Эдгар хацеў запярэчыць, але маці была няўмольная.
— Ніякіх пярэчанняў. Вось папера і пяро. Садзіся.
Эдгар падняў вочы. Яе позірк выдаваў непахісную рашучасць. Такою ён яшчэ ніколі не бачыў мамы — такою суроваю і спакойнаю. Яму стала страшна. Ён сеў, узяў пяро і нізка схіліў галаву над сталом.
— Наверсе дату. Напісаў? Перад зваротам прапусці радок. Вось так. Глыбокапаважаны барон! Клічнік. Зноў прапусці радок. Я толькі што з жалем даведаўся, — напісаў? — з жалем даведаўся, што вы ўжо пакінулі Зэмерынг. — Зэмерынг з адным «м», — і я мушу зрабіць у пісьмовай форме тое, што хацеў зрабіць асабіста, а іменна, — пішы хутчэй, каліграфіі тут не трэба! — папрасіць прабачэння за свае ўчарашнія паводзіны. Як вы, мусіць, ведаеце з маміных слоў, я яшчэ не паправіўся пасля цяжкай хваробы і вельмі раздражняльны. Шмат што ўяўляецца мне ў перабольшаным выглядзе, і я праз хвіліну раскайваюся ў тым, што…
Сагнутая над сталом спіна выпрамілася. Эдгар насупіўся: упартасць вярнулася да яго.
— Гэтага я не напішу, гэта няпраўда!
— Эдгар!
У яе голасе чуваць была пагроза.
— Гэта няпраўда. Я нічога не зрабіў, у чым павінен раскайвацца. Я не зрабіў нічога дрэннага, і мне няма за што прасіць прабачэння. Я толькі пабег да цябе, калі ты паклікала на дапамогу.
Яе губы пабялелі, ноздры задрыжалі.
— Я клікала на дапамогу? Ты з глузду з’ехаў!
Эдгар раззлаваўся. Ён парывіста ўскочыў.
— Так, ты клікала на дапамогу, там, у калідоры, учора ноччу, калі ён цябе схапіў. Ты крыкнула. «Пакіньце, пакіньце мяне!» І так гучна, што я пачуў гэта ў сябе ў пакоі.
— Ты маніш, я не была ніколі з баронам тут, у калідоры. Ён мяне праводзіў толькі да лесвіцы…
У Эдгара сэрца замерла ад гэтай бессаромнай хлусні. Шырока адкрытымі, ашклянелымі вачамі глядзеў ён на маці.
— Ты… — сказаў ён зрывістым голасам, — не была… у калідоры? І ён… ён не схапіў цябе? Не трымаў сілаю?
Яна засмяялася сухім, халодным смехам.
— Табе прыснілася.
Гэта было ўжо занадта для Эдгара. Праўда, ён ведаў цяпер, што дарослыя хлусяць, што яны спрытна ўжываюць дробязнае ашуканства, празрысты падман і хітрыя двухсэнсоўнасці, але гэтае нахабнае, абыякавае адпіранне з вока на вока прыводзіла яго ў шаленства.
— А гуз на лбе мне таксама прысніўся?
— Адкуль я ведаю, з кім ты пабіўся? Але я не збіраюся з табою спрачацца. Ты павінен слухацца, і ўсё. Садзіся і пішы!
Яна была вельмі бледная і напружвала апошнія сілы, каб захаваць самавалоданне.
Але ў Эдгара быццам штосьці абарвалася, згасла апошняя іскра веры. Да яго ніяк не даходзіла, што можна вось так проста растаптаць нагамі праўду, нібы запаленую сярнічку. Сэрца сціснула нечым халодным, і словы вырваліся з’едлівыя, злосныя, здзеклівыя:
— Вось як? Усё гэта мне прыснілася? Усё, што было ў калідоры, і гэты гуз? І што вы ўчора гулялі ў месячным святле і што ён хацеў павесці цябе па цёмнай сцяжынцы — і гэта таксама прыснілася? Ты думаеш, мяне можна замкнуць у пакоі, як маленькага? Не, я не такі дурны, як вы думаеце. Я ведаю, што ведаю.
Ён дзёрзка глядзеў ёй у вочы; бачыць перад сабою гэтак блізка твар свайго сына, перакрыўлены нянавісцю, было звыш яе сілы. Ужо не валодаючы сабою, яна крыкнула:
— Марш! Пішы зараз жа! Або…
— Або што?.. — з выклікам спытаўся ён.
— Або я адлупцую цябе, як маленькае дзіця!
Эдгар, насмешліва ўсміхаючыся, зрабіў крок ёй насустрач. І тут жа адчуў, што яго ўдарылі па твары. Эдгар ускрыкнуў. І, як тапелец, які сутаргава б’е рукамі, ён, нічога не ўсведамляючы, акрамя глухога шуму ў вушах і чырвоных кругоў перад вачыма, кінуўся на яе з кулакамі. Ён адчуў, што б’е ў нешта мяккае, вось цяпер у яе твар, пачуў крык…
Гэты крык вярнуў яму прытомнасць. Ён раптам убачыў самога сябе і зразумеў усю жахлівасць свайго ўчынку: ён біў маму! Страх авалодаў ім, і сорам, і жах, нястрымнае жаданне ўцячы, знікнуць, праваліцца скрозь зямлю, куды-небудзь збегчы, толькі б не сустракацца з ёю позіркам. Ён кінуўся да дзвярэй, прамчаўся па лесвіцы, выскачыў на вуліцу — куды-небудзь прэч, прэч адсюль, як быццам за ім гналася цэлая зграя сабак.
Першы ўрок
Ён спыніўся толькі на значнай адлегласці на дарозе ўнізе. Ён мусіў ухапіцца за дрэва, так моцна дрыжалі калені ад стаху і хвалявання, так хрыпла вырывалася дыханне з навярэджаных грудзей. Жах ад зробленага, які неадступна імчаўся за ім, цяпер трымаў яго за горла, калаціў як у ліхаманцы. Што рабіць? Куды ўцякаць? Ужо тут пасярод гэтага ляска, недалёка ад гатэля, усяго за якіх пятнаццаць хвілін хады ад яго, яго ахапіла пачуццё адзіноты. Усё здавалася інакшым — варожым і непрыязным, з таго часу як ён застаўся адзін і яму ніхто не мог дапамагчы. Дрэвы, якія яшчэ ўчора па-братняму шумелі навокал, цяпер тоўпіліся змрочна і злавесна. А тое, што чакае яго, будзе куды болей страшным і незразумелым. Галава кружылася ў хлопчыка ад думкі, што ён адзін у вялізным, невядомым свеце. Не, гэтага яму яшчэ не вытрываць аднаму. Але да каго яму ўцякаць? Таты ён баяўся; той быў запальчывы, недаступны і адразу ж адправіць яго назад. Але назад ён не хоча, лепей кінуцца ў чужы свет, небяспечны і невядомы: яму здавалася, што ён ніколі болей не адважыцца паглядзець у мамін твар, па якім ударыў кулаком.