Выбрать главу

ВАВЁРКА.

Радыяцыя ў грыбах!

МЯДЗВЕДЗЬ.

Што? Я трохі не дачуў…

Як дагодзіш чытачу,

Калі шахматы ды кава

І стаіць на месцы справа?!

(Абводзіць усіх грозным паглядам.)

За работу, лайдакі!

ВОЖЫК (ціха). Наваяем на вякі.

МЯДЗВЕДЗЬ. Што?

ВОЖЫК.

Я гэта… проста так.

МЯДЗВЕДЗЬ.

Адбрахацца ты мастак,

Ведаю… (Лісе.) А вас прашу…

ЛІСА (убок).

Можа, сёння саграшу.

Ліса засталася ў кабінеце шэфа, адтуль даносіцца яе залівісты смех. Усе вяртаюцца на свае месцы. Сарока з паперамі кудысь пабегла.

Вавёрка разбірае пошту.

ВАВЁРКА.

Што нам пішуць?

ВОЖЫК.

Зноў пра дровы?

ВАВЁРКА.

Не, закрылі клуб чарговы…

А яшчэ злучылі – клас! –

Птушкафабрыку й калгас!

Замалёўкі… Абразкі…

Надрукуем моякі.

А паэтаў – як смяцця!..

ВОЖЫК.

Уцякаюць ад жыцця

Ў мары ўласныя, у мроі…

ВАВЁРКА.

Ты ды я, ды мы з табою,

Тры бярозкі, два кусты –

Ўся тэматыка. Кранты.

ЗАЯЦ.

Нам бы крытыка у штат…

ВАВЁРКА.

Каб здурнеў ад вершанят?

ВОЖЫК.

Ой, газета, глас народа…

ВАВЁРКА. Памаўчаў бы. Што за мода!

ЗАЯЦ.

Лесапілкі у бары…

ВОЖЫК.

Сумна штосьці, спадары…

ЗАСЛОНА

Стары кажух

(Абразок паводле “Казак жыцця” Якуба Коласа)

Дзейнічаюць:

ДЗЕД АНІСІМ

УНУЧКА

1-ы ХЛОПЕЦ

2-і ХЛОПЕЦ

ВЯСНА

ВЯДУЧЫ

ВЯДУЧЫ. Калі вы скажаце, што гэта не праўда, а байка, дык я запытаюся: а дзе тая мяжа, што аддзяляе праўду ад выдумкі? І ці не бывае так, што выдумка ходзіць за праўду, а  чыстую праўду лічаць выдумкай? А калі так, то прашу слухаць уважна.

Дзед Анісім на прызбе ў старым, латаным-пералатаным кажусе. За яго спіной – такая ж старая, перакошаная хата. Ціўкаюць птушкі, лезуць калівы з глебы – вясна ў разгары.

ВЯДУЧЫ. Хто ведаў дзеда  Анісіма, той ведаў і яго паношаны кажух. Ніколі ён з ім не расставаўся – ні летам, ні зімою. Такі ўжо быў звычай у старога Анісіма. Мужыкі жартавалі з гэтага кажуха, дзеці дзівіліся, тыцкалі пальцамі, а дзед і вухам не вёў.

ДЗЕД (сабе). Зноў мой кажух падраўся. Цікава, а якога ён быў колеру? Ці то белага, ці то чырвонага? Сам не памятаю. Зашыю адну дзірку – у другім месцы разлазіцца. А сонца прыпякае, халера... (Зняў шапку.)

Ідзе   У н у ч к а.

УНУЧКА. Дзядуля, табе мама аладак прыслала. (Падае міску.)

ДЗЕД.  Прыслала,  то  добра.  Пастаў.  (Унучка  ставіць  міску  на прызбу.)

УНУЧКА. Мама сказала цябе накарміць і ў хаце падмесці.

ДЗЕД. А? Куды адвесці?

УНУЧКА. Дзедка, ты добра чуеш, ой добра! Дзе твая мятла?

ДЗЕД. Мая мятла з дому сышла, мой савок збег у лясок.

УНУЧКА. Пайду пашукаю. (Пайшла ў хату і хутка вярнулася.)

А  яшчэ  мама  намовіла,  каб  ты  ў лёгкае  пераапрануўся,  а  я  каб прасачыла. Давай, пераапранайся.

ДЗЕД. Ох, ох, спіна баліць... Сярэдзіна ные... Плячо круціць...

УНУЧКА. Хітры ты, дзядуля.

ДЗЕД.   Жыццё   ўсяму   навучыць,   унучачка.   І   хітрым   быць,   і злосным, і ліслівым...

УНУЧКА. Чакай... (Пабегла ў хату і вярнулася з белай кашуляй.)

Во, апрані.

ДЗЕД. А? Апрану, а як жа. Як аладкі з’ем. А ты бяжы сабе, бяжы...

УНУЧКА. Не пайду, пакуль не надзенеш. Праз цябе з мяне дзеці на вуліцы смяюцца.

ДЗЕД. Смяюцца? То ж не кепска. Кепска, калі плачуць... Маме скажы дзякуй. Бяжы.

Унучка пайшла. Дзед разглядае прынесеную кашулю, быццам думае – надзець ці не.

Ідуць два х л о п ц ы.

1-ы  ХЛОПЕЦ (2-му). Паглядзі на дзеда. Ну як  пудзіла  ў гэтым кажусе. Хоць на агарод стаў!

ДЗЕД.   А?   Якое   пудзіла?   Які   агарод?   Ото   як   задам   табе, галадранцу! (Размахвае кульбай.)

2-і ХЛОПЕЦ. Не гарачыся, дзед! Мы кажам: ці не пара табе кажух памяняць.

ДЗЕД. Не ваша справа! Мой кажух – мне і насіць. Такіх ва ўсёй ваколіцы няма.

1-ы ХЛОПЕЦ (з іроніяй). Што няма, то няма. Твая праўда!

ДЗЕД (буркліва). Ведаю я цяперашнюю моду. Зробяць стрынгаля і бегай, як кот з апечаным задам...

1-ы ХЛОПЕЦ (2-ому). Яшчэ заразу якую развядзе... Кажуць, у яго прусакоў – поўная хата.

2-і ХЛОПЕЦ. І чаму людзі так старое любяць, аджыўшае?

1-ы ХЛОПЕЦ. Бо новага баяцца.

Хлопцы адышліся, шэпчуцца.

1-ы ХЛОПЕЦ. А давай украдзем дзедаў кажух ды спалім.

2-і ХЛОПЕЦ. Як ты яго ўкрадзеш?

1-ы ХЛОПЕЦ. А так. Як засне, мы ціха падкрадземся, злаўчымся – і сцягнем.