Унізе пачуўся хруст жвіру пад нагамі; галасы ўзляталі быццам нябачныя птушкі, сонца заглядвала глыбока ў пакой. Мусіць, была ўжо позняя раніца, але, паглядзеўшы на гадзіннік, ён заўважыў, што стрэлка паказвае поўнач. Учора ён забыўся яго завесці, і ад гэтай неакрэсленасці, ад адчування, што ён павіс дзесьці па-за часам, яго ахапіла трывога, якую яшчэ болей узмацніла невядомасць; ён не ведаў, што, зрэшты, здарылася. Ён паспешна прывёў сябе ў парадак і спусціўся ўніз з няясным адчуваннем віны і непакою ў душы.
У сталовай, на звычайным месцы, мама сядзела адна. Эдгар уздыхнуў з палёгкаю, убачыўшы, што яго ворага няма, што яму не прыйдзецца глядзець у гэты ненавісны твар, па якім ён учора біў кулаком. І ўсё ж ён крыху няўпэўнена падышоў да стала.
— Добрай раніцы, — прывітаўся ён.
Мама не адказала. Яна нават не паглядзела на яго; яе позірк з нейкаю дзіўнаю ўпартасцю быў скіраваны на акно. Яна была вельмі бледная, пад вачамі ляглі прыкметныя цені, ноздры часта ўздрыгвалі, як заўсёды, калі яна нервавалася. Эдгар кусаў губы. Гэтае маўчанне бянтэжыла яго. Можа, ён моцна параніў барона? А ці ведае яна наогул аб начной сутычцы? Невядомасць мучыла яго. Але яе твар быў такі нерухомы, што ён нават не асмельваўся глядзець на яго ад страху, што апушчаныя цяпер вочы раптам падымуцца і ўтаропяцца ў яго. Ён сядзеў вельмі ціха, стараўся не рабіць ніякага шуму. Асцярожна падымаў кубак і ставіў яго на сподак, крадком касавурыўся на маміны пальцы, якія нервова гулялі з лыжачкай; іх неспакойныя рухі выдавалі стрыманы гнеў. Гэтак ён прасядзеў чвэрць гадзіны ў пакутлівым чаканні чагосьці. Але нічога не здарылася. Мама не сказала ніводнага слова. І цяпер, калі яна ўстала з месца, усё яшчэ не звяртаючы ўвагі на яго прысутнасць, ён не ведаў, што яму рабіць — заставацца за сталом або ісці за ёю. Нарэшце ён устаў і пакорна падаўся за мамаю, якая па-ранейшаму не звяртала на яго ўвагі; адчуваючы, што смешна плесціся ўслед, ён запаволіў крокі і пакрысе адстаў. Не зірнуўшы на яго, яна пайшла ў свой пакой. Калі Эдгар падняўся наверх, яе дзверы былі замкнёны.
Што здарылася? Ён нічога не разумеў. Учарашняя ўпэўненасць пакінула яго. Можа, ён зрабіў памылку ўчора, калі напаў на барона? І што яны яму цяпер рыхтуюць: кару ці новае ўніжэнне? Штосьці неўзабаве павінна здарыцца — штосьці жахлівае, немінучае. Паміж імі ён адчуваў напружанасць пераднавальнічнага цяжару, двух электрычных полюсаў, якая не магла не разрадзіцца маланкаю. І гэты цяжар прадчуванняў ён цягнуў з сабою да самага абеду, на працягу чатырох адзінокіх гадзін, блукаючы з пакоя ў пакой, пакуль яго вузкія дзіцячыя плечы не сагнуліся пад нябачным грузам; за стол ён сеў, ужо гатовы пакарыцца.
— Добры дзень, — зноў сказаў ён, каб разарваць маўчанне, якое навісла над ім чорнаю хмараю.
Адказу зноў не было; мама зноў глядзела міма. І з новым страхам Эдгар убачыў сябе твар у твар з абдуманаю, сканцэнтраванаю злосцю, якой ён яшчэ не ведаў у сваім жыцці. Дагэтуль выбухі гневу ў мамы выклікала галоўным чынам нервовае раздражненне, і яны хутка канчаліся спагадліваю ўсмешкаю. Але на гэты раз ён, відаць, узбудзіў шалёны гнеў, які вырваўся з патаемных глыбінь яе істоты, і ён сам спалохаўся гэтай неасцярожнай сілы. Ён ледзь дакрануўся да ежы. Камяк стаяў у горле, пагражаў задушыць яго. Але мама як бы нічога не заўважала. Толькі ўстаючы з-за стала, яна павярнулася як бы выпадкова да яго і сказала:
— Прыходзь наверх, Эдгар, мне трэба з табою пагаварыць.
Гэтыя словы не прагучалі пагрозліва, але ў іх было столькі ледзянога холаду, што Эдгара кінула ў дрыжыкі, быццам яму надзелі на шыю жалезны ланцуг. Яго супраціўленне было зламана. Моўчкі, як пабіты сабака, пайшоў ён за маці наверх.
Яна прадоўжыла яго пакуты, памаўчаўшы яшчэ некалькі хвілін. Гэта былі хвіліны, калі ён чуў бой гадзінніка, дзіцячы смех на дварэ і гучны стук свайго сэрца. Але і яна, відаць, не была ўпэўнена ў сабе, бо загаварыла, не гледзячы на яго, павярнуўшыся да яго спінаю.
— Я не буду гаварыць пра твае ўчарашнія паводзіны. Гэта было нечувана, і мне сорамна ўспамінаць іх. За вынікі наракай на самога сябе. Толькі я табе скажу — апошні раз ты быў адзін сярод дарослых. Я толькі што напісала твайму тату, што табе трэба выхавацель або цябе трэба аддаць у пансіён, каб ты навучыўся прыстойна паводзіць сябе. Я болей не хачу пакутаваць з табою.
Эдгар стаяў, апусціўшы галаву. Ён адчуваў, што гэта толькі ўводзіны, і з трывогаю чакаў самага галоўнага.
— А зараз ты папросіш прабачэння ў барона.
Эдгар страпянуўся, але яна не дазволіла яму перабіць сябе.
— Барон сёння паехаў, і ты напішаш яму ліст, які я табе прадыктую.