Потым малодшая прыспешвае сястру:
— Ну, расказвай, што там.
Старэйшая стаіць з задумлівым тварам. Нарэшце гаворыць разгублена, як бы самой сабе:
— Нічога не разумею.
— Што?
— Гэта так дзіўна.
— Што?.. Што?.. — задыхаючыся, пытаецца малодшая.
Старэйшая прыходзіць у сябе, а меншая моцна прыціснулася да яе, каб не прапусціць ніводнага слова.
— Гэта вельмі дзіўна… зусім не так, як я думала. Ён увайшоў у пакой і, мусіць, хацеў яе абняць ці пацалаваць, бо яна сказала яму: «Кінь гэта, мне трэба пагаварыць з табою сур’ёзна». Я нічога не бачыла, ключ тырчаў знутры, але я добра ўсё чула. «Што здарылася?» — спытаўся тут Ота, але не такім голасам, як звычайна. Ты ж ведаеш, звычайна ён гаворыць нахабна і гучна, а тут сказаў усё гэтак нясмела, што я адразу зразумела — ён чагосьці баіцца. І яна, мусіць, заўважыла, што ён прыкідваецца, бо сказала ціха-ціха: «Ты ж усё ведаеш». — «Не, я нічога не ведаю». — «Вось як, — сказала яна такім сумным, такім сумным голасам, — а чаму ж ты тады раптам пачаў пазбягаць мяне? Болей за тыдзень ты не перакінуўся са мною ні словам, абыходзіш мяне, дзе толькі можна, не ходзіш гуляць з дзецьмі, не бываеш болей у парку. Няўжо я табе адразу стала чужою? О, ты добра ведаеш, чаму раптам стаў трымацца ад мяне далей». Ён памаўчаў, а потым сказаў: «У мяне хутка экзамены, мне трэба шмат працаваць, і ў мяне ні на што болей не застаецца часу. Цяпер я не магу іначай». Яна заплакала і сказала праз слёзы, але так ласкава і хораша: «Ота, чаму ты маніш? Скажы праўду, няўжо ж я яе не заслужыла? Я ж нічога ад цябе не патрабую, але ўсё-такі павінны ж мы хоць пагаварыць пра гэта. Ты ж ведаеш, што я хачу сказаць табе, па вачах бачу». — «А што?» — прамармытаў ён зусім, зусім ціха. І тут яна сказала…
Дзяўчынка пачынае раптам дрыжаць і не можа ад хвалявання вымавіць ні слова. Малодшая яшчэ мацней прыціскаецца да яе.
— Што… што ж?
— І тут яна сказала: «У мяне ж дзіця ад цябе».
Малодшая аж падскоквае:
— Дзіця? Дзіця! Гэтага не можа быць!
— Але яна ж сказала гэта.
— Ты, мабыць, дрэнна пачула.
— Не, не! Ён паўтарыў яе словы; як і ты, ён аж падскочыў і сказаў: «Дзіця?» Яна доўга маўчала, а потым кажа: «Што ж цяпер будзе?» А потым…
— Што потым?
— Потым ты кашлянула, і мне прыйшлося ўцякаць.
Малодшая зусім разгублена глядзіць перад сабою.
— Дзіця! Гэтага не можа быць. Дзе ж у яе дзіця?
— Не ведаю. Вось гэтага я і не магу зразумець.
— Можа, дзе-небудзь дома… там, адкуль яна прыйшла да нас. Мама, канечне, не дазволіла ёй узяць яго з сабою з-за нас. І таму яна такая засмучаная.
— Ты што? Яна ж тады нават не ведала Ота.
Яны зноў змаўкаюць, доўга думаюць, але не знаходзяць адгадкі. І гэта мучыць іх.
Першай пачынае гаварыць малодшая:
— Дзіця — гэтага не можа быць! Адкуль у яе дзіця? Яна ж не замужам, а толькі ў замужніх бываюць дзеці, гэта я ведаю добра.
— Можа, яна была замужам?
— Глупства. Не за Ота ж.
— Але адкуль жа…
Яны разгублена пазіраюць адна на адну.
— Бедная фрэйлен, — засмучана гаворыць адна.
Зноў і зноў з іх вуснаў злятаюць гэтыя словы — уздых шчырага спачування. І тут жа зноў успыхвае цікаўнасць.
— Хто ў яе — дзяўчынка ці хлопчык?
— А хто яго ведае.
— Што ты думаеш — калі я ў яе папытаюся… вельмі, вельмі асцярожна?..
— Ты з глузду з’ехала!
— Чаму? Яна ж такая добрая да нас.
— Ці ж можна так? Нам пра такія рэчы не гавораць. Ад нас усё ўтойваюць. Калі мы ўваходзім у пакой, яны заўсёды адразу спыняюць размову і пачынаюць гаварыць усякае глупства з намі, быццам мы маленькія, а мне ж ужо трынаццаць гадоў. Навошта тады пытацца ў іх? Нам усё роўна скажуць няпраўду.
— А мне гэтак хочацца ведаць!
— А мне, думаеш, не хочацца?
— Ведаеш… што мне зусім не зразумела, — што Ота як бы нічога не ведаў. Кожны ведае, што ў яго ёсць дзіця, гэтак жа, як і кожны ведае, што ў яго ёсць бацькі.