Выбрать главу

Гэтая захапляючая змена ўдач і няўдач працягвалася безупынна каля гадзіны, і ўсю гэтую гадзіну, затаіўшы дыханне, я ні на міг не адводзіла зачараванага позірку ад яго няспынна пераменлівага твару, на якім адлівалі і прылівалі, кіпелі ўсе пачуцці; я не зводзіла вачэй з гэтых магічных рук, кожны мускул якіх пластычна перадаваў усю крывую пад’ёму і спаду перажыванняў. Ніколі ў тэатры не ўглядвалася я так напружана ў твар акцёра, як у гэты твар, па якім, быццам святло і цені на ландшафце, прабягала, бесперапынна мянялася цэлая гама колераў і пачуццяў. Ніколі не была я так захоплена гульнёю, як гэтым адлюстраваным чужым хваляваннем; каб хто-небудзь сачыў за мною цяпер, ён прыпісаў бы мой пільны, нерухомы, напружаны позірк уздзеянню гіпнозу; і праўда, я была як бы ў поўным здранцвенні; я не магла адарвацца ад гэтага твару, і ўсё ў зале — агні, смех людзей — адчувала толькі цьмяна, як жоўтую смугу, сярод якой палымнеў гэты твар — агонь сярод агнёў. Я нічога не чула, нічога не адчувала, не заўважала, як тоўпіліся навокал людзі, як другія рукі раптоўна працягваліся, нібы шчупальцы, кідалі грошы ці заграбалі іх; я не заўважала шарыка, не чула голасу круп’е і разам з тым бачыла, нібы ў сне, усё, што адбывалася, па гэтых руках і па гэтым твары зусім выразна, павялічана, як ва ўвагнутым люстэрку, дзякуючы надзвычайнаму хваляванню гэтага чалавека; ці падаў шарык на чорнае або чырвонае, круціўся ён ці спыняўся, мне не трэба было глядзець на рулетку: усё — пройгрыш і выйгрыш, надзея і расчараванне — адбівалася з надзвычайнаю сілаю ў яго міміцы і жэстах.

Але вось настала жахлівая хвіліна: тое, чаго ў глыбіні душы я ўвесь час няясна баялася, што мучыла мяне, як блізкая навальніца, раптам ударыла па маіх нацягнутых нервах. Зноў шарык з кароткім брынклівым стукам торкнуўся ў паглыбленне, зноў настала секундная паўза — сотня людзей затаіла дыханне, голас круп’е абвясціў «нуль», і яго спрытная лапатка ўжо зграбала звонкія манеты і шаматкія паперкі. І ў гэты момант моцна сціснутыя рукі зрабілі страшны рух; яны як бы ўскочылі, каб схапіць нешта, чаго не было, і зняможана апусціліся на стол. Потым яны раптам ажылі, зляцелі са стала, пачалі караскацца, як дзікія кошкі, па ўсім тулаве, наверх, уніз, направа, налева, ліхаманкава шнарылі па кішэнях — ці не завалялася дзе-небудзь забытая манета. Але кожны раз вярталіся яны пустыя, усё шалёней узнаўляючы бяссэнсавыя, дарэмныя пошукі, а рулетка ўжо зноў круцілася і гульня працягвалася. Звінелі манеты, перасоўваліся крэслы, і сотні нягучных разнастайных шумаў напаўнялі залу. Я дрыжала, ахопленая жахам: я перажывала ўсё так выразна, быццам гэта былі мае пальцы, што роспачна спрабавалі адшукаць у кішэнях і складках скамячанай адзежы хоць адну манету. І раптам чалавек, які сядзеў насупраць мяне, парывіста ўскочыў, як нехта, каму млосць падступіла да горла і ён ускоквае, каб не задыхнуцца; крэсла за ім з грукатам паляцела на падлогу. Але ён не заўважыў гэтага, не бачыў людзей, якія спалохана і здзіўлена ўступалі яму дарогу, і, хістаючыся, пабрыў прэч ад стала.

Убачыўшы гэта, я як акамянела. Я адразу ж зразумела, куды ідзе гэты чалавек: на смерць. Хто гэтак устае, не пойдзе ў гатэль, у рэстарацыю, да жанчыны, у купэ чыгуначнага вагона, да чаго-небудзь жывога, а проста кінецца ў бяздонне. Нават самыя зачарсцвелыя ў гэтым пекле павінны былі адчуць, што ў яго больш нічога няма — ні дома, ні ў банку, ні ў сваякоў, што ён рызыкнуў апошнім набыткам, што стаўкай было яго жыццё, і цяпер ён падаўся кудысьці, адкуль ужо не вернецца. Увесь час я баялася гэтага, з першага ж позірку чуццём зразумела, што тут на карту пастаўлена нешта больш важнае, чым выйгрыш або пройгрыш. І ўсё ж нібы чорная маланка асляпіла мяне, калі я ўбачыла, як жыццё раптам прапала ў яго вачах і смерць шэраю заслонаю прыкрыла толькі што такі жывы твар. І гэткаю вялікаю была сіла ўздзеяння яго выразных жэстаў, што, калі ён сарваўся з месца і, хістаючыся, пабрыў прэч, я міжволі ўчапілася за стол; я адчула ўсёю сваёю істотаю няцвёрдасць яго хады, гэтак жа, як дагэтуль усімі нервамі, усімі фібрамі душы адчувала яго гульнёвы азарт. І штосьці штурхнула мяне; я мусіла ісці ўслед, ногі самі пайшлі, я нават не ўсведамляла, што раблю. Не звяртаючы ні на каго ўвагі, не памятаючы сябе, я пабегла па калідоры да выхаду.

Ён стаяў каля гардэроба, служка падаваў яму паліто. Але рукі не слухаліся яго, і служка асцярожна, як хвораму, памагаў яму папасці ў рукавы. Я бачыла, як ён машынальна палез у кішэню камізэлькі, каб даць гасцінца, але там было пуста. Тут ён, здавалася, раптам успомніў усё, збянтэжана прамармытаў некалькі слоў, зноў, як у зале, ірвануўся наперад і цяжка, нібы п’яны, пачаў спускацца па лесвіцы, а служка праводзіў яго спачатку пагардліваю, а потым дасведчанаю ўсмешкаю.