— Сёння тэнісны турнір. Ты калі-небудзь бачыў такое?
Эдгар нават не адказаў, толькі пагардліва зірнуў на яго і склаў губы, быццам збіраўся свістаць. Вось яго адказ. Нянавісць паказала свае вострыя зубы.
Нязносным цяжарам гняла абаіх няпрошаная хлопчыкава прысутнасць. Гэтак зняволеныя ходзяць услед за турэмшчыкам, тайком сціскаючы кулакі. Хлопчык нічога кепскага не рабіў, і ўсё ж з кожнай хвілінай усё цяжэй рабілася выносіць яго пільны позірк, вільготныя ад нявыплаканых слёз вочы, хмурную зласлівасць, якая бурчаннем адказвала на любую спробу збліжэння.
— Ідзі паперадзе! — раптам сярдзіта сказала маці, устрывожаная яго назойлівым падслухоўваннем. — Не тапчыся ўвесь час пад нагамі, гэта мне дзейнічае на нервы.
Эдгар паслухаўся, але праз кожныя пару крокаў ён паварочваўся, спыняўся, калі яны адставалі, і позірк яго кружыў вакол іх, як Мефістофель у абліччы пудзеля, аблытваючы іх вогненнай сеткай нянавісці, з якой — яны гэта адчувалі — ім не вырвацца.
Жорсткае маўчанне, быццам кіслатою, раз’ела іх весялосць, падазроны позірк забіваў кожную спробу весці размову. Барон ужо не адважваўся сказаць ніводнага ліслівага слова, ён са злосцю адчуваў, што жанчына выслізгвае з яго рук, што з такою цяжкасцю распаленае ў ёй пачуццё астывае з-за страху перад надакучлівым, агідным хлапчуком. Яны зноў і зноў спрабавалі завесці размову — і кожны раз яна абрывалася. Нарэшце яны ўтраіх толькі моўчкі ішлі па дарозе, прыслухоўваліся да шолаху дрэў і ўласных сярдзітых крокаў. Хлопчык задушыў у іх усякае жаданне размаўляць.
Цяпер усе трое былі ва ўладзе раздражнення і злосці. Эдгар помсціў за здраду, упіваўся іх бяссільным гневам і разам з тым з нецярпеннем і нянавісцю чакаў, калі гэты назапашаны гнеў вырвецца наверх. Насмешліва прыжмуранымі вачамі паглядаў ён на сярдзіты баронаў твар. Ён заўважыў, што барон лаецца праз зубы і ледзь стрымліваецца, каб не абрушыць на яго паток лаянкі, і зларадна сачыў за маці, якая ўсё больш злавалася; абое яны толькі і чакалі зачэпкі, каб накінуцца на яго, устараніць або абясшкодзіць яго. Але ён не даваў ніякай зачэпкі; яго нянавісць, якая расла доўгі час, навучыла яго быць асцярожным, і ён не рабіў памылак.
— Давайце вернемся, — раптам сказала маці. Яна адчувала, што болей не вытрымае, што павінна штосьці зрабіць — хоць бы закрычаць ад гэтага катавання.
— Як шкада, — спакойна адазваўся Эдгар, — тут так хораша.
Абое яны разумелі, што хлопчык здзекуецца з іх. Але яны не адважваліся што-небудзь сказаць, так бездакорна маленькі тыран за два дні навучыўся валодаць сабою. Ніводзін мускул на яго твары не выдаваў злой іроніі. Не сказаўшы ні слова за ўсю доўгую дарогу, яны павярнулі назад. Калі маці засталася ў сваім пакоі адна з сынам, яна ўсё яшчэ не магла супакоіцца і сярдзіта адкінула ўбок парасон і пальчаткі. Эдгар адразу заўважыў, што нервы яе напружаны да крайнасці і яна толькі шукае, на чым спагнаць гнеў; але ён прагнуў выбуху і наўмысна заставаўся ў пакоі, каб яшчэ болей раззлаваць яе. Яна прайшлася ўперад і назад, села, пабарабаніла пальцамі па стале, потым зноў ускочыла з месца.
— Які ты раскудлачаны, брудны. Пасаромеўся б людзей! Бо ты ж ужо не маленькі!
Без пярэчання хлопчык пайшоў і прычасаўся. Гэтае маўчанне са здзекліваю ўсмешкаю на вуснах прыводзіла яе ў шаленства. Яна з радасцю адлупцавала б яго.
— Ідзі ў свой пакой! — крыкнула яна, не могучы болей выносіць яго прысутнасць. Эдгар усміхнуўся і выйшаў.
Як яны абое дрыжалі цяпер перад ім, як яны, барон і мама, баяліся застацца ўтраіх, як яны баяліся ягонага ўчэпістага бязлітаснага позірку! Чым горш яны адчувалі сябе, тым большае задавальненне свяцілася ў яго вачах, тым больш адкрытаю рабілася яго радасць. Эдгар мучыў безабаронных з амаль неўсвядомленаю дзіцячаю жорсткасцю. Барон яшчэ стрымліваў свой гнеў, спадзеючыся, што яму ўдасца перахітрыць хлопчыка, і думаў толькі пра сваю мэту. Але Эдгарава маці раз-пораз траціла самавалоданне. Было палёгкаю прыкрыкнуць на яго.
— Не круці відэльцам! — накінулася яна на яго за сталом. — Ты не ўмееш паводзіць сябе, цябе нельга садзіць побач з дарослымі.
Эдгар толькі ўсміхаўся, крыху нагнуўшы галаву ўбок. Ён ведаў, што яна крычыць з роспачы, і ганарыўся, што яны ўвесь час выдаюць сябе. Яго позірк быў цяпер зусім спакойны, як позірк урача. Раней ён, мусіць, гаварыў бы дзёрзкасці, каб пазлаваць маму, але нянавісць хутка навучае шмат чаму. Цяпер ён толькі маўчаў, маўчаў і маўчаў, пакуль яна не пачынала стагнаць пад цяжарам яго маўчання.
Яна болей не магла стрымлівацца. Калі яны выйшлі з-за стала і Эдгар з той самай упартаю назойлівасцю сабраўся ісці за імі, яе раптам скаланула. Яна забылася пра асцярожнасць і кінула яму ў твар усю праўду. Не могучы трываць яго неадступнае высочванне, яна ўстала на дыбкі, як змучаны мухамі конь.