Чатыры гады запар яна аддавала яму ўвесь свой грашовы прыпас, які ён ахвоча прысвойваў у абмен на пяшчотныя пацалункі. Мелася ў яе то трыццаць су, то два франкі, то ўсяго дванаццаць су (яна аж плакала ад пакуты і прыніжэння, але той год быў кепскі), апошнім разам яна падарыла яму цэлы пяціфранковік — вялікую круглую манеціну, ён ажно засмяяўся ўсцешана, калі ўбачыў.
Цяпер толькі пра яго яна і думала; ён таксама з пэўнай нецярплівасцю чакаў, калі яна прыедзе, а заўважыўшы, бег насустрач, і сэрца ў дзяўчынкі гатовае было выскачыць з грудзей.
Потым ён знік.
Яго паслалі вучыцца ў каледж. Яна даведалася пра гэта з асцярожных роспытаў. Тады яна ўсялякімі хітрыкамі стала дамагацца, каб бацькі перамянілі свой маршрут і прыязджалі сюды ў той час, як пачыналіся школьныя вакацыі. Каб спраўдзіць задуманае, спатрэбіўся цэлы год. І атрымалася так, што яны не бачыліся ажно два гады запар; калі ж сустрэліся, яна ледзьве пазнала яго, гэтак ён перамяніўся, вырас, пахарашэў, паважнеў у мундзірчыку з залатымі гузікамі. А ён прыкінуўся, быццам не бачыць яе, і ганарыста прайшоў міма.
Яна праплакала два дні; з гэтага часу пакутам яе не было канца.
Яна прыязджала сюды штогод, ішла ў яго навідавоку, не асмельваючыся павітацца, а ён і вокам не вёў у яе бок. Яна кахала яго да самазабыцця. Мне яна сказала:
— У мяне гэта быў адзіны мужчына на свеце, пане доктар, іншых проста не існавала.
Бацькі яе памерлі. Яна прадаўжала рабіць тое, што рабілі пры жыцці яны — пляла і рамантавала крэслы, толькі замест аднаго сабакі завяла страшных двух, дражніцца з якімі не асмельваўся ніхто.
Неяк пры вяртанні ў наш пасёлак, да якога навек прыкіпела яе сэрца, яна ўбачыла маладую жанчыну, якая выйшла з аптэкі подручкі з яе каханым Шукэ. Гэта была яго жонка. Ён ажаніўся.
У той вечар яна кінулася ў ставок на плошчы перад ратушай. Нейкі запознены гулец выцягнуў яе з вады і прынёс у аптэку. Шукэ-сын, у халаце, выйшаў агледзець небараку і, нібыта зусім не пазнаў яе, раздзеў, расцёр, потым груба сказаў:
— Вы проста вар'ятка! Нельга ж быць такою бязмозглаю!
Гэтага аказалася даволі, каб яна ажыла: ён, ён загаварыў з ёю!.. Успамін пра гэта яшчэ доўга поўніў яе шчасцем.
Ён адмовіўся ўзяць плату за свае паслугі, хоць яна і вельмі настойвала, упрошвала яго.
Вось так прамінула ўсё яе жыццё. Яна пляла крэслы і думала пра Шукэ. Раз на год яна бачыла яго ў акне аптэкі. Калі ёй трэба былі якія-небудзь лекі, яна звычайна купляла іх толькі ў Шукэ. Гэта давала ёй магчымасць пабачыць яго зблізку, перакінуцца хоць некалькімі словамі і зноў даваць яму грошы.
Я казаў ужо, гэтай вясною яна памерла. Расказаўшы ўсю сваю сумную гісторыю, яна папрасіла мяне перадаць таму, каго так аддана кахала, усе свае надбаныя за жыццё зберажэнні, бо, як сама прызналася, яна працавала толькі дзеля яго, дзеля яго адзінага, часам нават галадала, каб адкласці хоць капейчыну, з надзеяй, што і ён згадае яе хоць разочак, хай сабе тады ўжо, як яе не стане.
І яна аддала мне дзве тысячы трыста дваццаць сем франкаў. Дваццаць сем франкаў я адлічыў кюрэ на пахаванне, а рэшту, пасля таго як яна выпусціла апошні ўздых, забраў з сабою.
На наступны дзень я пайшоў да Шукэ. Гаспадары сама даснедвалі адно насупраць аднаго, абое бухматыя і расчырванелыя, раздабрэлыя на аптэкарскім хлебе, напышлівыя і самазадаволеныя.
Мяне запрасілі да стала, прапанавалі чарку кірша; я не адмовіўся; упэўнены, што ўзрушу іх да слёз, я ўсхвалявана пачаў свой расказ.
Як толькі да Шукэ дайшло, што яго кахала нейкая бадзяжка, пляцельшчыца крэслаў, мурзатая жабрачка, яго аж тузанула ад абурэння, быццам яна абабрала яго, загубіла яго рэпутацыю, пазбавіла павагі прыстойных людзей і яго ўласнай самапавагі, выкрала нешта такое, што было яму даражэйшае за само жыццё.
А ў яго жонкі нават мову адняло ад гневу, і яна толькі выдыхала:
— Ах ты, галадранка! Ах ты, галадранка! Ах ты, галадранка!..
Шукэ ўсхапіўся на ногі, забегаў вакол стала; феска яго спаўзла на адно вуха.
— Гэта ж падумаць толькі, доктар!.. — загугніў ён. — Во напасць на чалавека!.. Што ж рабіць, што ж рабіць? Ах, калі б я ведаў гэта, пакуль яна была жывая, — у жандармерыю заявіў бы, хай бы яе арыштавалі ды ў турму ўпяклі! І сядзела б яна ўжо там да скону, ручаюся вам!
Я быў ашаломлены вынікам майго пасрэдніцтва. Я не ведаў, што казаць, што рабіць. Аднак я мусіў давесці справу да канца, і я сказаў:
— Нябожчыца папрасіла мяне перадаць вам яе зберажэнні: дзве тысячы трыста франкаў. Але, як я разумею, вам дужа непрыемнае тое, што я паведаміў вам, дык, відаць, найлепей будзе раздаць гэтыя грошы бедным.