Выбрать главу

Між іншым, зрабіў я гэта не зусім добраахвотна. Я вучыўся ў Германіі, стаў урачом, нават добрым урачом, і працаваў у лейпцыгскай клініцы. У медыцынскіх часопісах таго часу шмат пісалі пра новую прышчэпку, якую я першы ўвёў у практыку. Тут я закахаўся ў адну жанчыну, з якою пазнаёміўся ў бальніцы; раней яна давяла свайго палюбоўніка да шаленства, і ён стрэліў у яе з рэвальвера; неўзабаве і я шалеў не горш за яго. У яе была прывычка паводзіць сябе з людзьмі пагардліва і холадна, і гэта літаральна зводзіла мяне з розуму — уладныя і дзёрзкія жанчыны заўсёды ўмелі прыбраць мяне да рук, а яна гэтак скруціла, што я зусім страціў галаву. Я рабіў усё, што яна хацела, я… ды што там, чаму мне не сказаць усяе праўды, бо прайшло ўжо восем гадоў… я залез дзеля яе ў бальнічную касу, і, калі гэта выплыла наверх, узнік скандал. Праўда, дзядзька пагасіў нястачу, але маёй кар’еры прыйшоў канец. І тут я даведаўся, што галандскі ўрад вярбуе ўрачоў у калоніі і забяспечвае іх пад’ёмнымі. Я адразу падумаў, што гэта, відаць, не райскае месцейка, калі прапануюць грошы наперад; я ведаў, што магільныя крыжы на гэтых расадніках малярыі растуць у тры разы хутчэй, чым у нас. Але калі чалавек малады, яму заўсёды здаецца, што хваробы і смерць пагражаюць каму хочаш, але толькі не яму. Ну, што ж, выбару ў мяне не было, я паехаў у Ратэрдам, падпісаў кантракт на дзесяць гадоў і атрымаў вялікі пачак банкнотаў. Палову я адаслаў дадому, дзядзьку, а другую вывудзіла ў мяне ў партовым квартале адна асоба, якая здолела абабраць мяне да ніткі толькі таму, што была вельмі ўжо падобная на тую праклятую кошку. Без грошай, без гадзінніка, без ілюзій пакідаў я Эўропу і не адчуваў асаблівага смутку, калі наш параход выбіраўся з гавані. А потым я сядзеў на палубе, як сядзіце вы, як сядзяць усе, я бачыў Паўднёвы Крыж і пальмы, сэрца млела ў грудзях. Ах, лясы, адзіноцтва, цішыня! — марыў я. Ну, адзіноцтва я атрымаў-такі даволі. Мяне прызначылі не ў Батавію ці Сурабайю, у горад, дзе ёсць людзі, і клубы, і гольф, і кнігі, і газеты, а — зрэшты, назва не мае ніякага значэння — на адзін з глухіх пастоў, у двух днях язды ад бліжэйшага горада. Два-тры нудныя, высахлыя чыноўнікі, некалькі паўэўрапейцаў з тубыльцаў — гэта было ўсё маё акружэнне, а, акрамя таго, куды ні кінь вокам, толькі лес, плантацыі, зараснік і балоты.

Спачатку яшчэ было нішто сабе. Я шмат займаўся навуковымі назіраннямі. Аднаго разу, калі абярнулася машына, на якой віцэ-рэзідэнт рабіў інспекцыйнае падарожжа, і ён зламаў сабе нагу, я адзін, без памочнікаў, зрабіў яму аперацыю — пра гэта шмат тады гаварылі. Я збіраў яды і зброю тубыльцаў, займаўся мноствам іншай драбязы, каб толькі не апусціцца. Але ўсё гэта было магчыма толькі да таго часу, пакуль ва мне жыла прывезеная з Эўропы сіла; потым я завяў. Нямногія тут эўрапейцы надакучылі мне, я спыніў адносіны з імі, піў і аддаваўся марам. Мне заставалася ж усяго два гады, потым я мог выйсці на пенсію, вярнуцца ў Эўропу, зноў пачаць жыць. Уласна кажучы, я ўжо нічога не рабіў і толькі чакаў, ляжаў ціхенька і чакаў. І гэтак я тырчаў бы там і па сёння, каб не яна… каб не здарылася ўсё гэта…

Голас у змроку змоўк. І люлька болей не тлела. Стала так ціха, што я зноў пачуў плёскат вады, што пенілася пад носам парахода, і далёкі глухі стук машыны. Мне хацелася курыць, але я баяўся запаліць запалку, баяўся рэзкай успышкі агню і водсвету на яго твары. Ён усё маўчаў. Я не ведаў, ці скончыў ён, ці ён дрэмле, ці ён спіць, — такім мёртвым здалося мне яго маўчанне.

Раптам прагучаў адрывісты моцны ўдар звона: адна гадзіна. Ён страпянуўся, і я зноў пачуў звон чаркі. Відаць, яго рука вобмацкам шукала віскі. Стала чуваць, як ён глытае, потым раптам яго голас пачуўся зноў, на гэты раз ён гаварыў больш напружана, гарачэй.