Выбрать главу

Пасля абеду мама, як між іншым, звяртаецца да фрэйлен:

— Зайдзіце, калі ласка, да мяне ў пакой. Мне трэба з вамі пагаварыць.

Фрэйлен моўчкі схіляе галаву. Дзяўчынкі моцна дрыжаць, яны адчуваюць: цяпер штосьці павінна здарыцца.

І як толькі фрэйлен уваходзіць у пакой, яны кідаюцца ўслед за ёю. Прыхінацца да дзвярэй, абшукваць усе закуткі, падслухоўваць і высочваць стала ў іх чымсьці звычайным. Яны ўжо не адчуваюць ні непрыстойнасці, ні дзёрзкасці сваіх паводзін, у іх толькі адна думка — разгадаць усе таямніцы, якімі ім захіляюць доступ да жыцця.

Яны падслухоўваюць. Але да іх даносіцца толькі ціхенькі шэпт. Яны нервова дрыжаць. Яны баяцца, што ўсё прапусцяць.

Але вось за дзвярамі чуваць гучны голас. Гэта мамін голас. Ён гучыць сярдзіта і злосна:

— Няўжо вы думаеце, што ўсе людзі сляпыя і ніхто гэтага не заўважыць? Уяўляю сабе, як вы выконвалі свае абавязкі з такімі думкамі і з такімі маральнымі прынцыпамі. І вось такой асобе я даверыла выхаванне дзяцей, маіх дзяўчынак! Вы ж іх зусім занядбалі…

Фрэйлен, мусіць, штосьці пярэчыць. Але яна гаворыць вельмі ціха, і дзеці нічога не могуць зразумець.

— Адгаворкі, адны адгаворкі! У легкадумных жанчын заўсёды ёсць адгаворкі. Аддаецца першаму сустрэчнаму і ні пра што не думае. А там — хоць трава не расці. І вось такая хоча быць выхавальніцай, выхоўваць дзяўчынак. Нахабства, дый годзе! Думаю, вы не разлічваеце, што вось такою я буду трымаць вас і далей у маім доме?

Дзеці падслухоўваюць за дзвярамі. Ад страху ў іх па целе бягуць дрыжыкі. Яны нічога не разумеюць, але ім страшна чуць злосны мамін голас. А цяпер яны чуюць у адказ ціхі нястрымны плач фрэйлен. З вачэй у іх цякуць слёзы. Але мамін голас робіцца яшчэ болей сярдзітым:

— Гэта ўсё, што вы ўмееце — цяпер плакаць! Мяне вы гэтым не кранеце. Такіх асоб мне не шкада. Што з вамі цяпер будзе, мяне зусім не тычыцца. Вы самі ведаеце, да каго вам трэба звярнуцца, я ў вас нават не пытаюся пра гэта. Я ведаю толькі адно: пасля таго, як вы гэтак нізка паставіліся да сваіх абавязкаў, я ні хвіліны болей не стану трымаць вас у сябе дома.

У адказ — толькі рыданні, роспачныя, нястрымныя рыданні, ад якіх дзяўчынак за дзвярамі трасе як ў ліхаманцы. Ніколі яны не чулі такога плачу. І цьмяна яны адчуваюць: хто гэтак плача, не можа быць вінаватым. Мама цяпер змоўкла і чакае. Потым яна рэзка кажа:

— Вось і ўсё, што я хацела вам сказаць. Збярыце сёння свае рэчы і заўтра раніцаю прыходзьце ўзяць разлік. Бывайце!

Дзеці адскокваюць ад дзвярэй і ратуюцца ў свой пакой. Што гэта было? Быццам маланка ўдарыла паблізу. Яны стаяць бледныя і дрыжаць. Упершыню яны сутыкаюцца з рэчаіснасцю. І ўпершыню яны асмельваюцца паспрабаваць узбунтавацца супраць бацькоў.

— Гэта подла так гаварыць з ёю, — выціскае з сябе старэйшая і кусае вусны.

Малодшую яшчэ палохаюць такія дзёрзкія словы.

— Але мы нават не ведаем, што яна зрабіла, — ляпеча яна жаласна.

— Нічога, пэўна, дрэннага. Фрэйлен не можа зрабіць нічога дрэннага. Мама яе не ведае. А потым — як яна плакала. Мне стала так страшна.

— Але, гэта было жахліва. А як мама на яе крычала. Гэта подла, чуеш, подла.

Яна тупае нагою. Слёзы засцяць ёй вочы. Тут уваходзіць фрэйлен. Выгляд у яе вельмі стомлены.

— Дзеці, я занятая сёння пасля абеду. Вы пабудзеце адны, добра? Магу я на вас разлічваць? А ўвечары я да вас прыйду.

Яна выходзіць, не заўважаючы хвалявання дзяцей.

— Ты бачыла, якія ў яе заплаканыя вочы? Я не разумею, як мама магла з ёю гэтак абысціся.

— Бедная фрэйлен!

І зноў гучаць гэтыя словы, поўныя спачування і слёз. Дзеці не ведаюць, што і думаць. Уваходзіць мама і пытаецца, ці не хочуць яны пакатацца з ёю. Дзеці адмаўляюцца. Яны адчуваюць страх перад мамаю. Іх абурае, што ім нічога не кажуць пра звальненне фрэйлен. Яны лічаць за лепшае застацца адны. Як дзве ластаўкі ў цеснай клетцы, яны лётаюць сюды-туды, задыхаюцца ў атмасферы хлусні і замоўчвання. Яны раздумваюць, ці не пайсці ім да фрэйлен і папытацца ў яе, угаварыць яе застацца, сказаць ёй, што мама памыляецца. Але яны баяцца пакрыўдзіць яе. І потым яны саромеюцца: усё, што яны ведаюць, яны ж падслухалі і высачылі. Трэба прыкідвацца дурнымі, такімі дурнымі, якімі яны былі два-тры тыдні таму назад. Яны застаюцца адны і ўвесь бясконца доўгі дзень думаюць і плачуць, а ў вушах увесь час гэтыя жудасныя галасы — злая бессардэчная водпаведзь мамы і роспачныя рыданні фрэйлен.