Выбрать главу

Я нічым не памагу.

ВАВЁРКА.

Чуць такое вельмі горка,

Вельмі крыўдна… Я, вавёрка…

ЛІСА.

Дробным слова не давалі.

ВОЎК.

Можа, скажа наша краля?

(Думае.)

Дзе ў нас вёдры і багры?

САРОКА.

Ўсё прысвоілі бабры,

А на шланзе сам ты спіш.

ВОЎК.

Гаваркая ты… Акыш!

Сплю, бо холадна ў бакі.

Доля злая. Лёс такі.

ВАВЁРКА.

Я хвастом! Нашто вада?

МЯДЗВЕДЗЬ.

Ой, малая дурата!

ЛІСА (прынюхалася).

Падбіраецца… О Божа!

Дыму проста не выношу.

Алергія і мігрэнь…

МЯДЗВЕДЗЬ.

Выверну я гэты пень,

І тушыць мы будзем пнём.

ЗАЯЦ.

Разам справімся з агнём!

Ну, пабег далей…

САРОКА. Бяжы.

Ўсім сустрэчным раскажы!

З’ява 2.

Заяц, бегучы, ледзь не збіў з ног В о ж ы к а, які валачэ большы за сябе вогнетушыцель.

ВОЖЫК.

Эй, лягчэй на паваротах!

ЗАЯЦ.

Выбачай, мая работа –

Ўсім звярам паведаміць,

Што пажухлы дол гарыць.

(Пабег.)

ВОЖЫК.

Што, панове, лясы точым?

САРОКА.

Ды звычайны сход рабочы.

ВОЖЫК.

Бачу, бачу… Ля-ля-ля

Языкамі, а пасля…

Покуль сход у вас кіпіць,

Пачалі канаву рыць

Два дзікі – без лішніх слоў.

ВОЎК.

Дзік капае – будзь здароў!

САРОКА.

Засцілае дымам неба…

МЯДЗВЕДЗЬ.

Пень, гляджу я, без патрэбы.

(Вожыку)

За сіфон цябе хвалю.

Я здагадлівых люблю!

ЛІСА.

Невыносная задуха! Я пайшла.

ВОЖЫК.

Бывай, хітруха!

(Вавёрцы)

А цябе, дзіцячы сад,

Ўжо даўно шукае брат.

Збіўся з ног…

МЯДЗВЕДЗЬ.

Бяжы, малая…

ВАВЁРКА.

Вы знарок? Наўмысна? Зна-аю…

ВОЖЫК.

Каб я лопнуў! Не маню!

ВАВЁРКА.

Мы аб’явім бой агню!

САРОКА.

А на першай паласе

“Ганьба воўку і лісе!”

Загаловак будзе…

ВОЖЫК. Дзе?

Ты б газету перш адкрыла,

А пасля б ужо кляйміла.

ВОЎК (гледзячы на ногі).

Гэты чортаў “Адзідас”

Разагнацца мне не дасць:

Лапы прэюць і баляць…

Трэба, мусіць, выкідаць…

(Скідае красоўкі.)

Добра, я таксама з вамі…

САРОКА (адлятаючы).

Я вярнуся са звярамі.

Сабяру мясцовых птушак,

І агонь як стой патушым.

ВАВЁРКА.

А я вёдры вам знайду.

МЯДЗВЕДЗЬ.

Разам рушым на бяду.

ВОЖЫК.

Адратуем родны лес!

ВОЎК.

Бо пражыць не можам без.

РАЗАМ.

Толькі дружна, толькі ўсе мы

Разам пойдзем на праблему!

Звяры выстройваюцца ў шарэнгу, спераду Вожык

з вогнетушыцелем, замыкае Вавёрка, камандуе Мядзведзь.

МЯДЗВЕДЗЬ.

Аць, два! Аць, два!

ВАВЁРКА.

За-га-рэ-ла-ся трава.

ВОЖЫК.

Хто рашучы – той герой!

МЯДЗВЕДЗЬ.

Левай! Леваю!

Прыбягае Заяц.

ЗАЯЦ. Адбо-о-ой!

МЯДЗВЕДЗЬ.

Як? Мы дзейнічаць рашылі!

ЗАЯЦ.

Дзеці самі патушылі.

ВОЎК.

Мог красоўкі не скідаць.

ВАВЁРКА (расчаравана).

Я ж хацела паспрыяць…

ВОЖЫК.

Шчэ не знаў такога бор:

Быў у нас вучэбны збор!

РАЗАМ.

Толькі дружна, толькі ўсе мы

Разам пойдзем на праблемы!

ЗАСЛОНА

КІСКА, НЕ ПАДМАНЕШ!

Міні-п’еса для дзяцей

Дзейнічаюць:

КОШКА-РЫСКА

МЫШ

Каля норкі ў куце пакоя з меланхалічым выглядам, заплюшчанымі вачамі сядзіць К о ш к а.

На самай справе яна напружаная і ў чаканні здабычы.

КОШКА.

Дык злаўлю ці не злаўлю

Гэта дробнае стварэнне?

Бо канчаецца цярпенне

І затрымкі не люблю.

МЫШ (выглядваючы з норкі).

Твая справа – паляваць,

Мая справа – уцякаць.

КОШКА (пазяхаючы).

Мае вочкі моцна спяць...

МЫШ.

Не падманеш мяне, кіска.

Ты як тыгра тая – ў рыску.

Як заціхла – кепскі знак...

КОШКА (абурана).

Ды сяджу я проста так!

Проста села і драмлю,

Цішыню, спакой люблю.

МЫШ.

Хопіць хітрыкаў, кісуля!

Там, дзе ты, ніякіх гуляў

Не бывае ў мышанят.

КОШКА (цікуючы за Мышшу).

Разумею... Кожны рад

Жыць бяспечна... Я таксама.

“Будзь хітрэй!” – вучыла мама.

“Вуркачы, ля ног патрыся –

Малачка прыбудзе ў місе.”

Вось, сяброўка... Павучыся!

МЫШ.

Хто сяброўка? Я? Аж смех!

Прытварацца, кіса, грэх.

Хто прытвора – той і хлус,

Ненадзейны з ім хаўрус.

Вакол пальца абвядзе...