Выбрать главу

— Чаго ты ўсё бегаеш за мною, як трохгадовае дзіця? Я не хачу, каб ты ўвесь час мазоліў мне вочы. Дзецям не месца сярод дарослых. Запомні гэта! Займіся чым-небудзь хоць на гадзіну! Чытай ці рабі што хочаш. Пакінь мяне ў спакоі! Ты нервуеш мяне сваім высочваннем і агідным настроем.

Нарэшце ён вырваў у яе прызнанне! Эдгар усміхнуўся, а барон і маці адчувалі сябе збянтэжанымі. Яна адвярнулася і хацела пайсці, злуючы на сябе, што не здолела схаваць ад сына сваю прыкрасць. Але Эдгар спакойна адказаў:

— Тата не хоча, каб я заставаўся адзін. Тата ўзяў з мяне слова, што я буду ўвесь час з табою.

Ён напіраў на слова «тата», бо ўжо заўважыў, што яно ўздзейнічала на іх прыгнятальна. Значыцца, і тата неяк ублытаны ў гэтую таямніцу; мабыць, тата мае над імі нейкую тайную, незразумелую ўладу, калі яны палохаюцца аднаго яго імя. І гэтым разам яны зноў нічога не адказалі. Яны склалі зброю. Мама пайшла наперад, барон побач з ёю. Эдгар ішоў за імі, але не пакорна, як слуга, а сурова і строга, як няўмольны вартавы. Ён звінеў нябачным ланцугом, які яны беспаспяхова спрабавалі разарваць. Нянавісць загартавала яго дзіцячую сілу; ён, каму не была адкрыта тайна, быў мацней за тых, каму яна звязвала рукі.

Ілгуны

Але часу заставалася ўсё меней, усяго некалькі дзён, і трэба было спяшацца. Яны разумелі, што зламаць упартасць раздражнёнага хлопчыка немагчыма, і звярнуліся да апошняга, самага ганебнага сродку, каб хоць на адну-дзве гадзіны пазбавіцца ад яго дэспатычнага прыставання, — да ўцёкаў.

— Здай гэтыя заказныя лісты на пошту, — сказала Эдгару маці. Яны стаялі ў вестыбюлі, барон каля пад’езда наймаў фіякр.

Эдгар недаверліва ўзяў лісты; перад гэтым ён заўважыў, што адзін слуга нешта гаварыў маме. Ці не задумваюць яны, зрэшты, разам што-небудзь супраць яго?

Ён марудзіў ісці.

— Дзе ты будзеш мяне чакаць?

— Тут.

— Праўда?

— Але.

— Толькі не адыходзь нікуды! Значыцца, ты будзеш чакаць мяне тут, у вестыбюлі, пакуль я не вярнуся?

Усведамляючы сваю перавагу, ён ужо гаварыў з маці загадным тонам. Шмат што змянілася з пазаўчарашняга дня.

Ён пайшоў з лістамі на пошту. У дзвярах ён сутыкнуўся з баронам і ўпершыню за апошнія два дні загаварыў з ім:

— Я толькі здам гэтыя два лісты. Мама будзе чакаць, пакуль я не вярнуся. Калі ласка, без мяне нікуды не ідзіце.

Барон хутка прашмыгнуў міма.

— Але, але, мы пачакаем.

Эдгар памчаўся на пошту. Яму прыйшлося чакаць: пан перад ім задаваў дзесяткі нудных пытанняў. Нарэшце ён выканаў даручэнне і, заціснуўшы квітанцыі ў руцэ, стрымгалоў пабег назад. Ён паспеў у самы раз, каб пабачыць, як барон і мама ад’язджалі ад гатэля.

Эдгарам авалодала шаленства. Ён ледзь не схапіў з зямлі камень, каб шпурнуць ім услед. Уцяклі-такі ад яго, і як подла, як нізка яны манілі! Ён ужо ведаў з учарашняга дня, што мама маніць. Але тое, што яна магла так бессаромна парушыць сваё абяцанне, знішчыла ў ім апошнія рэшткі даверу да яе. Ён перастаў разумець жыццё з таго часу, калі ўбачыў, што словы, якія дагэтуль увасаблялі рэчаіснасць, лопаюцца як мыльныя пузыры. Але што гэта за страшэнная тайна, якая даводзіць дарослых да таго, што яны маняць яму, дзіцяці, і ўцякаюць, быццам зладзеі? У кніжках, якія ён чытаў, людзі забівалі і падманвалі, каб здабыць грошы, магутнасць або царствы. А тут якая прычына? Чаго яны хочуць, чаго хаваюцца ад яго, што спрабуюць утоіць і чаму ўвесь час падманваюць яго? Ён ламаў галаву над гэтаю загадкаю, цьмяна адчуваў, што іх тайна — ключ да замка яго дзяцінства; авалодаць ёю — значыцца стаць дарослым, стаць, нарэшце, мужчынам. Ах, толькі б даведацца! Але думаць ён не мог. Яго душыў гнеў, што яны выслізнулі ад яго, і думкі блыталіся, быццам ён трызніў.

Ён пабег у лес, і там, у выратавальным змроку, дзе яго ніхто не бачыў, даў волю слёзам.

— Ілгуны, сабакі, манюкі, нягоднікі!

Яму здавалася, што, калі ён не выкрыкне гэтых слоў, яны задушаць яго. Гнеў, нецярпенне, прыкрасць, цікаўнасць, бездапаможнасць і крыўда апошніх дзён, задушаныя нясталаю воляю дзіцяці, якое ўявіла сябе дарослым, вырваліся і праліліся слязьмі… Гэта былі апошнія слёзы дзяцінства, апошні раз ён плакаў наўзрыд, з асалодаю, як плачуць жанчыны. Ён выплакаў у гэты час шалёнага сневу і даверлівасць, і любоў, і прастадушнасць, і павагу — усё сваё дзяцінства.

Хлопчык, які вярнуўся ў гатэль, быў ужо не той, хто плакаў у лесе. Ён не хваляваўся і дзейнічаў абдумана. Перш за ўсё ён пайшоў да сябе ў пакой і старанна памыў твар і вочы, бо не жадаў даць ім задавальненне бачыць сляды яго слёз. Потым ён распрацаваў план, як разлічыцца з імі. Ён чакаў цярпліва, зусім спакойна.