А ён, ён зусім звар'яцеў, ён махаў лапкамі, лізаў мяне, нібыта пакусваючы, як ён звычайна робіць, калі яму вельмі прыемна. І раптам ён схапіў зубамі за мой нос, і мне зрабілася балюча. Я закрычала і кінула сабачку. Ён і сапраўды ўкусіў мяне ў запале гульні. У мяне з носа цякла кроў. Усім было няёмка. Нехта прынес вады, воцату, бінту, і мой муж сам узяўся мяне лячыць. Нічога сур'ёзнага не было, толькі дзве маленькія дзірачкі, быццам хто пракалоў іголачкамі. Праз пяць хвілін кроў спынілася, і мы паехалі.
Мы вырашылі пападарожнічаць тыдняў шэсць па Нармандыі.
Таго самага вечара мы прыехалі ў Дзьеп. А дакладней кажучы апоўначы.
Ты ведаеш, як я люблю мора. Я сказала мужу, што не лягу спаць, пакуль не пабачу мора. Ён вельмі засмуціўся. Я спыталася, смеючыся:
— Вы што, хочаце спаць?
Ён адказаў:
— Не, дарагая, але вы павінны разумець, што я імкнуся як найхутчэй застацца з вамі сам-насам.
Я здзівілася:
— Сам-насам са мной? Але ж мы ад самага Парыжа былі адны ў цягніку.
Ён усміхнуўся:
— Былі... але... у цягніку — гэта зусім іншая справа, чым калі б мы былі ў нашым пакоі.
Я не саступала:
— Тады добра, вось мы адны на беразе.
Без сумнення, яму ўсё гэта не падабалася. Але ён усё ж сказаў:
— Ну, добра, хай будзе так, як вы хочаце.
Ноч была казачная. Такая ноч нараджае ў душы вялікія і няясныя думкі, і нават не думкі, а пачуцці; хочацца выпрастаць рукі, выпрастаць крылы, абняць неба, ах!
І заўсёды здаецца, што вось-вось зразумееш нешта непазнавальнае.
У паветры лунае Мара, усеабдымная паэзія, незямное шчасце, нейкае бясконцае ап'яненне, што плыве ад зорак, ад месяца, ад серабрыстай і неспакойнай вады. Гэта найлепшыя хвіліны ў жыцці. У гэткія хвіліны нашае існаванне робіцца нейкім інакшым, прыгажэйшый, чароўнейшым. Гэтакія хвіліны — гэта нібы адкрыццё таго, што яшчэ не адбылося, што яшчэ павінна адбыцца.
Тым часам майму мужу не цярпелася вярнуцца ў гатэль. Я запыталася ў яго: «Табе холадна? — Не. — Тады паглядзі на той караблік, вунь там — здаецца, што ён заснуў на вадзе. Ці можа недзе быць лепей, чым тут? Я б засталася тут да раніцы. Пачакайма тут світання, добра?»
Ён падумаў, што я з яго насміхаюся, і амаль гвалтам зацягнуў мяне ў гатэль! О, каб я ведала! О, няшчасны!
Калі мы засталіся адны, мне зрабілася сорамна, няёмка, не ведаю чаму, клянуся табе. Урэшце я выправіла яго ў прыбіральню і легла ў ложак.
О, дарагая, як табе пра гэта сказаць? Ну дык вось. Напэўна ён палічыў маю празмерную нявіннасць за хітрасць, маю прастату за прытворства, маю даверлівую, дурнаватую бездапаможнасць за своеасаблівую тактыку і таму зусім забыўся пра асцярожнасць, патрэбную дзеля таго, каб растлумачыць даверлівай і цалкам непадрыхтаванай душы, памагчы ёй зразумець і прыняць такія патаемныя рэчы.
Раптам мне здалося, што ён страціў розум. Мяне апанаваў страх, і я падумала, ці не хоча ён мяне забіць. Калі чалавека ахопіць страх, ён не разважае, ён больш не думае, ён вар'яцее. Я адразу ўявіла сабе розныя страшныя рэчы. Я згадала выпадкі з газет, таямнічыя злачынствы, усе плёткі пра маладых дзяўчын, што выйшлі замуж за нягоднікаў! І ўвогуле, ці я ведала свайго мужа? Ашалеўшы ад страху, я пачала адбівацца, адпіхваць яго. Я нават выдрала ў яго пасму валасоў і палову вусоў і, вызваліўшыся, ускочыла з ложка і пачала крычаць: «Ратуйце!» Я пабегла да дзвярэй, адамкнула засаўку і выбегла амаль голая на калідор.
Паадчыняліся іншыя дзверы, з іх павыходзілі мужчыны ў начных кашулях са свечкамі ў руках. Я кінулася ў абдымкі аднаму з іх, просячы ў яго ратунку. Ён рушыў да майго мужа.
Што было далей — я не ведаю. Яны біліся, крычалі, а пасля пачалі смяяцца, але так смяяцца, што ты не можаш сабе ўявіць. Смяяўся ўвесь гатэль, ад склепа да гарышча. З калідораў даносіліся гучныя выбухі весялосці, іншыя грымелі ў пакоях наверсе. Кухцікі смяяліся на паддашку, а швейцар душыўся смехам на матрацы ў вестыбюлі! Уяві сабе — у гатэлі!
Пасля я зноў апынулася сам-насам з мужам, які даў мне некалькі агульных тлумачэнняў, як тлумачаць хімічны эксперымент перш чым яго правесці. Ён быў вельмі незадаволены. Я плакала, пакуль не настаў дзень, і як толькі гатэль расчыніў дзверы, мы паехалі адтуль.
І гэта яшчэ не ўсё.