Выбрать главу

Ён прыйшоў у страшэнную роспач, яму здавалася, што ён зараз страціць прытомнасць ад слабасці, што ён ужо нікуды адсюль не здолее пайсці. І ён быў гатовы ўжо кінуцца ў вёску, пайсці на ўсё, адважыцца на любы самы дзёрзкі ўчынак, калі заўважыў трох сялян, якія ішлі ў поле з косамі на плячы, і зноў прытаіўся ў сваёй нары.

Аднак, калі вечар ахінуў раўніну цемрай, ён марудна вылез з рова і, скурчыўшыся, баязліва, са сціснутым ад жаху сэрцам рушыў у дарогу. Ён ішоў да далёкага замка, бо лічыў, што лепей зайсці туды, чым у вёску, якая здавалася яму небяспечнейшай за тыгровае логава.

У вокнах на першым паверсе гарэла святло. Адно з іх было нават адчыненае, і з яго струменіўся моцны пах смажанага мяса, які адразу ўдарыў Вальтэру Шнафсу ў нос і працяў аж да самых вантробаў. Вальтэр Шнафс пачаў задыхацца, усё ўсярэдзіне ў яго напялася, пах уладна вабіў да акна, напаўняў яго сэрца адчайнаю адвагай.

Ён бяздумна кінуўся наперад і нечакана, з каскай на галаве, узнік у акне.

Вакол шырачэзнага стала за абедам сядзела восем чаляднікаў. Але раптам адна з пакаёвак знерухомела, шклянка выпала ў яе з рук, і вочы ўтаропіліся ў адну кропку. Усе погляды павярнуліся ў той бок!

Усе заўважылі ворага!

Божачкі! Прусакі аблажылі замак!..

Спачатку пачуўся толькі крык — восем галасоў на розны лад зліліся ў адзіны роў, поўны пачварнага жаху і страшэннага спалоху; потым усе разам ускочылі, пачалася мітусня, штурханіна, чаляднікі беспарадкава кінуліся да дзвярэй. На падлогу ляцелі крэслы, мужчыны штурхалі жанчын, тыя падалі, мужчыны прабягалі па іх наперад. У імгненне вока пакой быў пусты, пакінуты, і перад здзіўленым Вальтэрам Шнафсам, які па-ранейшаму стаяў каля акна, застаўся толькі стол, устаўлены рознымі стравамі.

Яшчэ некалькі секунд Вальтэр Шнафс стаяў нерашуча, потым пералез цераз падаконнік і рушыў да поўных талерак. Ад лютага голаду яго трэсла, нібы ў ліхаманцы, але страх яшчэ стрымліваў яго, скоўваў яго рухі. Ён прыслухаўся. Увесь дом, здавалася, дрыжаў: рыпелі і зачыняліся дзверы, над яго галавой чулася хуткае шорганне ног. Пры кожным невыразным гуку прусак з трывогай напружваў слых і хутка пачуў, быццам нешта цяжкае ўпала на мяккую зямлю пад замкавым мурам: з другога паверха праз вокны скакалі людзі.

Потым уся валтузня скончылася, і ў вялікім замку запанавала магільная цішыня.

Вальтэр Шнафс сеў перад поўнай талеркай і пачаў есці. Ён еў, набіваў поўны рот, нібыта баяўся, што яго перапыняць і ён не паспее як след напакаваць свае вантробы. Ён абедзвюма рукамі закідаў у разяўлены, як прорва, рот вялізныя кавалкі, якія паволі апускаліся ў страўнік, распіраючы горла. Часам ён спыняўся, гатовы лопнуць накшталт перапоўненай, забітай трубы. Тады ён браў збан сідру і прамываў сабе глотку, як прачышчаюць засмечаную рыну.

Ён апаражніў усе талеркі, усе місы, усе бутэлькі; потым, п'яны ад выпітага і з'едзенага, ачмурэлы, чырвоны, трасучыся ад безупыннай ікаўкі, з затлумленай галавой і зашмальцаванымі губамі, расшпіліў мундзір, каб трохі аддыхацца, але быў ужо няздольны зрабіць нават крок. Яго павекі зліпаліся, думкі дранцвелі; ён цяжка апусціў лоб на скрыжаваныя на стале рукі і паволі забыўся на тое, дзе ён і хто ён.

Ветах па-над паркавымі дрэвамі цьмяна асвятляў далягляд. Гэта была тая золкая гадзіна, што заўжды настае перад світанкам.

У густым зарасніку мільгалі маўклівыя цені; і часам у цемры месячны промень бліскаў на вастрыі сталёвага клінка.

Замак стаяў спакойна, узвышаючы над акругай свой магутны і чорны абрыс. Адно на першым паверсе яшчэ свяціліся два акны.

Раптам зычны голас зароў:

— Наперад! Каб ім трасца! На штурм, дзеці мае!

І ў адзін момант дзверы, аканіцы, шыбы разляцеліся пад напорам людскога натоўпу, які рынуў усярэдзіну, ламаў, трушчыў усё на сваім шляху, запаланіў увесь дом. У адзін момант пяцьдзесят жаўнераў, узброеных да зубоў, ускочылі на кухню, дзе мірна адпачываў Вальтэр Шнафс, уткнулі яму ў грудзі пяцьдзесят зараджаных стрэльбаў, скінулі з крэсла, павалілі на падлогу, схапілі, звязалі з ног да галавы.

Ён задыхаўся ад вялікага здзіўлення, зусім ачмурэў, не мог нічога зразумець, чаму яго б'юць, чаму зневажаюць, яго апанаваў шалёны страх.

І раптам перад ім узнік нейкі тоўсты, абвешаны залатымі бляхамі вайсковец, які паставіў яму нагу на жывот і закрычаў: