Выбрать главу

Яе маці, спярэшчаная маршчакамі старая, сядзела каля агню і прала; з гадамі яна стала палахлівая.

— Не люблю я, калі бацькі няма дома, — сказала яна. — Ад дзвюх кабет толку мала.

— Ну, я дык укладу на месцы і ваўка, і пруса, — адказала маладзіца.

І паказала вачыма на вялікую пістолю, што вісела на вушаку.

Яе мужа забралі ў армію на самым пачатку прускага нашэсця, і абедзве жанчыны засталіся толькі з бацькам, старым палясоўшчыкам Нікаля Пішонам, які наадрэз адмовіўся пакінуць сваё жытло і перабрацца ў горад.

Найбліжэйшым горадам быў Рэтэль — старажытная крэпасць, збудаваная на скале. Гараджане былі патрыётамі, яны вырашылі не здавацца захопнікам, замкнуцца ў сценах і па даўняй традыцыі горада з гонарам вытрымаць аблогу. Ужо двойчы — за Генрыхам IV і за Людовікам XIV — жыхары Рэтэля праславіліся гераічнай абаронай свайго паселішча. Яны і цяпер, ліха на іх, будуць змагацца гэтаксама, хіба спапяляць іх у родных сценах!

Яны закупілі гарматы і стрэльбы, узброілі апалчэнне, сфарміравалі роты і батальёны і цэлыя дні праводзілі вучэнні на пляцы.

Булачнікі, бакалейшчыкі, мяснікі, натарыусы, адвакаты, сталяры, кнігапрадаўцы, нават аптэкары — усе, па чарзе, у вызначаны час праходзілі страявыя заняткі пад камандай пана Лявіня, былога драгунскага унтэр-афіцэра, а цяпер уласніка галантарэйнай крамы: ужо ў адстаўцы ён ажаніўся з дачкою пана Равадана-старэйшага і атрымаў у спадчыну яго краму.

Ён набыў званне каменданта крэпасці і, калі ўся моладзь пайшла ў армію, стварыў апалчэнне з рэшты гараджан, якое ўзялося ўвішна рыхтавацца да абароны. Таўстуны хадзілі па вуліцы не інакш як трушком, каб растрэсці сала і збавіцца ад задышкі; нядужыя цягалі ўсялякі цяжар, каб умацаваліся мускулы.

Горад чакаў прусакоў. Але прусакі не паказваліся. І ўсё-такі яны былі недзе паблізу: ужо двойчы іх разведчыкі праточваліся праз лес ажно да сядзібы Нікаля Пішона, празванага Велягурам.

Стары палясоўшчык, жвавы, як ліс, прыбягаў у горад папярэдзіць пра гэта жыхароў. Тыя панаводзілі гарматы, але вораг не з'яўляўся.

Велягурава леснічоўка служыла Рэтэлю аванпостам у Авялінскім лесе. Двойчы на тыдзень гаспадар хадзіў у горад па харчы і расказваў гараджанам пра тое, што робіцца ў наваколлі.

У той дзень ён выправіўся ў горад, каб паведаміць каменданту, што трэцяга дня гадзіне а другой папаўдні ў яго на момант спыняўся невялікі атрад нямецкай пяхоты, — прыпыніўся і амаль адразу рушыў далей. Унтэр-афіцэр, што камандаваў немцамі, гаварыў па-французску.

Асцерагаючыся ваўкоў, якія ўсё болей лютавалі, стары, калі выбіраўся ў дарогу, браў з сабой двух сабак — двух вялізных вартавых сабак з ільвінымі пашчамі, і наказваў кабетам старанна замыкацца з надыходам ночы.

Дачка не баялася нічога на свеце, але старая вечна калацілася ад страху ды ўсё паўтарала тое самае:

— Дабром гэта не скончыцца, вось пабачыце, дабром гэта не скончыцца.

У той вечар яна, як ніколі, была апанаваная трывогай.

— Ты не ведаеш, калі вернецца бацька? — спыталася яна.

— Ды напэўна не раней адзінаццаці. Калі ён вячэрае ў каменданта, дык заўсёды вяртаецца позна.

Дачка акурат прыладавала над агнём саган, каб згатаваць вячэру, але раптам замерла, услухоўваючыся ў невыразныя гукі, якія даляталі да яе праз комін.

— Нехта ідзе лесам, — прашаптала яна. — Чалавек сем-восем, не меней.

Маці напалохалася, спыніла калаўрот і пралепятала:

— О Божухна! І бацькі няма дома!

Не паспела яна дагаварыць, як нехта моцна загрукаў у дзверы.

Жанчыны не адазваліся.

— Атшыніць! — пачуўся гучны гартанны голас.

Па хвіліне маўчання той самы голас паўтарыў:

— Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры!

Бэрціна паклала ў кішэню ў спадніцу пістолю, што вісела на вушаку, падышла да дзвярэй, прыклала да іх вуха і спыталася:

— Хто там?

— Мой ёсць атрат, што быф тут пасафчора, — адказалі знадворку.

— Што вам трэба? — зноў запыталася маладзіца.

— Мой саплукаф ф лес, і мой атрат. Атшыніць, алпо мой ламаф цвэры.

Выбару не было; леснічыха адкінула завалу, прачыніла цяжкія дзверы і ў бялёсым ад снегу прыцемку ўбачыла шасцёх чалавек, шасцёх прускіх салдатаў — тых самых, якія прыходзілі ўжо да іх. Яна цвёрдым голасам папыталася:

— Што гэта вам тут трэба ў такі час?

Унтэр-афіцэр паўтарыў:

— Мой саплюціф, сусім саплюціф, але мой паснаф том. Мой нітшога не еф ат ранак, і мой атрат тожа.

— Але сёння мы з маткаю адны ў хаце, — заявіла Бэрціна.