Выбрать главу

Ён прыслухаўся, ці не ідзе хто. Лёгкі ветрык гойдаў галінкі дрэў за акном, драбніў люстра месячнага святла на сотні хісткіх асколкаў.

«Нічога добрага не можа быць у іх галаве, іначай яны не сталі б гэтак подла маніць, каб адчапіцца ад мяне. Пэўна, яны цяпер смяюцца з мяне, праклятыя, але апошні буду смяяцца я. Як недарэчна, што я дазволіў замкнуць сябе тут, даў ім волю хоць на хвілінку, замест таго каб прыліпнуць да іх і сачыць за кожным іх рухам. Я ведаю, дарослыя наогул вельмі неасцярожныя, і яны таксама выдадуць сябе. Яны заўсёды думаюць, што дзеці яшчэ зусім маленькія і ўвечары моцна спяць. Яны забываюць, што можна прыкінуцца сонным і падслухоўваць, што можна прыкінуцца дурным, а быць вельмі разумным. Нядаўна, калі ў цёткі нарадзілася дзіця, яны гэта ведалі загадзя, а пры мне прыкінуліся, што вельмі здзіўленыя. Але я таксама ведаў, бо даўно чуў іх размову, аднаго разу ўвечары, калі яны думалі, што я сплю. І цяпер я зноў злаўлю іх, нягоднікаў. О, каб мне толькі падгледзець, паназіраць за імі ў шчыліну цяпер, калі яны адчуваюць сябе ў бяспецы! Можа, мне зараз пазваніць? Прыйдзе пакаёўка, адчыніць дзверы і спытаецца, што мне трэба. А можа, закрычаць, пачаць біць посуд — тады таксама адчыняць. І я тут жа выскачу і буду падпільноўваць іх. Не, гэтак я не хачу. Ніхто не павінен бачыць, як подла яны абыходзяцца са мною. Я занадта горды для гэтага. Заўтра я ім адплачу».

Унізе пачуўся жаночы смех. Эдгар здрыгануўся: няўжо гэта мама? Чаму ж ёй не смяяцца, не здзекавацца з яго, бездапаможнага маленькага дзіцяці, якое замыкаюць у пакоі, калі яно перашкаджае, кідаюць у куток, як клунак мокрай бялізны. Ён асцярожна выглянуў у акно. Не, гэта не яна, — гэта чужыя вясёлыя дзяўчаты, якія дражнілі нейкага хлапца.

Тут, у гэты момант, ён заўважыў, як невысока ад зямлі яго акно. І адразу ж сама сабой з’явілася думка: выскачыць, застаць неспадзеўкі, высачыць іх. Ён увесь дрыжаў ад радасці. Яму здавалася, што вялікая, захапляючая тайна ўжо ў яго руках. Усё ў ім дрыжала: «Праз акно, праз акно». Баяцца няма чаго. Нікога няма пад акном. Ён скочыў. Лёгка хруснуў жвір, але гэтага ніхто не пачуў.

За апошнія два дні падкрадвацца, падслухоўваць стала для яго чымсьці прыемным. І цяпер ён адчуваў асалоду, змешаную са страхам, калі крадком, нячутнымі крокамі абыходзіў гатэль, старанна пазбягаючы палос святла, якія падалі з вокнаў. Перш за ўсё ён асцярожна прыціснуў твар да шкла і зазірнуў у сталовую. За іх сталом не было нікога. Ён працягваў шукаць, пераходзіў ад акна да акна. Зайсці ў гатэль ён не асмельваўся з-за боязі сутыкнуцца з імі ў калідоры. Іх нідзе не было відаць. Ён ужо пачаў адчайвацца, як раптам з дзвярэй працягнуліся два цені; ён адскочыў і схаваўся ў цемры — з гатэля выйшла мама са сваім нязменным спадарожнікам. Значыцца, ён прыйшоў якраз у час. Аб чым яны гавораць? Ён не мог пачуць нічога. Яны гаварылі ціха, і вецер занадта моцна шапацеў лісцем. Але вось да яго зусім выразна даляцеў мамін голас. Яна смяялася, і такога смеху ў яе ён раней не чуў: вельмі рэзкі, як ад козыту, нервовы, ён здзівіў і спалохаў яго. Але яна смяецца, значыцца, няма нічога незвычайнага, нічога страшнага ў тым, што ад яго хаваюць. Эдгар быў крыху расчараваны.

Але чаму яны выйшлі з гатэля? Куды яны ідуць цяпер, сярод ночы? Там, наверсе, вятры, мусіць, імчацца на гіганцкіх крылах, бо неба, толькі што чыстае, залітае месячным святлом, пацямнела. Чорныя пакрывалы, накінутыя нябачнымі рукамі, закрывалі часам месяц, і змрок рабіўся такім непраглядным, што не відаць было дарогі, пакуль яе зноў не асвятляла месячнае ззянне. Серабрыстае святло лілося ўсюды. Таямнічаю была гэтая гульня святла і ценю і захапляла, як гульня жанчыны, якая то адкрывае, то хавае сваю галізну. У тую хвіліну, калі ландшафт скінуў з сябе покрыва, Эдгар убачыў два цені, якія аддаляліся, дакладней, адзін сілуэт — яны так цесна прыціскаліся адно да аднаго, быццам абаіх ахапіў тайны страх. Але куды ж яны ідуць? Хвоі стагналі, нейкае замяшанне панавала ў лесе, нібы па ім імчаўся шалёны карагод паляўнічых. «Я пайду за імі, — падумаў Эдгар, — яны не пачуюць маіх крокаў з-за шуму ветру і лесу». І пакуль яны ішлі ўнізе, па шырокай светлай дарозе, ён нячутна прабіраўся вышэй, праз гушчар, ад дрэва да дрэва, ад ценю да ценю. Ён ішоў за імі ўпарта і няўмольна, дзякаваў ветру за тое, што ён рабіў нячутнымі яго крокі, і праклінаў яго за тое, што ён адносіў словы, якімі абменьваліся тыя двое. Толькі б хоць раз пачуць, пра што яны гавораць, і ён, канечне, даведаўся б пра іх тайну.

А яны ішлі па дарозе і нічога не падазравалі. Ім было хораша ў раздоллі шумнай ночы, і яны бесклапотна аддаваліся хваляванню, якое ўсё расло і расло. Яны і не здагадваліся нават, што ў змроку лесу хтосьці зверху сочыць за кожным іх крокам і пара вачэй прыкавана да іх з усёю сілаю нянавісці і цікаўнасці.