Выбрать главу

— Вы мой палонны, здавайцеся!

Прусак, які пачуў толькі адзінае слова «палонны», адразу заенчыў: «Я-а, я-а, я-а!»

Яго паднялі, прывязалі да крэсла і пачалі разглядаць з вялікай цікаўнасцю. Пераможцы запыхаліся, дыхалі цяжка, нібы валы. Некаторыя расселіся вакол, не могучы трымацца на нагах ад усхваляванасці і стомы.

А ён усміхаўся, ён цяпер усміхаўся, бо быў упэўнены, што нарэшце трапіў у палон!

Увайшоў яшчэ адзін афіцэр, ён сказаў:

— Мой палкоўнік, ворагі кінуліся наўцёкі; мяркуючы па ўсім, многія з іх паранены. Гаспадарамі становішча ў акрузе застаёмся мы.

Тоўсты вайсковец, які выціраў сабе лоб, закрычаў:

— Перамога!

І занатаваў у сваёй запісной кніжачцы, якую выняў з кішэні: «Пасля бязлітаснай бойкі прусакі вымушаны былі адступіць, несучы на сабе забітых і параненых, колькасць якіх дасягала прыкладна пяцідзесяці чалавек. Некаторыя трапілі да нас у палон».

Малады афіцэр загаварыў ізноў:

— Ці мушу я даць яшчэ нейкія распараджэнні, мой палкоўнік?

Палкоўнік адказаў:

— Зараз нам трэба будзе адысці, каб пазбегчы ўдару, які вораг, безумоўна, мяркуе нам нанесці ў адказ больш магутнымі сіламі і з дапамогай артылерыі.

І ён аддаў загад выступаць.

У прыцемку пад замкавымі мурамі ўсе зноў ушыкаваліся ў калону і рушылі наперад, з усіх бакоў абступіўшы звязанага па руках і па нагах Вальтэра Шнафса, якога цягнулі шэсць жаўнераў з рэвальверамі ў руках.

Наперад, даследаваць дарогу, высылалася разведка. Ішлі асцярожліва, час ад часу рабілі прыпынкі.

Калі пачало світаць, калона ўвайшла ў галоўнае мястэчка акругі Лярош-Уазэль, атрад нацыянальнай гвардыі якой здзейсніў гэты подзвіг.

Узрушанае, занадта ўсхваляванае насельніцтва ўжо чакала. Калі ўсе ўбачылі каску палоннага, падняўся страшэнны гвалт. Кабеты ўскідалі рукі, старыя бабулькі плакалі, нейкі сівы дзед кінуў у прусака сваёй мыліцай, але толькі параніў яго ахоўніку нос.

Палкоўнік крычаў на ўсю моц:

— Сачыце за бяспекаю вязня!

Нарэшце дабраліся да гарадской ратушы. Турэмны пакой быў адчынены, Вальтэра Шнафса развязалі і кінулі ўсярэдзіну.

На варту вакол будынка было пастаўлена дзвесце ўзброеных салдатаў.

І тады, нягледзячы на голад, які мучыў яго доўгі час, прусак, звар'яцелы ад радасці, пачаў скакаць; ён скакаў утрапёна, ускідваючы рукі і ногі, ён крычаў нешта немым голасам і скакаў — заўзята, нястрымна, пакуль не паваліўся, знямоглы, на каменную падлогу каля сцяны.

Ён быў палонны Ўратаваны!

Вось так, усяго праз шэсць гадзін акупацыі, замак Шампінье быў адбіты ў ворага.

Гандляр-суконшчык, палкоўнік Рацье, які ўзначальваў у гэтай аперацыі лярош-уазэльскі атрад нацыянальнай гвардыі, быў узнагароджаны.

Пераклад: Зміцер Колас 

Дзядзька Мілон

Вось ужо месяц, як шчодрае сонца палівае палеткі пякучым полымем. Жыццё, такое радаснае, нараджаецца пад гэтай залевай цеплыні: уся зямля, як скінуць вокам, зелянее. А да самага небакраю — чысцюткая блакітная прастора. Нармандскія фермы, раскіданыя па раўніне, здалёк здаюцца пералескамі, бо з усіх бакоў іх шчыльна абступаюць гонкія букі. Зблізку, як адчыніш трухлявую брамку, здаецца, што трапіў у вялізарны сад — усе старыя яблыні, кашчавыя, як самі сяляне, абсыпаны кветкамі. Старыя чорныя камлі, сукаватыя і крывыя, роўным радам абступілі надворак і цягнуць да неба дзівоснае голле ў белай і ружовай квецені. Пяшчотны водар суквеццяў мяшаецца з цяжкім пахам расчыненых хлявоў і смуродам гною, у якім грабуцца куры.

Поўдзень. Пад ігрушаю пры самых дзвярах абедае сям'я: бацька, маці, чацвёра дзяцей, дзве наймічкі і тры парабкі. Ядуць збольшага моўчкі, спачатку суп, пасля бульбу, усмажаную на сале.

Час ад часу каторая з наймічак устае і ідзе ў склеп даліць сідру ў збанок.

Гаспадар, высокі мужчына гадоў пад сорак, разглядае яшчэ голую вінаградную лазу, што распаўзалася па сцяне дома, выгінаючыся і чапляючыся за аканіцы. Нарэшце ён кажа:

— Як рана покаўкі на бацькавым вінаградзе набухлі сёлета. Мо што і збяром.

Жонка таксама абарочваецца і моўчкі глядзіць на лазу.

Гэты вінаграднік пасадзілі якраз на тым месцы, дзе некалі расстралялі бацьку.

Было тое ў вайну 1870 года. Прусакі занялі ўвесь край, але Паўночная армія генерала Фэдэрба яшчэ трымалася.

На гэтай вось ферме стаў пастоем прускі штаб. Гаспадар яе, стары П'ер Мілон, прыняў чужынцаў як мага лепей.

Месяц, як нямецкі авангард веў разведку. Французскія войскі стаялі за дзесяць льё адгэтуль, стаялі без руху, а між тым штоночы прападалі нямецкія ўланы.