што ён сядзеў так блізка ад яе ў цеснаце каляскі, яго прысутнасць удвайне прыгнятала яе. Раптам Эдгар падняў вочы, усяго на хвілінку, і тут жа і ён і яна апусцілі вочы: упершыню ў жыцці маці і сын адчулі, што сочаць адно за адным. Дагэтуль яны слепа давяраліся, але цяпер штосьці змянілася, штосьці раптам узнікла паміж імі. Упершыню ў жыцці яны сачылі адно за адным збоку, аддзялялі свой лёс ад лёсу другога — ужо з затоенай нянавісцю, такою новаю для іх, што яны яшчэ не асмельваліся прызнацца сабе ў гэтым.

Усе трое з палёгкаю ўздыхнулі, калі каляска спынілася перад гатэлем. Прагулка атрымалася няўдалаю, гэта адчувалі ўсе, але ніхто не адважваўся сказаць аб гэтым. Эдгар першы саскочыў з каляскі. Яго маці спаслалася на галаўны боль і паспешна паднялася да сябе. Яна вельмі стамілася, і ёй хацелася пабыць адной. Эдгар і барон засталіся ўнізе. Барон расплаціўся з фурманам, паглядзеў на гадзіннік і пайшоў у вестыбюль, не звяртаючы ўвагі на хлопчыка. Стройны, элегантны, ён прайшоў міма яго лёгкаю, пругкаю хадою, якая яшчэ ўчора так зачаравала Эдгара, што ён спрабаваў пераняць яе перад люстэркам. Ён прайшоў міма Эдгара, нават не зірнуўшы на яго. Відаць, ён забыўся пра хлопчыка, пакінуў стаяць яго каля каляскі з конямі, быццам не меў да яго ніякага дачынення.

У Эдгара штосьці надламалася ў душы, калі ён убачыў, як абыякава ідзе ад яго той, каго ён, нягледзячы ні на што, усё яшчэ абагаўляў; роспач авалодала ім — пайшоў, нават не дакрануўся да яго плашчом, не сказаў ні слова. Ён жа не адчуваў за сабою ніякай віны. Самавалоданне, якое каштавала яму столькіх намаганняў, пакінула яго; цяжар уласнай годнасці, які ён нёс цераз сілу, саслізнуў з яго слабых плячэй, і ён зноў зрабіўся дзіцём — маленькім і пакорным, якім быў яшчэ ўчора і раней. Усё далейшае адбылося незалежна ад яго волі. Ён ірвануўся дробненькімі крокамі ўслед за баронам, дагнаў яго, загарадзіў яму дарогу да лесвіцы і, увесь дрыжачы, выціснуў здушаным голасам, ледзь стрымліваючы слёзы:

— Што я вам зрабіў, што вы на мяне і глядзець не хочаце? Чаму вы ставіцеся да мяне, як да чужога. І мама таксама. Чаму вы заўсёды адпраўляеце мяне куды-небудзь? Няўжо я вам перашкаджаю ці я ў чым вінаваты?

Барон збянтэжыўся. У Эдгаравым голасе было нешта, што яго засароміла, кранула. Яму стала шкада прастадушнага хлопчыка.

— Эдзі, ты дурненькі! Проста я сёння не ў настроі. А ты добры хлопчык, і я цябе вельмі люблю. — Ён моцна пакудлаціў Эдгараў віхор, але адвярнуўся, каб не глядзець у поўныя слёз умольныя вялізныя дзіцячыя вочы. Камедыя, якую ён разыгрываў, пачынала дакучаць яму. Яму стала сорамна, што ён з такім халодным разлікам абудзіў да сябе любоў у гэтага дзіцяці, і балюча было слухаць тоненькі, дрыготкі ад затоеных рыданняў голас. — Ідзі наверх, Эдзі, а вечарам мы зноў будзем сябрамі, вось пабачыш, — сказаў ён прыміральна.

— І вы паможаце мне, калі мама будзе адпраўляць мяне адразу спаць? Паможаце?

— Памагу, Эдзі, памагу, — усміхнуўся барон. — А цяпер ідзі, мне трэба пераадзецца на вячэру.

Эдгар, супакоены на момант, падняўся да сябе. Але хутка ў яго сэрцы зноў застукаў малаточак. З учарашняга дня ён пастарэў на некалькі гадоў; невядомы госць — недавер — ужо трывала пасяліўся ў яго дзіцячым сэрцы.