Выбрать главу

Раптам яны спыніліся. Спыніўся і Эдгар, шчыльна прыціснуўшыся да дрэва. Ім авалодаў панічны страх. Што, калі яны павернуць назад і раней за яго прыйдуць у гатэль, што, калі ён не паспее схавацца ў сваім пакоі і мама знойдзе яго пустым? Тады ўсё прапала, яны даведаюцца, што ён за імі сачыў, і ўжо не застанецца ніякай надзеі вырваць у іх тайну. Але яны марудзілі, відаць, аб чымсьці спрачаліся. На шчасце, выбліснуў месяц, і яму было ўсё добра відаць. Барон паказваў на цёмную вузкую сцяжынку, якая вяла ў даліну, дзе месячнае святло не разлівалася, як тут, на дарозе, шырокім патокам, а толькі кроплямі і рэдкімі промнямі прабівалася праз гушчар. «Навошта яму туды?» — здзівіўся Эдгар. Мама, відаць, адмаўлялася, а ён угаворваў яе. Эдгар зразумеў па яго жэстах, што ён вельмі настойвае. Хлопчык спалохаўся. Чаго гэты чалавек хоча ад мамы? Навошта гэты нягоднік заманьвае яе ў цёмны лес? З кніжак, якія замянялі яму рэчаіснасць, перад ім паўсталі малюнкі забойстваў, выкраданняў, самых цяжкіх злачынстваў. Ён, канечне, хоча яе забіць і для гэтага пазбавіўся ад яго і завабіў яе сюды адну. Паклікаць на дапамогу? Забойца! Крык ужо быў гатовы вырвацца з горла, але губы перасохлі, і ён не мог выдавіць з сябе ніводнага гуку. Нервы былі перанапружаны ад хвалявання, ён ледзь трымаўся на нагах і пачаў сутаргава шукаць апоры — і тут пад яго рукамі хруснула галінка.

Яны павярнуліся назад і спалохана ўтаропіліся ў змрок. Эдгар стаяў ціха, прыціснуўшы рукі да цела, і яго маленькая фігурка глыбока схавалася ў цені дрэва. Зноў усталявалася мёртвая цішыня, але яны, здавалася, устрывожыліся. «Вернемся», — пачуў ён мамін голас, ён гучаў спалохана. Барон, відаць, сам занепакоены, згадзіўся. Яны павольна пайшлі назад, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго. Іх збянтэжанасць выратавала Эдгара. Ён папоўз паміж дрэвамі, абдзіраючы рукі да крыві, дабраўся да павароткі і кінуўся бегчы з усіх сіл, што аж дух заняло. Дабегшы да гатэля, ён некалькімі скачкамі апынуўся наверсе. Ключ, якім яго замкнулі ў пакоі, тырчаў, на шчасце, звонку, ён павярнуў яго, адчыніў дзверы і кінуўся на ложак. Некалькі хвілін яму трэба было, каб перавесці дыханне; сэрца шалёна стукала ў грудзях, нібы сэрца звона, які моцна гойдаўся.

Потым ён адважыўся ўстаць, падышоў да акна і пачаў чакаць, пакуль яны вернуцца. Чакаць прыйшлося доўга. Яны, мусіць, ішлі вельмі, вельмі павольна. Ён асцярожна выглянуў з зацемненага акна. Вось яны павольна набліжаюцца, іх адзенне заліта месячным святлом. У гэтым зеленаватым святле яны выглядаюць як здані; хлопчыка ахоплівае салодкая жуда: можа, гэта сапраўды забойца, і тады — якую страшэнную небяспеку ён адхіліў. Ясна відаць іх белыя, як крэйда, твары. На маміным твары незнаёмы яму выраз захаплення, барон, наадварот, сярдзіты і злосны. Відаць, таму, што яго намер не здзейсніўся.

Яны падышлі ўжо зусім блізка. Толькі каля самага гатэля іх постаці раздзяліліся. Ці паглядзяць яны ўгору? Не, ніхто не паглядзеў. «Вы пра мяне забыліся, — падумаў хлопчык з горкаю крыўдаю і з тайнаю радасцю, — але я пра вас не забыўся. Вы думаеце, што я сплю ці што мяне няма на свеце, але вы пераканаецеся ў сваёй памылцы. Я буду сачыць за кожным вашым крокам, пакуль не вырву ў гэтага нягодніка тайну, жахлівую тайну, якая не дае мне спаць. Я разарву ваш саюз. Я не сплю».

Павольна набліжаліся яны да дзвярэй. І калі яны ішлі вось так, адно за адным, іх сілуэты на імгненне зноў зліліся — адзін чорны цень слізгануў у асветленыя дзверы. Потым пляцоўка перад гатэлем зноў забялела ў месячным святле, як вялікі луг, пакрыты снегам.

Напад

Эдгар, цяжка дыхаючы, адышоў ад акна. Ён дрыжаў як у ліхаманцы. Ні разу ў жыцці не быў ён гэтак блізка да таямнічай прыгоды. Хвалюючы свет нечаканых і бурных падзей, свет забойстваў і здрад, знаёмы яму з кніжак, заўсёды заставаўся яму казачным светам, у блізкім суседстве са светам мараў, — чымсьці неіснуючым і недасягальным. Цяпер жа ён, мабыць, апынуўся ў страшным свеце, і гэтая думка ўзрушыла яго да глыбіні душы. Хто такі таямнічы незнаёмы, які раптоўна ўварваўся ў іх спакойнае жыццё? Ці сапраўды ён забойца? Ён жа ўсё імкнуўся адасобіцца і стараўся заманіць маму ў цёмнае месца. Страшная небяспека пагражала ім. Што ж яму рабіць? Заўтра ён абавязкова напіша тату або пашле тэлеграму. Але ці не здарыцца жахлівае, страшнае, загадкавае цяпер, а не заўтра? Бо мамы ўсё яшчэ няма ў пакоі, яна ўсё яшчэ з гэтым ненавісным чужым чалавекам.

Паміж унутранымі і лёгкімі знадворнымі дзвярамі быў вузкі прамежак, не шырэй за адзежную шафу. Уціснуўшыся ў гэты цёмны закутак, хлопчык прыслухоўваўся да крокаў у калідоры. Ён вырашыў ні на хвіліну не пакідаць маму адну.