Выбрать главу

І ён пускаўся ў такія развагі, якія ніколі не былі на карысць малому Суры, але цішком давалі перавагу высокаму Лёе.

І пані Лёе ківала галавою, згаджаючыся з ім; і смяялася ад шчырага сэрца, строячы лагодныя кепікі з колішняга мужа, каб лепш улагодзіць новага, які ў канцы кожнай размовы казаў: «Усё роўна, ну і мяла гэты Суры».

Яны былі шчаслівыя, вельмі шчаслівыя. І Лёе не пераставаў усімі звычайнымі сродкамі выказваць жонцы сваё неўтаймоўнае каханне.

Неяк уночы, калі яны не маглі заснуць, узбуджаныя вяртаннем маладосці, Лёе, які прыціскаў жонку да грудзей і прагна прыпадаў да яе вуснамі, раптам спытаўся:

— Скажы, дарагая.

— Га?

— Суры... мне цяжка цяпер пра гэта пытацца... ці моцна... ці моцна ён кахаў цябе?

Яна палка пацалавала яго і шапнула:

— Не так, як ты, коцік.

Яго мужчынская годнасць была ўсцешаная, і ён зноў спытаўся:

— Ён, мусіць, быў... няспрытны... не?

Яна не адказала, адно пырснула хітрым смехам і схавала твар на мужавай шыі. Той спытаўся:

— Ён, мусіць, быў вельмі няспрытны і... як бы сказаць... нязграбны?

Яна пакруціла галавой, што азначала: «Не... зусім нязграбны».

Муж спытаўся:

— Ён, мусіць, назаляў вельмі ўночы, праўда?

Гэтым разам яна не вельмі таілася і шчыра адказала:

— Яшчэ як!

За такія словы ён зноў яе пацалаваў і шапнуў:

— Які ж ён быў кіжлай! Ты не была з ім шчаслівая?

Яна адказала:

— Не. З ім было не надта прыемна.

Лёе абрадаваўся, правёўшы ў думках параўнанне — на сваю карысць — паміж колішнім і цяперашнім жончыным становішчам.

Некалькі хвілін ён маўчаў, пасля зноў развесяліўся і спытаўся:

— Скажы мне?

— Што?

— Будзь шчырая, зусім шчырая са мною!

— Добра, дарагі.

— Так, папраўдзе, скажы мне, ты ніколі не адчувала спакусы здра... здра... здрадзіць гэтаму дурню Суры?

Пані Лёе цнатліва войкнула і мацней прытулілася да мужавых грудзей. Але той заўважыў, што яна смяецца.

Ён настойваў:

— Ну, прызнайся. Гэтай скаціне так бы пасавалі прыгожыя рогі! Гэта было б так пацешна, так пацешна! Дабрадзею Суры! Ну, ну, шаноўная, мне, мне, асабліва мне ты можаш у гэтым прызнацца.

Ён націскаў на гэтае «мне», бо лічыў, што калі б ёй калісьці зажадалася здрадзіць Суры, яна б зрабіла гэта з ім, з Лёе, і ён дрыжаў ад асалоды ў прадчуванні такога прызнання, упэўнены, што, калі б цнота гэтае жанчыны не была настолькі непарушная, ён бы ўжо раней авалодаў ёй.

Але яна не адказвала, а ўсё хіхікала, быццам згадаўшы штосьці вельмі пацешнае.

А і самога Лёе пачало трэсці ад думкі, што ён мог бы зрабіць Суры рагатым! Які жарт! Вось дык штука! Папраўдзе, якая добрая штука!

Ён лапатаў паміж прыступамі смеху:

— Небарака Суры, небарака Суры, ах, яго галава акурат прыдатная для такой аздобы, прыдатная, прыдатная!

А пані Лёе, насмяяўшыся да слёз і траха не закрычаўшы, курчылася пад коўдрай.

Лёе паўтараў:

— Хутчэй прызнавайся, прызнавайся. Скажы праўду. Ты ж разумееш, што мне, мне гэта не можа быць непрыемна.

Яна ледзь дыхаючы прамармытала: «Ага».

Муж настойваў:

— Што, што, ага. Прашу цябе, кажы.

Яна трохі сцішыла смех, пацягнулася вуснамі да вуха Лёе, які падрыхтаваўся да прыемнага прызнання, і шапнула:

— Праўда... я здрадзіла яму.

Ён адчуў, як ледзяныя дрыжыкі пранялі яго да касцей, і збянтэжана заенчыў:

— Ты... ты... яму... здрадзіла... да канца?

Яна яшчэ думала, што мужу было вельмі прыемна, і адказала:

— Ага... да канца... дарэшты.

Ён мусіў сесці ў ложку, так ён здзівіўся, так яму раптам заняло дых, так яго скаланула, нібы толькі-толькі даведаўся, што рагаты ён сам.

Спачатку ён нічога не сказаў, пасля, праз некалькі хвілін, адно выціснуў: «Ах!»

Яна перастала смяяцца, занадта позна зразумеўшы памылку.

Лёе ўрэшце спытаўся:

— З кім?

І яна адказала:

— З хлопцам.

Ён раптам павярнуўся да яе і суха сказаў:

— Я разумею, што не з кухаркай. Я пытаюся, з якім хлопцам, ты чуеш?

Яна маўчала. Ён схапіў коўдру, у якой яна была схавала галаву, і адкінуў на сярэдзіну ложка, паўтарыўшы:

— Я хачу ведаць, з якім хлопцам.

Тады яна тужліва вымавіла:

— Я хацела пасмяяцца.

Але яго трэсла ад гневу:

— Што? Як? Хацела пасмяяцца? Дык, значыць, ты насміхалася з мяне? Але з мяне кпіны не строяць, чуеш? Як завуць хлопца?

Яна нерухома ляжала на спіне і маўчала.

Ён узяў яе за руку і моцна сціснуў:

— Ты мяне чуеш ці не? Я патрабую, каб ты адказвала, калі я з табой размаўляю.