Выбрать главу

— Абавязак… прапанаваць сваю дапамогу… абавязак паспрабаваць… Значыцца, і вы думаеце, што на нас ляжыць абавязак… абавязак прапанаваць сваю дапамогу?

Тройчы паўтарыў ён гэтыя словы. Мне стала страшна ад іх тупога, упартага паўтарэння. Ці не вар’ят гэты чалавек? А мо ён п’яны?

Але, зусім дакладна адгадаўшы маю думку, як быццам я выказаў яе ўголас, ён раптам сказаў зусім другім голасам:

— Вы, мусіць, лічыце мяне вар’ятам ці п’яным? Не, гэтага няма, пакуль што яшчэ няма. Толькі тое, што вы сказалі, дзіўна ўразіла мяне… уразіла моцна, бо гэта якраз тое, што мяне цяпер мучыць — ці ляжыць на нас абавязак… абавязак…

Ён зноў пачаў запінацца. Потым раптам змоўк, каб крыху пазней, зрабіўшы над сабою намаганне, загаварыць:

— Справа ў тым, што я ўрач. У нашай практыцы часта бываюць такія выпадкі, такія фатальныя… ну, скажам, няясныя выпадкі, калі не ведаеш, ці ляжыць на табе абавязак… абавязак жа не адзін — ёсць абавязак перад блізкім, ёсць яшчэ абавязак перад самім сабою, і перад дзяржаваю, і перад навукаю… Трэба памагаць, канечне, для гэтага мы і існуем… але такія правілы добрыя толькі ў тэорыі… Да якіх межаў трэба памагаць?.. Вось вы чужы чалавек, і я для вас чужы, і я прашу вас маўчаць пра тое, што вы мяне бачылі… Добра, вы маўчыце, выконваеце гэты абавязак… Я прашу вас пагаварыць са мною, бо я проста здыхаю ад свайго маўчання… Вы гатовы выслухаць мяне. Добра… Але гэта ж лёгка. А што, калі я папрашу вас узяць мяне ў ахапак і кінуць за борт?.. Тут ужо канчаецца ласка, гатоўнасць дапамагчы. Дзесьці яна павінна канчацца… дзесьці павінен спыніцца гэты абавязак… ці, можа, якраз у ўрача ён і не павінен канчацца? Няўжо ўрач павінен быць якімсьці збавіцелем, якімсьці сусветным памочнікам толькі таму, што ў яго ёсць дыплом з лацінскімі словамі; няўжо ён сапраўды павінен сапсаваць сваё жыццё і падліць сабе вады ў кроў, калі з’яўляецца якая-небудзь… калі з’яўляецца які-небудзь пацыент і патрабуе ад яго высакароднасці, гатоўнасці дапамагчы, прыстойнасці? Так, дзе-небудзь канчаецца абавязак… там, дзе мяжа нашых сіл, менавіта там…

Ён зноў на момант спыніўся і потым сказаў:

— Прабачце, я гавару з такім хваляваннем, але я не п’яны… яшчэ не п’яны… аднак, не буду хаваць ад вас, што і такое са мною цяпер часта бывае ў гэтай д’ябальскай адзіноце… Падумайце — я сем гадоў жыў амаль выключна сярод тубыльцаў і жывёл… тут можна адвучыцца звязна гаварыць. А калі пачнеш гаварыць, дык адразу хлыне цераз край… Але пачакайце… так, я ўжо ўспомніў… я хацеў у вас спытацца, хацеў расказаць вам адзін выпадак… ці ляжыць на нас абавязак дапамагаць… з анёльскаю чысцінёю, бескарысліва дапамагаць… Зрэшты, я баюся, што гэта будзе занадта доўгая гісторыя. Вы папраўдзе не стаміліся?

— Ды не ж, зусім не.

— Я… я вельмі ўдзячны вам… Не адмовіцеся?

Ён пашнарыў дзесьці за сабою ў цемры. Бразнулі адна аб адну дзве, тры, а мо і болей пляшак, якія ён, відаць, паставіў побач з сабою. Ён прапанаваў мне віскі; я толькі прыгубіў чарку, а ён адразу перакуліў сваю. На момант паміж намі ўсталявалася маўчанне. Пачуўся ўдар звана: была палова першай.

— Дык вось… я хачу расказаць вам пра адзін выпадак. Уявіце сабе, што ўрач у адным… у маленькім мястэчку… ці, дакладней, у вёсцы… урач, які… урач, які…

Ён зноў запнуўся. Потым раптам, разам з крэслам, падаўся да мяне.

— Гэтак нічога не выйдзе. Я проста павінен расказаць вам усё з самага пачатку, а то вы не зразумееце… Гэта нельга прыводзіць як проста прыклад, як абстрактны выпадак… я павінен расказаць вам сваю гісторыю. Тут не месца ні сораму, ні гульні ў хованкі, перада мною ж таксама раздзяваюцца дагала і паказваюць свае балячкі… Калі хочаш, каб табе памаглі, то няма чаго віляць і ўтойваць… Дык вось, я не стану расказваць вам пра выпадак з нейкім выдуманым урачом… я раздзяваюся перад вамі дагала і гавару «гэта пра мяне»… Саромецца я развучыўся ў гэтай дзікай адзіноце, у гэтай праклятай краіне, якая выядае душу і высмоктвае мозг з касцей.

Мусіць, я зрабіў нейкі рух, бо ён раптам запыніўся.

— Ах, вы пратэстуеце… разумею. Вы ў захапленні ад Індыі, ад храмаў і пальмаў, ад усёй рамантыкі двухмесячнага падарожжа. Так, тропікі поўныя чароўнасці, калі бачыць іх толькі з чыгуначнага вагона, з аўтамабіля, з каляскі рыкшы: я сам гэта зведаў, калі сем гадоў назад упершыню прыехаў сюды. Аб чым я толькі тады не марыў — я хацеў авалодаць мовамі і чытаць свяшчэнныя кнігі ў арыгінале, хацеў вывучаць мясцовыя хваробы, працаваць дзеля навукі, вывучаць псіхіку тубыльцаў — так завуць мясцовых жыхароў на эўрапейскім жаргоне, — стаць місіянерам чалавечнасці і цывілізацыі. Усім, хто сюды прыязджае, мроіцца адзін і той самы сон. Але за нябачным шклом гэтай аранжарэі чалавек траціць сілу, ліхаманка — ад яе нікуды не ўцячэш, колькі ні глытай хініну — падточвае нервы, робішся вялы і лянівы, друзлы, як медуза. У эўрапейца міжволі сціраецца яго маральнае аблічча, калі ён трапляе з вялікіх гарадоў у такую праклятую балоцістую глуш — рана ці позна гэта адчуе на сабе кожны; адны п’юць, другія кураць опіум, трэція звярэюць і пачынаюць лютаваць — так ці інакш, але сваю частку глупства атрымліваюць усе. Смуткуеш па Эўропе, марыш, каб калі-небудзь зноў прайсці па гарадской вуліцы, пасядзець у светлым пакоі цаглянага дома, сярод белых людзей; год за годам марыш аб гэтым, а настане час, калі можна б пайсці адпачыць, — ужо і не хочацца крануцца з месца. Ведаеш, што ўсімі забыты, што ты чужы, як марская ракавінка, на якую людзі наступаюць нагою. І застаешся, гразнеш у сваім балоце і гінеш у гарачых, вільготных лясах. Хай будзе пракляты той дзень, калі я прадаў сябе ў гэтую смярдзючую глухамань…