— У мяне не ў парадку з сэрцам, доктар, я папрашу вас верыць таму, што я кажу. Я не хацела б траціць час на даследаванні — вы маглі б, думаецца, выказаць мне крыху болей даверу. Я дастаткова даказала свой давер вам.
Цяпер гэта была ўжо барацьба, адкрыты выклік. І я прыняў яго.
— Давер патрабуе шчырасці, поўнай шчырасці. Гаварыце ясна, я ж урач. І перш за ўсё зніміце вуаль, сядайце сюды, пакіньце ў спакоі кнігі і ўсе гэтыя хітрыкі. Да ўрача не прыходзяць пад вуалем.
Горда выпрастаўшыся, яна акінула мяне позіркам. Хвіліну памарудзіла. Потым села і падняла вуаль. Я ўбачыў твар — такі, які баяўся ўбачыць: непранікальны, цвёрды, рашучы, адзначаны незалежнаю ад узросту прыгажосцю, твар з шэрымі вачамі, якія часта бываюць у ангелек, — вельмі спакойныя, але поўныя затоенага агню. Гэтыя тонкія сціснутыя губы ўмелі захоўваць тайну. Нейкі момант мы глядзелі адно на аднаго — яна ўладна і дапытліва, з такою халоднаю жорсткасцю, што я не вытрымаў і міжвольна адвёў убок вочы.
Яна лёгенька пастуквала пальцамі па стале. Значыцца, і яна нервавалася. Потым раптам сказала:
— Вы ведаеце, доктар, чаго я ад вас хачу, ці не ведаеце?
— Здаецца, ведаю. Але лепей пагаворым адкрыта. Вы хочаце вызваліцца ад вашага стану… хочаце, каб я вызваліў вас ад непрытомнасці, ухіліў… ухіліў прычыну. Правільна я зразумеў?
— Так.
Як нож гільяціны, упала гэтае слова.
— А вы ведаеце, што падобныя эксперыменты небяспечныя… для абаіх бакоў?..
— Так.
— Што закон мне гэта забараняе?
— Бываюць выпадкі, калі гэта не толькі не забаронена, але, наадварот, рэкамендуецца.
— Але для гэтага трэба заключэнне ўрача.
— Дык зрабіце гэтае заключэнне. Вы ж урач.
Ясна, цвёрда, не мігаючы, глядзелі на мяне яе вочы. Гэта быў загад, і я, маладушны чалавек, дрыжаў, уражаны дэманічнаю сілаю яе волі. Але я яшчэ курчыўся, не хацеў паказаць, што ўжо раздушаны. «Толькі не спяшацца! Як мага болей марудзіць! Вымусіць яе папрасіць», — нашэптвала мне нейкае няяснае жаданне.
— Гэта не заўсёды ва ўладзе ўрача. Але я гатовы… Параіцца з калегам у бальніцы…
— Не трэба мне вашага калегі… я прыйшла да вас.
— Дазвольце даведацца, чаму менавіта да мяне?
Яна холадна зірнула на мяне.
— Не бачу прычыны хаваць гэта ад вас. Вы жывяце наводшыбе, вы мяне не ведаеце, вы добры ўрач, і вы… — яна ў першы раз запнулася, — відаць, нядоўга прабудзеце ў гэтай мясцовасці, асабліва калі… калі зможаце ўзяць з сабою дадому добрую суму грошай.
Мяне аж скаланула. Гэты сухі, як бы камерцыйны разлік ашаламіў мяне. Дагэтуль губы яе яшчэ не разамкнуліся для просьбы, але яна даўно ўжо ўсё падлічыла і спачатку высачыла мяне, як дзічыну, а потым пачала паляванне. Я адчуваў, як пранікае ў мяне яе дэманічная воля, але я супраціўляўся з усёю злосцю. Яшчэ раз прымусіў я сябе прыняць дзелавы, амаль іранічны тон.
— І гэтую добрую суму вы… вы аддадзіце ў маё распараджэнне?
— За вашу дапамогу і неадкладны ад’езд.
— Вы ведаеце, што я тады трачу права на пенсію?
— Я кампенсую вам яе.
— Вы гаворыце вельмі ясна… Але я хацеў бы яшчэ большай яснасці. Якую суму ганарару мелі вы на ўвазе?
— Дванаццаць тысяч гульдэнаў, з выплатаю па чэку ў Амстэрдаме.
Я задрыжаў… задрыжаў ад гневу і… захаплення. Усё яна разлічыла — і суму, і спосаб плацяжу, які прымушаў мяне да ад’езду, яна мяне ацаніла і купіла, не ведаючы мяне, распарадзілася мною, упэўненая ў сваёй уладзе. Мне вельмі хацелася ўдарыць яе па твары… Але калі я, дрыжучы, устаў з месца — яна таксама ўстала — і паглядзеў ёй у вочы, паглядзеў на гэты моцна сціснуты рот, які не жадаў прасіць, на гэты ганарысты лоб, які не жадаў схіляцца, мною раптам авалодала… авалодала… нейкая прага помсты, насілля. Мусіць, і яна гэта адчула, бо высока падняла бровы, як робяць, калі хочуць асадзіць надакучлівага чалавека; ні яна, ні я не хавалі сваёй нянавісці. Я ведаў, што яна ненавідзіць мяне, бо адчувала патрэбу ўва мне, а я яе ненавідзеў за тое… за тое, што яна не хацела прасіць. У гэтую хвіліну, у гэтую адзіную хвіліну маўчання мы ўпершыню загаварылі зусім шчыра. Потым, нібы змяя, упілася ў мяне думка, і я сказаў… сказаў ёй…
Але пачакайце, так вам не зразумець, што я зрабіў… што сказаў… мне трэба спачатку растлумачыць вам, як… як зарадзілася ўва мне… гэтая… вар’яцкая думка…
Зноў ціхенька бразнула ў цемры чарка. І голас працягваў з яшчэ большым узбуджэннем:
— Не думайце, што я хачу зменшыць сваю віну, апраўдацца, абяліць сябе… Але вы без гэтага не зразумееце… Не ведаю, ці быў я калі-небудзь добрым чалавекам… але, здаецца, дапамагаў я заўсёды ахвотна… А там, у маім сабачым жыцці гэта была ж адзіная радасць: карыстаючыся жменькаю ведаў, увагнаных у мозг, зберагчы жыццё жывой істоце… Я адчуваў сябе тады госпадам богам… Далібог, гэта былі мае лепшыя хвіліны, калі прыходзіў вось такі жоўты хлапчына, пасінелы ад страху, са змяіным укусам на добра распухлай назе і, плачучы, маліў не адразаць яму нагу, і я ўмудраўся яшчэ выратаваць яго. Я ездзіў у самыя далёкія мясціны памагаць жанчыне, якую трэсла ліхаманка; выпадала рабіць і тое, чаго чакала ад мяне мая сённяшняя наведніца — такое здаралася яшчэ ў Эўропе, у клініцы. Але тады я адчуваў, што камусьці патрэбны, тады я ведаў, што выратоўваю кагосьці ад смерці ці роспачы, а гэта патрэбна і самому выратавальніку — усведамляць, што ты патрэбны другому.