— Ён прыкідваецца, нягоднік, ён увесь час прыкідваецца.
— Але ж не ў такой справе. Толькі… толькі… калі ён хоча нас падмануць…
Уваходзіць фрэйлен. Яны адразу змаўкаюць і робяць выгляд, што вучаць урокі. Але тайком касавурацца ў яе бок. Вочы ў яе як быццам чырвоныя, голас стаў ніжэйшы і дрыжыць. Дзяўчынкі прыціхлі і глядзяць раптам на яе пачціва і са страхам. «У яе ёсць дзіця, таму яна такая засмучаная», — не пакідае іх думка. І пакрысе яе смутак ахоплівае і іх саміх.
Назаўтра за абедам яны даведваюцца нечаканую навіну: Ота пакідае іх дом. Ён заявіў дзядзьку, што ў яго хутка экзамены і яму трэба старанна да іх рыхтавацца, а тут яму вельмі перашкаджаюць. Ён нойме сабе дзе-небудзь пакойчык на адзін-два месяцы, пакуль не скончацца экзамены.
Абедзвюх дзяўчынак ахоплівае страшэннае хваляванне. Яны ўгадваюць тайную сувяць гэтай навіны з учарашняй размовай, сваім абвостраным інстынктам адчуваюць нейкае ашуканства, баязлівыя ўцёкі. Калі Ота развітваецца з імі, яны груба паварочваюцца да яго спінаю. Але тайком сочаць за ім, калі ён падыходзіць развітвацца з фрэйлен. У яе дрыжаць губы, але яна маўчыць і спакойна падае яму руку.
За апошнія дні дзяўчынак быццам падмянілі. Яны не гуляюць, не смяюцца, вочы страцілі вясёлы, бесклапотны бляск. Імі валодаюць непакой і разгубленасць, пануры недавер да тых, хто іх акружае. Яны болей не вераць таму, што ім гавораць, у кожным слове падазраюць хлусню ці нейкі намер. Цэлымі днямі яны прыглядваюцца і цікуюць, сочаць за кожным рухам, ловяць кожны жэст, кожную інтанацыю. Як цені, сноўдаюцца яны за ўсімі, падслухоўваюць пад дзвярамі, спрабуюць даведацца што-небудзь. Горача імкнуцца яны зняць са сваіх незадаволеных плячэй цёмную сетку гэтых таямніц або кінуць хоць адзін позірк праз яе ячэйку на свет рэчаіснасці. Дзіцячая вера — гэтая вясёлая бесклапотная слепата — пакінула іх. Акрамя таго, яны прадчуваюць, што гэта яшчэ не ўсё, што трэба чакаць развязкі, і баяцца прапусціць яе. З таго часу, як дзеці ведаюць, што іх акружае мана, яны сталі прыдзірлівыя і падазроныя, самі пачалі хітраваць і прыкідвацца. У прысутнасці бацькоў яны надзяваюць на сябе маску дзіцячай прастаты, каб потым праявіць нечаканую актыўнасць. Яны незвычайна ўзбуджаныя, імі валодае нервовы непакой; вочы, якія раней свяціліся мяккім роўным бляскам, цяпер гараць ліхаманкавым агнём, а іх позірк стаў болей глыбокі. Яны такія бездапаможныя ў сваім пастаянным высочванні і падпільноўванні, што ўсё болей і болей прывязваюцца адна да аднае. Часам у іх раптоўна ўзнікае патрэба ласкі, яны падпарадкоўваюцца ёй і раптам парывіста абдымаюцца або, прыгнечаныя сваім няведаннем, пачынаюць плакаць. Без усякай, здаецца, прычыны ў іх жыцці нечакана настаў пералом.
Сярод многіх крыўд, да якіх яны сталі цяпер вельмі чуллівыя, адна асабліва кранае іх. Яны, здавалася, моўчкі абавязаліся як мага болей радаваць сваю засмучаную фрэйлен. Урокі яны рыхтуюць старанна і акуратна, памагаюць адна адной. Іх не чуваць, яны не даюць падставы для скаргаў, папярэджваюць кожнае яе жаданне. Але фрэйлен нічога не заўважае, і ім гэта вельмі балюча. Яна стала зусім іншая ў апошні час. Часам, калі адна дзяўчынка звяртаецца да яе, тая ўздрыгвае, быццам яе разбудзілі. Позірк яе тады паволі, як бы шукальна, вяртаецца аднекуль здалёку. Часам яна гадзінамі сядзіць нерухома і глядзіць перад сабою, паглыбленая ў мары. Тады дзяўчынкі на дыбачках ходзяць наўкола, каб не трывожыць яе, яны няясна і таямніча адчуваюць, што яна цяпер думае пра сваё дзіця, якое дзесьці далёка. З нейкіх глыбінь у іх абуджаецца жаноцкасць і мацнее любоў да фрэйлен, якая стала цяпер такою ласкаваю і такою ціхаю. Яе звычайна хуткая і ганарлівая паходка зрабілася больш паважнаю, рухі асцярожней, і ва ўсім гэтым дзеці адчуваюць таемны смутак. Яе слёз яны ніколі не бачаць, але павекі ў яе часта чырвоныя. Яны заўважаюць, што фрэйлен спрабуе ўтоіць ад іх сваё гора, і яны ў роспачы, што не могуць ёй дапамагчы.
І вось аднаго разу, калі фрэйлен павярнулася да акна і правяла насоўкаю па вачах, малодшая раптам набіраецца адвагі, ціхенька бярэ яе за руку і кажа:
— Фрэйлен, вы такая засмучаная ў апошні час. Гэта не наша віна, праўда?
Фрэйлен расчулена глядзіць на дзяўчынку і праводзіць рукою па яе мяккіх валасах.
— Не, дзеці, не, — кажа яна, — канечне, не ваша. — І пяшчотна цалуе яе ў лоб.
Яны ўсё назіраюць і высочваюць, не мінаюць нічога, што трапляе на вочы. І вось адна з іх, зайшоўшы неяк у пакой, улавіла некалькі слоў. Гэта была толькі адна фраза, бо бацькі адразу ж абарвалі размову, але кожнае слова выклікае ў іх цяпер тысячу здагадак. «Мне таксама нешта здалося, — сказала мама. — Я зраблю ёй допыт». Дзяўчынка спачатку аднесла гэта на сябе і, спалоханая, пабегла да сястры шукаць парады і дапамогі. Але за абедам яны заўважаюць, што бацькі дапытліва пазіраюць на адлучана-задумлівы твар фрэйлен, а потым пераглядваюцца паміж сабою.