Увечары, дзесьці каля адзінаццаці гадзін — я сядзеў у сябе ў пакоі і дачытваў кнігу — у расчыненае акно, якое выходзіла ў сад, раптам данесліся крыкі, усхваляваныя воклічы, і ў гатэлі ўзнялася нейкая мітусня. Хутчэй занепакоены, чым зацікаўлены, я адразу ж спусціўся ў сад і прайшоў пяцьдзесят крокаў, якія аддзялялі нашу вілу ад гатэля; там я застаў гасцей і персанал незвычайна ўсхваляваных. Мадам Анрыэт не вярнулася з прагулкі па беразе, якую яна рабіла кожны вечар, пакуль яе муж, па завядзёнцы, гуляў у даміно са сваім сябрам, і цяпер баяліся, што здарыўся няшчасны выпадак. Як буйвал, кідаўся па беразе гэты звычайна марудлівы, грузны чалавек, і калі ён крычаў у змрок: «Анрыэт! Анрыэт!» — у яго зрывістым ад хвалявання голасе было нешта першабытнае і страшнае, што нагадвала рык смяротна параненага вялізнага звера. Кельнеры і хлопчыкі-боі насіліся ўверх і ўніз па лесвіцы; разбудзілі ўсіх насельнікаў гатэля, пазванілі ў паліцыю. А таўстун у расшпіленай камізэльцы кідаўся ва ўсе бакі і няўцямна, ледзь не з плачам гукаў у цемру: «Анрыэт! Анрыэт!» Тым часам прачнуліся дзяўчаткі, падбеглі ў начных кашулях да акна і сталі клікаць маці; бацька паспяшаўся наверх, каб супакоіць іх.
І тут адбылося нешта жахлівае, што амаль не паддаецца апісанню, бо ў момант празмернага душэўнага напружання ва ўсім абліччы чалавека столькі трагізму, што яго не перадаць з такой хуткасцю і моцаю ні пяром, ні пэндзалем. Таўстун неўзабаве спусціўся па скрыпучых пад яго цяжарам прыступках уніз. Ён прыкметна змяніўся з твару, які выглядаў цяпер бясконца стомленым і разам з тым гнеўным. У руцэ ён трымаў ліст.