Выбрать главу

Ціхі сухі кашаль пачуўся побач са мною. Я здрыгануўся і адразу прачнуўся ад свайго ап’янення. Вочы, аслепленыя белым бляскам, які пранікаў нават праз заплюшчаныя павекі, з цяжкасцю адкрыліся: якраз насупраць мяне, у цені борта, блішчала нешта, што нагадвала водбліск акуляраў; потым успыхнула вялікая круглая іскра, мабыць, агеньчык люлькі. Відаць, паглыблены ў сузіранне пены ўнізе каля носа карабля і Паўднёвага Крыжа наверсе, я не заўважыў гэтага суседа, які нерухома сядзеў тут увесь час. Міжвольна, яшчэ не ачуўшыся як след, я сказаў па-нямецку:

— Прабачце!

— О, калі ласка… — па-нямецку ж адказаў голас з цемры.

Не магу выказаць, як дзіўна і жудасна было сядзець моўчкі ў змроку побач з чалавекам, якога я не бачыў. Я міжвольна адчуваў, што ён глядзіць на мяне гэтак жа напружана, як і я на яго; струменістае і мігатлівае белае святло над намі было такое яркае, што кожны з нас бачыў у цені толькі абрысы другога. Але мне здавалася, што я чую, як дыхае гэты чалавек і як ён смокча сваю люльку.

Маўчанне зрабілася нязносным. Я з радасцю пайшоў бы, але гэта выглядала б вельмі ўжо няветліва. Ад збянтэжанасці я дастаў цыгарэту. Успыхнула запалка, і трапяткі агеньчык на момант асвятліў наш цесны закутак. За шкельцамі акуляраў я ўбачыў чужы твар, якога ні разу не сустракаў на борце — ні за абедам, ні на палубе, — і я не ведаю, ці то рэзнула мне ў вачах ад нечаканай успышкі, ці то была галюцынацыя, але твар здаўся мне змрочным, страшэнна перакрыўленым, нечалавечым. Аднак перш чым я паспеў добра разгледзець яго, змрок зноў паглынуў рысы твару, які толькі на момант аказаўся ў святле; я бачыў адно абрыс постаці, цёмнай на цёмным фоне, і часам круглае вогненнае кальцо люлькі. Мы абодва маўчалі, і гэтае маўчанне гняло, як душнае трапічнае паветра.

Нарэшце я не вытрымаў. Устаўшы на ногі, я ветліва сказаў:

— Добрай ночы.

— Добрай ночы, — адказаў з цемры хрыплы, цвёрды, быццам заржавелы, голас.

Я пабрыў, спатыкаючыся аб стойкі і такелаж. Раптам ззаду пачуліся крокі, паспешныя і няцвёрдыя. Гэта быў усё той самы незнаёмы. Я міжвольна спыніўся. Ён не падышоў да мяне ўпрытык, і я праз змрок адчуў нейкую нясмеласць і засмучанасць у ягонай хадзе.

— Прабачце, — паспешна загаварыў ён, — што я звяртаюся да вас з просьбаю. Я… я, — ён запнуўся і ад збянтэжанасці не мог адразу працягваць гаварыць, — я… у мяне ёсць асабістыя… чыста асабістыя прычыны шукаць адзіноты… цяжкая страта… я пазбягаю другіх пасажыраў… Вас я не маю на ўвазе… не, не… Я хацеў толькі папрасіць вас… вы мне зробіце вялікую ласку, калі нікому на борце не паведаміце пра тое, што бачылі мяне тут… На гэта ёсць… так сказаць, асабістыя прычыны, якія перашкаджаюць мне цяпер быць на людзях… так… толькі… мне было б вельмі непрыемна, калі б вы ўпамянулі пра тое, што хтосьці тут ноччу… што я…

Словы зноў заселі ў яго ў горле. Я паспяшаўся вывесці яго са збянтэжанасці і адразу ж паабяцаў выканаць гэтую просьбу. Мы паціснулі адзін аднаму рукі. Потым я вярнуўся ў сваю каюту і заснуў цяжкім, трывожным сном, поўным вычварных мрояў.

Я стрымаў абяцанне і нікому не расказаў аб дзівоснай сустрэчы, хоць спакуса была вялікая. У час марскога падарожжа ўсякая драбяза — здарэнне, ці то парус на гарызонце, ці то дэльфін, што падскочыць над вадою, ці то чый-небудзь выяўлены флірт або выпадковы жарт. Акрамя таго, мяне мучыла жаданне даведацца што-небудзь пра гэтага незвычайнага пасажыра; я прагледзеў суднавыя спісы ў пошуках прозвішча, прыглядваўся да людзей, намагаўся адгадаць, ці маюць яны да яго дачыненне; цэлы дзень я быў ва ўладзе ліхаманкавага нецярпення і чакаў вечара, спадзеючыся зноў сустрэцца з незнаёмым. Псіхалагічныя загадкі неадольна прыцягваюць мяне; яны хвалююць надзвычайна, і я не супакойваюся, пакуль мне не ўдаецца раскрыць іх таямніцу; людзі з дзівацтвамі адною сваёю прысутнасцю могуць выклікаць у мяне такую прагу заглянуць ім у душу, якая не шмат чым адрозніваецца ад неадольнага жадання жанчыны завалодаць чым-небудзь. Дзень здаўся мне бясконца доўгім. Я не мог знайсці сабе ніякага занятку. Я рана лёг спаць, бо ведаў, што апоўначы прачнуся, што нейкая сіла разбудзіць мяне.