Выбрать главу

Калідор апоўначы быў пустэльны, яго цьмяна асвятляла адна лямпачка.

Нарэшце — хвіліны цягнуліся бясконца — ён пачуў асцярожныя крокі. Ён напружана прыслухоўваўся. Гэта былі не хуткія, цвёрдыя крокі чалавека, які накіроўваўся да сябе ў пакой, а павольныя, нерашучыя, быццам хтосьці з неверагоднымі намаганнямі пераадольваў круты пад’ём. Час ад часу крокі заміралі і быў чуваць шэпт. Эдгар дрыжаў ад хвалявання. Можа, гэта яны? Няўжо яна ўсё яшчэ з ім? Шэпт быў занадта далёка. Але крокі, хоць і павольна, набліжаліся. І раптам ён пазнаў ненавісны баронаў голас, які ціха і хрыпла нешта сказаў — Эдгар не разабраў слоў, — і тут жа ў адказ спалоханы, нязгодны мамін голас:

— Не, не! Не сёння! Не!

Эдгар задрыжаў; яны набліжаліся, ён зараз усё пачуе. Кожны ледзь чутны крок у яго бок адзываўся болем у грудзях. І гэты голас — якім гнюсным здаваўся ён яму, гэты прагна пажадлівы, агідны голас ненавіснага ворага!

— Не будзьце такою жорсткаю. Вы былі такая цудоўная сёння ўвечары.

І зноў мамін голас:

— Не, гэтага нельга, я не магу, пакіньце мяне.

У яе голасе было столькі трывогі, што хлопчык палохаецца. Чаго ён хоча ад яе? Чаго яна баіцца? Яны ўжо зусім блізка, цяпер, мусіць, ужо побач з яго дзвярамі. Ён стаіць зусім недалёка ад іх, нябачны, увесь дрыжыць, на адлегласці якой далоні ад іх, аддзелены толькі тонкаю перагародкаю дзвярэй. Шэпт іх гучыць над самым вухам.

— Хадземце, Матыльда, хадземце! — І зноў мамін стогн, але ўжо цішэй — стогн зламанага супраціўлення.

Але што гэта такое? Яны ідуць далей! Мама прайшла ў цемры міма свайго пакоя! Куды ён яе цягне? Чаму яна болей нічога не гаворыць? Ці не заткнуў ён ёй рот? Можа, ён яе душыць?

Гэтая думка прыводзіць яго ў шаленства. Дрыготкаю рукою ён прачыняе дзверы. Цяпер ён бачыць абаіх у паўцёмным калідоры. Барон абняў маму за стан і ціха вядзе яе з сабою; яна, здаецца, болей не супраціўляецца. Вось ён спыняецца каля свайго пакоя. «Ён хоча зацягнуць яе туды, — спалохана думае хлопчык, — зараз здарыцца самае жахлівае».

Адным штуршком ён адчыняе дзверы, потым зачыняе іх за сабою і бяжыць па калідоры за імі. Убачыўшы, што нехта імчыцца на яе з цемры, маці ўскрыквае і ледзь не траціць прытомнасць, барон падхоплівае яе. Але ў тую ж хвіліну ён адчувае на губах удар маленькага, слабага кулачка, і нейкая істота, нібы ашалелая кошка, учэпліваецца ў яго. Ён выпускае з абдымкаў спалоханую жанчыну, яна хуценька ўцякае, і барон, яшчэ не ведаючы, з кім ён б’ецца, адказвае ўдарам на ўдар.

Хлопчык ведае, што ён слабейшы за барона, але не паддаецца. Нарэшце настаў доўгачаканы час расплаты за здраду, нарэшце ён можа выліць назапашаную нянавісць. Сцяўшы зубы, не помнячы сябе, ён ашалела б’е кулакамі куды папала. Цяпер і барон пазнаў Эдгара, і ў ім кіпіць нянавісць да гэтага тайнага шпіёна, які атруціў яму апошнія дні і сапсаваў гульню; ён бязлітасна адказвае на ўдары, не глядзіць, куды б’е. Эдгар ускрыквае, але не здаецца і не кліча на дапамогу. Нейкі час яны злосна і моўчкі б’юцца ў цемры калідора. Нарэшце да барона даходзіць уся недарэчнасць яго бойкі з хлопчыкам; ён хапае яго за плячо, каб адкінуць ад сябе, але Эдгар адчувае, што сіла яго канчаецца, ведае, што яго вось-вось адолеюць і адлупцуюць, і раз’юшана ўпіваецца зубамі ў моцную, цвёрдую руку, якая хоча схапіць яго за каўнер. Барон міжволі ўскрыквае і выпускае хлопчыка — у тое ж імгненне Эдгар кідаецца ў свой пакой і зачыняе дзверы на засаўку.

Усяго хвіліну цягнулася гэтая паўночная бойка. Ніхто яе не заўважыў. Усё ціха, усё ў глыбокім сне. Барон выцірае акрываўленую руку насоўкаю і трывожна глядзіць у цемру. Не, ніхто не чуў. Толькі наверсе — як быццам здзекуецца — мігціць апошні няпэўны агеньчык.

Навальніца

«Што гэта было — сон? Дурны, страшны сон?» — пытаўся ў сябе назаўтра Эдгар, калі прачнуўся ўвесь спацелы ад начных кашмараў. Рукі і ногі занямелі, у скронях глуха стукала. Ён паглядзеў на сябе і з жахам заўважыў, што спаў адзеты. Ён ускочыў, падыбаў да люстра і адхіснуўся, калі ўбачыў свой бледны, перакрыўлены твар з чырвоным сіняком на напухлым ілбе. Ён сабраўся з думкамі і са страхам успомніў начную бойку ў калідоры, успомніў, як, увесь дрыжучы, уляцеў у свой пакой і кінуўся адзеты на ложак, гатовы ў любы момант уцячы. Тут ён, мусіць, заснуў — забыўся цяжкім, трывожным сном і яшчэ раз перажыў усё, але іначай, яшчэ страшней, удыхаючы вільготны пах свежых струменяў крыві.