Выбрать главу

Рычаг помпы апусціўся і замёр.

Калі кухню запоўнілі насцярожаныя салдаты са стрэльбамі напагатове, камендант нетаропка падняў дубовае века.

Спачатку з'явіліся чатыры мокрыя галавы, чатыры бялявыя галавы з доўгімі выцвілымі валасамі, і вось са склепа адзін за адным вылезлі шасцёра мокрых, разгубленых немцаў.

Іх схапілі і звязалі. Потым, баючыся якой-небудзь неспадзяванкі, усе адразу рушылі назад у горад, раздзяліўшыся на дзве групы: адна суправаджала вязняў, другая — Малуазона, якога паклалі на сяннік, а сяннік — на жэрдкі.

У Рэтэль вярнуліся з перамогай.

Пан Лявінь быў узнагароджаны ордэнам за тое, што ўзяў у палон прускі авангард, а таўстун булачнік атрымаў медаль за раненне ў баі з ворагам.

Пераклад: Ніна Мацяш

Хрышчэнне

— Трохі каньяку, доктар?

— Ахвотна вып'ю.

Стары марскі лекар падаў кілішак і сачыў, як той напаўняўся прыгожым, у залатых праменьчыках пітвом.

Пасля ён падняў яго да вачэй, нахіліў да святла, панюхаў, узяў на язык некалькі кропель і доўга смакаваў іх у сасмаглым роце, а потым сказаў:

— О! Чароўная атрута! Ці нават вабны забойца, хітры і падступны душагуб!

Вы ж не ведаеце, што гэта такое. Хоць і чыталі выдатную кнігу «Пастка», але ў адрозненне ад мяне не бачылі, як спірт знішчыў цэлае племя дзікуноў — маленькае негрыцянскае каралеўства; яно загінула праз спірт, прывезены ў круглабокіх бочках, якія рыжабародыя ангельскія маракі кацілі па сходах на бераг з нявіннымі лагоднымі ўсмешкамі.

Пачакайце, я бачыў, на свае вочы бачыў, як спірт стаў прычынай трагедыі, вельмі дзіўнай і дужа балючай, якая адбылася зусім недалёка адсюль — у брэтонскай вёсачцы ў наваколлі Пон-ль'Абэ.

Адзін год я не працаваў і адпачываў у сялянскай хаце, якая засталася мне ад бацькі. Вы ведаеце гэты плоскі бераг, дзе ўдзень і ўночы ў калючых нізкіх уцёсніках шалёна вые вецер, а вялізныя камяні, колішнія багі, трывожна і насцярожана прылеглі-паснулі на зямлі. Мне ўвесь час здаецца, што вось-вось гэтыя гранітныя волаты ажывуць і павольнай хадою рушаць па палях і лугах або распрастаюць свае шырокія крылы і паляцяць у рай да святароў-друідаў.

Мора абдымае і сціскае небакрай, б'ецца аб чорныя ў белых кудлах пены рыфы, падобныя на сабак, якія чакаюць рыбакоў.

А людзі выходзяць у гэтае жудаснае мора, і яно перакульвае іх лодкі ўдарамі зялёнага хрыбта і праглынае, як таблеткі. Штодзень і штоночы адплываюць яны на сваіх трухлых чаўнах, смелыя, узбуджаныя і п'яныя. Але яны вельмі часта бываюць нападпітку. «Як пляшка поўная, — кажуць яны, — бачыш рыф, а як пустая — дык не бачыш».

Завітайце ў іхнія халупы. Вы ніколі не застанеце там бацькі. Спытайце ў жанчыны, што сталася з мужам, — яна пакажа на змрочнае мора, якое раве і плюецца белай слінай на ўсё ўзбярэжжа. Ён не вярнуўся ў той дзень, калі хапіў лішку. Старэйшы сын таксама. Засталіся яшчэ чацвёра светлавалосых моцных дзецюкоў. Неўзабаве іх чарга.

Жыў я, значыць, у сваёй сялянскай хатцы каля Пон-ль'Абэ рэзам са слугой — былым мараком і сям'ёй брэтонцаў — мужчына працаваў садоўнікам, а жонка і швагерка прыглядалі ў хаце, калі мяне не было.

І ў той год пад каляды ў іх нарадзіўся хлопчык.

Бацька папрасіў мяне быць хросным. Я не змог адмовіцца, і ён пазычыў у мяне дзесяць франкаў на царкоўныя выдаткі — так ён сказаў.

Хрышчэнне назначылі на 2 студзеня. Ужо тыдзень, як зямля здранцвела пад сіняватым цвёрдым цаліком, што акрыў увесь гэты плоскі нізкі абшар, за якім чарнела мора і зводдаль было відаць, як яно дыхала, выгінала спіну, кацілася імклівымі хвалямі, быццам прагнула кінуцца на свайго нерухомага суседа, які здаваўся мёртвым, бо ляжаў спакойны, белы і настылы.

А дзевятай раніцы да мяне прыйшлі бацька Керандэк са швагеркай — доўгай худой Кермаган — і нянькай, якая ў коўдры несла дзіця.

Мы рушылі да царквы. Мароз стаяў такі, што ад яго трашчалі камяні-дальмены, і цела ледзь не трэскалася ад яго калючых укусаў. А я думаў пра беднае немаўля, якое неслі наперадзе, і казаў сабе, што брэтонцаў выкавалі з жалеза, калі іх дзеці ад нараджэння могуць трываць гэтакія прагулкі.

Мы падышлі да царквы, але дзверы былі зачыненыя.

Плябан пазніўся.

Тады нянька прысела на тумбу каля ганка і ўзялася расхутваць дзіця. Спачатку я падумаў, што хлопчык абрабіўся, але яго, беднага, збіраліся выставіць зусім голага на люты мароз. Абураны такой неасцярожнасцю, я не вытрываў:

— Вы што, з глузду з'ехалі? Вы ж заб'яце яго!

Жанчына цвёрда сказала: «Ды не, вашэці, ён мусіць чакаць Божаньку зусім голы».

Бацька з цёткай спакойна пазіралі на гэта. Такі звычай. Паруш яго, і дзіцяці не будзе шчасця ў жыцці. Я абураўся, крычаў на мужа, пагражаў пайсці дадому і нават спрабаваў сілай адабраць немаўля. Усё было дарэмна. Нянька па снезе шпарка ўцякала ад мяне, а хлопчыкава цельца рабілася фіялетавае.