Ён увесь сціснуўся ў куточку лаўкі ў гэтым бяздонным змроку і спрабаваў прыдумаць, што яму расказаць дома. Але думкі выслізгвалі раней, чым удавалася іх злавіць; супраць волі ён усё прыслухоўваўся і прыслухоўваўся да прыглушаных гукаў, да таямнічых начных галасоў. Які жахлівы быў гэты змрок, які трывожны і ўсё ж які загадкава прыгожы! Ці людзі, ці жывёлы, ці толькі прывідная рука ветру ўплятае ў ноч гэты незразумелы шоргат, гэты вабны гул? Ён напружыў слых. Так, вецер варушыць лісце, але ён бачыць цяпер выразна і людзей, яны ідуць са светлага горада, ідуць парамі, абняўшыся, і загадкава знікаюць у змроку. Навошта яны прыйшлі сюды? Ён не мог зразумець гэтага. Яны не размаўлялі, ён не чуў іх голасу, толькі жвір хрусцеў пад нагамі; часам у прасвеце паміж дрэвамі мільгануць два цені, моцна прыціснутыя адзін да аднаго, як у той вечар мама з баронам. Гэтая таямніца, вялікая, ззяючая, наканаваная таямніца была і тут. Вось зноў набліжаюцца крокі, а потым гучыць ціхі смех. Эдгар спалохаўся — як бы яны не заўважылі яго, і яшчэ глыбей схаваўся ў цемры. Але тыя двое, выходзячы з непрагляднага змроку, не бачаць яго. Вось яны, абняўшыся, праходзяць міма, і Эдгар з палёгкаю ўздыхае, але тут іх крокі заміраюць, якраз каля яго лаўкі. Яны прыціснуліся тварам адно да аднаго. Эдгару дрэнна відаць, ён толькі чуе стогн, які вырываецца з вуснаў жанчыны, і гарачы, бязладны шэпт мужчыны. Нейкае салодкае прадчуванне пранізвае спалоханага хлопчыка. Гэтак яны стаяць з хвіліну, потым зноў хрусціць жвір пад нагамі, і паступова хруст растае і замірае ўдалечыні.
Эдгар здрыгануўся, кроў хутчэй і гарачэй пабегла па жылах. І раптам ён адчуў, што не можа болей зносіць адзіноты ў гэтым трывожным змроку; з неадольнаю сілаю ім авалодала цяга да сяброўскага голасу, цёплай ласкі, да светлага пакоя, да людзей, якіх ён любіў. Яму здавалася, што ўся трывожная цемра гэтай заблытанай ночы пранікла ў яго і раздзірае яму грудзі.
Ён ускочыў на ногі. Дадому, дадому, толькі б быць дома, у цёплым, светлым пакоі, сярод знаёмых людзей. Зрэшты, што з ім зробяць? Ну, адлупцуюць, аблаюць — нічога яму болей не страшна пасля таго, як ён спазнаў гэты змрок і страх адзіноты.
Ён імчаўся, не адчуваючы пад сабою ног, і вось ён ужо зноў каля вілы, зноў рука яго ўзялася за халодную клямку. Ён бачыў праз зялёны гушчар асветленыя цяпер вокны. Угадваў за кожнаю асветленаю аконнаю шыбаю знаёмы пакой і родных яму людзей. Адна гэтая блізкасць, адна гэтая першая супакойлівая думка, што зараз ён убачыць людзей, якія любяць яго, была ўжо шчасцем. І калі ён яшчэ марудзіў, то толькі таму, што хацеў прадоўжыць радаснае прадчуванне.
Раптам за яго спінаю пачуўся спалоханы, пранізлівы крык:
— Эдгар! Дык вось жа ён!
Бабуліна пакаёўка заўважыла яго раней; яна адразу кінулася да яго і схапіла за руку. Дзверы ў доме адчыніліся, сабака з брэхам скочыў на яго, потым з дому з ліхтарамі выйшлі людзі. Ён пачуў спалоханыя і шчаслівыя галасы, радасную мітусню крыкаў і тупат ног, убачыў, як набліжаюцца знаёмыя постаці. Паперадзе ішла бабуля, працягваючы да яго рукі, а за ёю — ці не сон гэта? — мама. Са слязамі на вачах, дрыжачы, спужаны, стаяў ён сярод гэтага бурнага выбуху ласкі, не ведаў, што рабіць, што сказаць, і сам не разумеў, якое пачуццё валодае ім — страх або шчасце.
Апошні сон
Вось як яно было. Яго ўжо даўно шукалі і чакалі тут. Маці, нягледзячы на ўвесь яе гнеў, устрывожылі шалёныя ўцёкі ўсхваляванага хлопчыка, і яна падняла на ногі ўвесь Зэмерынг. Усе моцна занепакоіліся, узнікалі розныя здагадкі, адна страшней за другую, але тут адзін мужчына ўспомніў, што бачыў хлопчыка каля трох гадзін паблізу станцыйнай касы. Касір адразу сказаў, што Эдгар узяў білет да Бадэна, і маці неадкладна выехала ўслед за ім, спачатку адправіўшы тэлеграмы ў Бадэн і мужу ў Вену, якія выклікалі там немалую трывогу. І вось ужо цэлыя дзве гадзіны, як ішла пагоня за ўцекачом.
Цяпер яго трымалі надзейна, але сіла тут была непатрэбна. З затоеным трыумфам яго ўвялі ў пакой, але, як ні дзіўна, Эдгара не засмуціў паток выказаных яму папрокаў, бо ў скіраваных на яго вачах свяціліся любоў і радасць. Да таго ж гэты прытворны гнеў трываў нядоўга. Потым бабуля зноў са слязамі абдымала яго, ніхто болей не загаворваў аб уцёках, яго акружылі ўвагаю і клопатам. Пакаёўка зняла з яго куртачку і прынесла другую, цяплейшую, бабуля пыталася, ці не галодны ён, ці мо яму яшчэ чаго хочацца; усе навыперадкі дагаджалі Эдгару, а калі заўважылі, што гэта бянтэжыць хлопчыка, пакінулі яго ў спакоі. З асалодаю адчуваў ён сябе зноў дзіцём; ён адрокся быў ад гэтага пачуцця і моцна сумаваў па ім і вось цяпер сарамліва ўспамінаў свой дзёрзкі намер апошніх дзён — прамяняць усе прывілеі дзяцінства на падманлівую радасць адзіноты.