Выбрать главу

Трывожны змрок

Але калі цягнік спыніўся ў Бадэне і Эдгар застаўся адзін на пероне, дзе ўжо гарэлі ліхтары і мігацелі ўдалечыні зялёныя і чырвоныя сігнальныя агні, ён раптам пачаў баяцца стракатых фарбаў блізкае ночы. Удзень ён яшчэ адчуваў сябе ўпэўнена, бо навокал былі людзі, можна было адпачыць, сесці на лаўку або пастаяць перад вітрынай крамы. Але як вытрываць, калі людзі пахаваюцца па дамах, дзе кожнага чакае ложак, мірная гутарка і потым спакойная ноч, а ён, адчуваючы сваю віну, павінен блукаць адзін, чужы для ўсіх? О, толькі б мець дах над галавою, не заставацца болей ніводнай хвіліны пад чужым адкрытым небам — гэта было яго адзінае яснае жаданне.

Ён хутка ступаў па добра знаёмай дарозе, не гледзячы па баках, пакуль не падышоў да вілы, дзе жыла бабуля. Віла выходзіла на шырокую прыгожую вуліцу, але была схавана ад позіркаў прахожых абвітай хмелем і плюшчом высокай агароджай саду; за гэтай зялёнай сцяной ярка бялеў прыветлівы старасвецкі дом. Эдгар, як чужы, паглядзеў на яго праз закратаваныя вароты. У доме было ціха, вокны зачынены; відаць, усе — і гаспадары, і госці — пайшлі ў глыбіню саду. Ён ужо ўзяўся за халодную клямку, але раптам — дзіўная рэч — застыў на месцы: тое, што дзве гадзіны таму назад уяўлялася яму такім лёгкім і натуральным, цяпер здалося немагчымым. Як увайсці, як прывітацца, вытрываць усе пытанні і адказваць на іх? Як вынесці іх позіркі, калі ён скажа, што тайком уцёк ад мамы? І як растлумачыць свой жахлівы ўчынак, калі ён сам цяпер не разумее яго? У доме раптам з шумам хтосьці адчыніў дзверы; ім авалодаў неадольны страх, што хто-небудзь выйдзе і ўбачыць яго, і ён кінуўся бегчы, сам не ведаючы куды.

Каля парку ён спыніўся — там было цёмна і, відаць, бязлюдна. Можа, яму там пасядзець на лаўцы і нарэшце, нарэшце адпачыць, супакоіцца і падумаць пра свой лёс? Нясмела ўвайшоў ён у парк. Каля ўвахода гарэла некалькі ліхтароў, у іх святле яшчэ рэдкае маладое лісце адлівала вільготным зеленаватым бляскам, ад якога яму было не па сабе; у глыбіні парку яму прыйшлося спусціцца з узгорка, і ўсё навокал было суцэльнай, душнай, чорнай масай, якая танула ў трывожным змроку ранняй вясенняй ночы. Эдгар баязліва прашмыгнуў міма некалькіх чалавек, якія размаўлялі або чыталі, седзячы пад ліхтарамі. Яму хацелася пабыць аднаму. Але і там, у густым цяні неасветленых прысадаў, ён не знайшоў спакою. Усё было насычана таямнічым шамаценнем і шэптам, ціхім шумам лісця ад подыху ветру, шоргатам далёкіх крокаў, прыглушанай гаворкай, нейкім пажадлівым, млявым, спалоханым стогнам-буркаваннем не то ад людзей, не то ад жывёл, не то ад самой трывожна-соннай прыроды. Тут усё дыхала небяспечнай загадкавай трывогай, якая прытаілася і схавалася, быццам у гэтым лесе пад зямлёю ішло нябачнае браджэнне; можа, прычынай таму была ўсяго толькі вясна, але адзінокі, бездапаможны хлопчык адчуваў страх.