Выбрать главу

І вось ён ідзе на могілкі, пастукваючы чорнай кульбакай. Лагодны вятрэц абхуквае яго злашчасны нос, але Піпзам не адчувае гэтага. Яго вочы з-пад ненатуральна паднятых броваў абыякава і панура глядзяць на свет. Нікчэмны, марны чалавек!

Раптам ён пачуў за сабою нейкі гук, шабуршэнне нейкае, гук хутка набліжаўся. Піпзам абярнуўся і аслупянеў. Гэта быў веласіпед, гумовыя шыны мякка шыршылі па друзе, ён ляцеў як віхура і запаволіў толькі пад’ехаўшы да Піпзама, які не саступаў з дарогі.

А ехаў малады хлопец, бадай нават хлопчык, бестурботны турыст. Божа, яму і ў галаву не прыходзіла ўявіць сябе адным з мацакоў свету гэтага. Дый машына ў яго была не тое каб нейкай малавядомай фірмы і каштавала далібог жа не даражэй як дзвесце марак. Вось якраз на гэтай машыне ён і насіўся па вольным паветры, прэч з горада — педалюй сабе, дыхай на поўныя грудзі, гайда! На ім была стракатая кашуля пад шэрай куртай, спартовыя гетры і вясёлая кепачка — не кепачка, мара! — у светлакарычневыя краткі, з пупком пасярэдзіне.

3-пад кепачкі выбіваўся густы русявы касмач, задзірыста скучараўлены на лбе. Блакітныя вочы аж гарэлі. Ён ляцеў як над зямлёю, усё пазвоньваючы, імклівы, парывісты, як само жыццё. Але Піпзам і з месца не ступіў. Ён стаяў і з каменным тварам глядзеў на Жыццё.

Хлопец крыва зірнуў на Піпзама і пачаў павольна яго аб’язджаць, але тут заварушыўся і Піпзам і, калі веласіпед параўнаўся з ім, сказаў ясна і разборліва:

— Нумар дзевяць тысяч семсот сем.

Сказаўшы, ён моцна сціснуў губы і важна натапырыўся, адчуўшы на сабе атарапелы позірк Жыцця. Хлопец схапіўся адной рукой за сядло, абярнуўся і паехаў павольна.

— Што такое? — спытаўся ён.

— Нумар дзевяць тысяч семсот сем, — адсек Піпзам. — Няважна. Проста я заяўлю на вас у паліцыю.

— На мяне? У паліцыю? — здзівіўся хлопец, яшчэ больш павярнуўся на сядле і паехаў зусім памалютку, тузаючы рулём, каб не ўпасці.

— Ну так, на вас, — гмыкнуў Піпзам ужо з пяці-шасці крокаў.

— А з якое такое рацыі? — пацікавіўся хлопец і саскочыў з веласіпеда. Ён стаяў перад Піпзамам, глядзеў і чакаў.

— Самі ведаеце!

— Нічога я не ведаю!

— Мусіце ведаць.

— Я вам кажу, што не ведаю і ведаць не хачу, — сказаў хлопец, — дужа мне цікава!

І ён рашуча ўзяўся за руль. Відаць, быў не палахлівы.

— Я заяўлю на вас, бо вы едзеце, дзе ехаць не павінны. Куляйцеся сабе па шашы, а тут дарога на могілкі,— сказаў Піпзам.

— Дзівак вы, — засмяяўся хлопец і, ледзь стрымліваючы прыкрасць і нецярплівасць, зноў павярнуўся да Піпзама. — Паглядзіце, колькі тут слядоў ад шынаў панаезджана. Тут ездзяць усе, каму ахвота.

— Няважна, — зацяўся Піпзам, — я заяўлю на вас.

— Што ж, заяўляйце, калі закарцела, — кінуў хлопец і ўскочыў на веласіпед. Сапраўды ўскочыў, і ўскочыў удала, не схібіў; толькі раз штурхануў нагою, паправіўся на сядле і пайшоў ціскаць на педалі, каб добра разагнацца, як яно і след ездаку з такім характарам.

— Эй, вы! — крыкнуў Піпзам наўздагон дрыготкім голасам. — Калі вы зараз не збочыце з дарогі на могілкі, я тут жа заяўлю на вас, так і ведайце!

Але Жыццё ўжо не зважала на яго і гнала хутчэй і хутчэй.

Калі б у гэтую хвіліну вы ўбачылі Піпзама, вы, напэўна, спалохаліся б. Ён так сцяў губы, што ўвесь ягоны твар разам з пунсовым носам перакасіўся, бровы папаўзлі ўгору, вочы неяк ашалела ўтаропіліся ў веласіпед. І раптам ён кінуўся следам. Прабегшы тыя некалькі метраў, што было да машыны, ён ухапіўся за багажнік, учапіўся за яго, аж павіснуў на раме і, не растуляючы вуснаў, сціснутых з нялюдскай сілай, лыпаючы бельмамі, пачаў моўчкі, азвярэла цягнуць на сябе веласіпед, які ўпарта супраціўляўся. Глянуўшы збоку, не сказаў бы: ці то стары ад злосці не дае маладому праехацца, ці то самому закарцела праехацца, падыхаць свежым паветрам, — толькі накручвай педалі, гайда! Веласіпед не адужаў такой навалачы, спыніўся, хільнуўся, упаў.

Тут ужо хлопец больш не цацкаўся. Стоячы на адной назе, як замахнецца, як урэжа Піпзаму ў душу — той аж адляцеў на колькі крокаў. А тады ўжо накінуўся на яго, усё больш павышаючы голас: