Выбрать главу

2-і ХЛОПЕЦ. Згодзен.

1-ы ХЛОПЕЦ. Дай пяць! (Цісне руку таварыша.)

ВЯДУЧЫ. Выбралі хлопцы зручную часіну і завіталі неяк у дзедаву хату. Дзед Анісім моцна спаў на палацях – адпачываў пасля абеду. Але апраткі не зняў. Так шанаваў ён свой кажух, так з ім зжыўся.

Чуваць храп дзеда.

2-і ХЛОПЕЦ. Во дзіва: ён і спіць апрануты!

1-ы ХЛОПЕЦ. Паспрабуй цяпер зняць...

2-і  ХЛОПЕЦ.  А  мы  паціхеньку.  (Асцярожна  здымае  з  дзеда папружку.)

1-ы ХЛОПЕЦ. Хаця б не прачнуўся...

2-і ХЛОПЕЦ. Паднімецца дзед, а яго старой апраткі як не было!

1-ы ХЛОПЕЦ. Уяўляю: што пачнецца!.. (Смяюцца.)

ДЗЕД  (прачнуўшыся).  А?  Хто  тут?  (Усхапіўся.)  Людзі,  ратуйце!

Злодзеі! (Агледзеўся.) А, гэта вы, гіцалі! Абармоты! А во вам!

Дзед замахваецца кульбай, хлопцы са смехам разбягаюцца.

Дзед гоніцца следам.

ВЯДУЧЫ. Толькі і паспелі хлопцы, што адзін  рукаў  адарваць. Бяда ў Анісіма: замахнулася моладзь на самае святое! Няўжо дзед задумаецца, няўжо паслухае людзей?

Дзед сядзіць ля хаты ў кажусе без аднаго рукава, прамень асвятляе яго сагнутую постаць.

ДЗЕД. Лёгка ім гаварыць: “Купі новы”. Прыдбай на базары новую аўчыну – раз. Знайдзі краўца, і не абы-якога – два. Гузікі, зноў жа... Тры. Прымеркі. А яшчэ як не падыдзе... Як фасон не спадабаецца... А тады бойся, каб не ўкралі. Не, адзін клопат з гэтымі абновамі. А тут – сваё, звыклае, роднае можна сказаць! Даражэнькі мой кажушок! Верны мой таварыш і спадарожнік!

Ідзе дзяўчына ў вышытай вопратцы, з доўгай касою.

Гэта В я с н а.

ВЯСНА. Дзень добры, дзед Анісім!

ДЗЕД. Ды які ён добры! Во, рукаў адарвалі гіцалі. (Прыгледзеўся.) А ты чыя будзеш?

ВЯСНА. І не сястра нікому, і не дачка, але ўсім людзям мілая.

ДЗЕД. А? Чамусь я раней цябе не бачыў.

ВЯСНА.  Бо пад ногі глядзіш толькі. (Паўза.) Табе, дзядуля, не горача?

ДЗЕД.  Скажаш  яшчэ  –  горача!  З  дня  на  дзень  пахаладнее.

Замаразкі пачнуцца.

ВЯСНА. І пачнуцца, як зімовую вопратку не здымеш. Ты ж лета пужаеш!

ДЗЕД. Ага, напужаеш яго... Кожны год у час прыходзіць.

ВЯСНА.  Ты  купіў  бы  сабе  новую  апратку,  дзядуля.  Латаны-пералатаны твой кажух, жывога месца не засталося.

ДЗЕД. І ты пра тое ж! Ідзі, красуня, сваёй дарогай, а мне трэба за справу брацца.

ВЯСНА. Не буду замінаць табе. Але напомню: пакуль ад старога не збавішся – новае не прыйдзе.

ДЗЕД (задумаўся). Як гэта?

ВЯСНА.  А  так.  Месца  для  новага  не  будзе.  Занятае  яно.  Ну, бывай, дзядуля! (Адыходзіць.)

ДЗЕД. Як завуць, дзяўчына?

ВЯСНА (зводдаль). Вясна! Вясна мяне завуць.

ДЗЕД. А? Якая вясна? У нашай вёсцы такіх няма. (Разглядае кажух.) Ай-яй-яй... Як згаварыліся ўсе! І чаго прысталі? Чаго  ад мяне, старога, хочуць?

Выходзяць Вядучы і хлопцы.

ВЯДУЧЫ.

Час няможна ашукаць, Ён мудрэй за нас усіх. Чым баяцца і дрыжаць – Адкрывайце зрок і слых.

1-ы ХЛОПЕЦ.

Дзед упарты, як бязмен,

Над старым трасецца.

2-гі ХЛОПЕЦ.

Хто баіцца перамен,

З таго люд смяецца.

ЗАСЛОНА

ТОТА, ЛЯПА І ПАНУРА*

* Персанажы старажытнай казкі, запісанай ад дзеда А. Наўчанковай (г. Клецк)

Жартоўная сцэнка для дарослых

Дзейныя асобы:

ТОТА, воўк

ПАНУРА, авечка

ЛЯПА, гаспадар

ХЛОПЦЫ-КАЛЯДОЎШЧЫКІ

Зіма. Вясковы падворак. Т о т а грукае ў вароты, стараецца быць ветлівым.

ТОТА.

Гэй! Прашу вас адчыніць! Я не есці і не піць – Справу маю, не жабрак. (Чакае.) Хтосьці грукнуў. Добры знак.

Паблізу гаўкае, аж заліваецца сабака.

Маўчаў бы, псіна, покуль жыў. Я недарэмна зуб тачыў. Адчыніце! Лепей будзе! Дык ці ёсць у хаце людзі?!

Вароты адчыняе Л я п а  ў кажусе.

ЛЯПА.

Што за шум, а дракі нету?

Не пускаем без білета.

ТОТА.

Тут жа, дзядзька, не кіно.

ЛЯПА.

Панімаю. Знаю. Но…

ТОТА.

Кінем жарцікі, стары.

ЛЯПА (змяняе тон).

Што за справа? Гавары.

ТОТА.

Час калядны, шуры-муры…

Карацей – я да Пануры.

ЛЯПА.

У цябе губа не дура…

Дзеўка відная – Панура. (Прыглядаецца.)

Станька, брат, у поўны рост…

Ды ў цябе з-пад курткі – хвост!

ТОТА (запраўляючы хвост у штаны).