Вецер дзьмуў гэтак жа моцна. І яны зноў лавіравалі непадалёку ад Булоні сама да дзесятай гадзіны наступнага дня. Паранены бесперастанку абмываў рану вадой.
Час ад часу ён уставаў і пачынаў хадзіць туды-сюды па судне.
Стоячы каля стырна, яго брат сачыў за ім і моўчкі ківаў галавой.
Нарэшце яны ўвайшлі ў порт.
Лекар агледзеў рану і сказаў, што справа ідзе на папраўку. Ён наклаў глухую павязку і прызначыў адпачынак. Але Жавэль не захацеў легчы ў ложак, не забраўшы сваёй рукі, і паспяшаўся ў порт, каб знайсці бочку, якую пазначыў крыжам.
Пры ім бочка была вывернута, і ён зноў завалодаў кавалкам свайго цела, які добра захаваўся ў лёку, зморшчыўся, пасвяжэў. Ён загарнуў руку ў сурвэтку, якую прынёс наўмысна, і пайшоў дадому.
Жонка і дзеці доўгі час разглядалі адсечаную бацькаву руку, мацалі пальцы, вымалі з-пад пазногцяў драбінкі солі; потым паклікалі сталяра, каб той зрабіў невялічкую дамавіну.
Назаўтра на пахаванні адцятай рукі прысутнічаў увесь экіпаж траўлера. На чале жалобнай працэсіі поплеч ішлі два браты. Парафіяльны дзяк нёс пад пахай труну з нябожчыкам.
Плаваць Жавэль-малодшы перастаў. Ён атрымаў невялікую пасаду ў порце і, калі пазней расказваў пра гэтае здарэнне, ціхутка прызнаваўся свайму слухачу:
— Каб мой брат згадзіўся перарэзаць той канат, далібог, у мяне б і цяпер была рука. Але ён занадта тросся над сваім скарбам.
Пераклад: Зміцер Колас
Два сябры
Абложаны, згаладалы Парыж хрыпеў і задыхаўся. На дахах амаль зусім не стала вераб'ёў, памыйныя рыштокі апусцелі. Людзі елі ўсё, што траплялася.
Ясным студзеньскім ранкам Марысо, гадзіннікавы майстар па прафесіі і бяздзейны гультай па збегу абставін, сумна цягнуўся па бульвары, сунуўшы рукі ў кішэні нагавіц і прыслухоўваючыся да бурчання ў пустым жываце. Раптам ён спыніўся перад другім такім самым разявакам. Гэта быў яго былы прыяцель Саваж, з якім Марысо пазнаёміўся на беразе ракі.
Да вайны кожную нядзелю Марысо на золку выходзіў з хаты з бамбукавай вудай і бляшаным кашом за спінай. Ён сядаў у цягнік, які вёз яго ў бок Аржантэля, сыходзіў у Калёмбе і пешкі ішоў да вострава Марант. Ледзь паспеўшы дабрацца да гэтак жаданых мясцін, ён увесь аддаваўся ловам і вудзіў да позняга вечара.
Кожную нядзелю ён сустракаў там маленькага вясёлага таўстуна Саважа, галантарэйніка з вуліцы Нотр-Дам-дэ-Лярэт, які быў таксама заўзяты рыбак. З вудамі ў руцэ, звесіўшы ногі над вадой, яны часта да паўдня сядзелі побач каля ракі і, дзякуючы гэтаму, хутка пасябравалі.
Часам цэлымі днямі яны маўчалі. Іншы раз і гаманілі, бывала, але і без слоў яны добра разумелі адзін аднаго, бо мелі аднолькавы густ і ва ўсім падобныя пачуцці.
Вясеннім ранкам, гадзіне а дзесятай, калі памаладзелае румянае сонца развешвала над прыціхлай ракой празрыстую смугу і сагравала спіны зацятых рыбакоў ужо забытым мяккім цяплом, Марысо часам казаў свайму суседу:
— Якое хараство.
І Саваж пагаджаўся:
— Лепш і не бывае.
І гэтага ім хапала для ўзаемнага паразумення і павагі.
А восеньскім надвячоркам, калі крывавае на захадзе неба залівала пурпурам раку, у якой адбіваліся пунсовыя абрысы воблакаў, запальвала далягляд, асвятляла вогненнымі барвамі абодвух сяброў і залаціла ўжо парудзелае лісце, якое зябка дрыжала на дрэвах у прадчуванні зімы, Саваж, усміхаючыся, пазіраў на Марысо і мармытаў:
— Любата.
І зачараваны Марысо, не зводзячы вачэй з паплаўка, адказваў:
— Гэта лепш, як сядзець на бульвары, га?
Сустрэўшыся цяпер, у такіх незвычайных абставінах, яны былі вельмі ўсхваляваныя і моцна паціснулі адзін аднаму рукі. Саваж глыбока ўздыхнуў і сказаў:
— Вось як яно ўсё павярнулася.
Марысо панура прастагнаў:
— А надвор'е якое! Першы пагодны дзянёк сёлета.
Неба і сапраўды свяцілася празрыстым блакітам.
Яны моўчкі пайшлі па бульвары, кожны сумна думаючы пра сваё. Раптам Марысо сказаў:
— А як мы рыбку вудзілі, га? Прыемна ўспомніць!
Саваж уздыхнуў:
— Калі цяпер гэта будзе?
Яны зайшлі ў невялічкую кавярню, выпілі па чарцы абсенту і потым зноў пабрылі па тратуары.
Марысо нечакана спыніўся:
— Можа, яшчэ па чарцы, га?
Саваж згадзіўся:
— Не пярэчу.
Яны зайшлі ў другі шынок.
Выйшлі яны адтуль на добрым падпітку, з ужо затлумленымі галовамі, як яно часта бывае, калі цяпнеш нічога не еўшы. На дварэ было цёпла. Ласкавы ветрык казытаў ім твары.
На свежым паветры Саваж канчаткова сп'янеў і, спыніўшыся, прапанаваў:
— А што, каб туды з'ездзіць?