Выбрать главу

Было прыемна і радасна ляжаць у цемры і аддавацца думкам, якія ўжо зліваліся са сном; яшчэ хвіліна — і ён бы заснуў. Але тут яму здалося, што адчыніліся дзверы і нехта ціхенька ўвайшоў у пакой. Спачатку ён не паверыў сабе і не падняў пацяжэлых ад дрымоты павекаў. Але вось чыёсьці цёплае дыханне дакранулася да яго твару, і ён зразумеў, што гэта мама. Яна цалавала яго і ласкава гладзіла па галаве. Ён адчуваў яе пацалункі і яе слёзы; адказваючы на ласку, ён прымаў яе як знак прымірэння і ўдзячнасці за яго маўчанне. Толькі пазней, праз шмат гадоў, ён зразумеў, што гэтыя нямыя слёзы былі абяцаннем жанчыны на парозе старасці належаць толькі яму, свайму дзіцяці, зразумеў, што гэта была адмова ад сябелюбівых жаданняў, развітанне з надзеяй на палкае пачуццё. Ён не ведаў, што яна яму ўдзячна і за тое, што ён выратаваў яе ад непатрэбнай ёй цяпер прыгоды, і што, абдымаючы яго, яна завяшчала яму на ўсё будучае жыццё горкі і салодкі цяжар свае любові. Усяго гэтага хлопчык не разумеў тады, але ён адчуваў, што няма большага шчасця, чым быць любімым, і што мамінаю любоўю ён ужо далучыўся да вялікай тайны на свеце.

Калі яна адняла руку, яшчэ раз пацалавала яго і ціха выйшла, на вуснах у хлопчыка засталося адчуванне яе цёплага дыхання. І сэрца соладка заныла ад жадання яшчэ шмат разоў прыціскацца да мяккіх вуснаў і адчуваць ласку яе абдымкаў, але гэтае прарочае прадбачанне пякучай таямніцы было ўжо затуманена сном. Яшчэ раз прамільгнулі перад ім стракатыя малюнкі апошніх гадзін, яшчэ раз спакусліва разгарнулася кніга дзяцінства. Потым хлопчык заснуў, і так пачаўся для яго больш глыбокі сон — сон яго жыцця.

Гувернантка

Дзеці — дзве сястры — адны ў сваім пакоі. Святло патушана. Паміж імі змрок, толькі слаба бялеюць пасцелі на ложках. Ледзь чутно іх дыханне, можна падумаць, што яны спяць.

— Паслухай, — чуецца голас дванаццацігадовай сястры, і ён гучыць ціхенька, амаль спалохана ў цемры.

— Чаго табе? — адказвае са свайго ложка сястра. Яна ўсяго на год старэйшая.

— Ты не спіш. Гэта добра. Я… я хачу нешта расказаць табе…

Адказу няма. Толькі шолах на ложку. Сястра прыўзнялася, чакальна глядзіць у яе бок; відаць, як блішчаць яе вочы.

— Ведаеш… я хацела сказаць табе… Але раней скажы ты мне: табе не кінулася ў вочы, што ў апошнія дні з нашай фрэйлен нешта не тое?

Другая задумваецца.

— Але, — кажа яна пасля паўзы, — хоць я і не ведаю дакладна, што з ёю. Яна болей не такая строгая, як раней. Нядаўна я два дні не рыхтавала ўрокаў, і яна мне нічога не сказала. І потым яна нейкая такая… не ведаю, як тут сказаць. Я думаю, ёй болей не да нас, яна ўвесь час сядзіць збоку і не гуляе з намі, як раней.

— Мне здаецца, у яе вялікае гора, але яна не хоча гэтага паказаць. І на раялі яна болей не іграе.

Зноў маўчанне. Старэйшая сястра напамінае:

— Ты хацела нешта расказаць.

— Так, але не кажы нікому, ніводнаму чалавеку — ні маме, ні сяброўцы.

— Не, не скажу, — у яе голасе гучыць нецярпенне. — Дык што там такое?

— Вось што… Цяпер, калі мы клаліся спаць, я раптам успомніла, што забылася сказаць фрэйлен дабранач. Чаравікі я ўжо зняла, але ўсё-такі пабегла да яе ў пакой, ціхенька-ціхенька, ведаеш, каб усё было неспадзеўкі. Я вельмі асцярожна адчыняю дзверы. Спачатку мне здалося, што яе няма ў пакоі. Святло гарыць, а яе я не бачу. І раптам — я так спалохалася — чую, нехта плача, і бачу тут — яна, адзетая, ляжыць на ложку, галавою ў падушцы. Так яна плакала, што я аж здрыганулася. Але яна мяне не заўважыла. І я зноў ціхенька зачыніла дзверы. Я так дрыжала, што нейкі час не магла зрушыцца з месца. Потым зноў пачула праз дзверы, што яна плача, зусім выразна пачула, і хутчэй пабегла ўніз.