РАМОНАК. Што мне іхняя зіма! А, з вашымі сходамі… Лепей бы мяне карова з’ела... (Махнуў рукой і падаўся прэч.)
МЕДУНІЦА. Бедны Рамонак! Ён такі далікатны, так схільны да дэпрэсіі...
Званочак кінуўся за Рамонкам.
З’яўляецца задыханы Матыль. На хаду перахоплівае і вяртае Рамонка.
МАТЫЛЬ. Пачакай! Не трэба!
МЕДУНІЦА (Смолцы). Што з ім?
МАТЫЛЬ (Рамонку). Не ідзі да каровы! (Усім.) Не хадзіце! Аса сказала… Сам чуў…
РАМОНАК. Што ты чуў?
МАТЫЛЬ. Што касілка… касілка… паламалася!
РАМОНАК. Не можа быць. Якое шчасце!
Кветкі скачуць і пляскаюць у ладкі.
СМОЛКА, МЕДУНІЦА. Паламалася! Паламалася! Будзем жыць!
Ура-а-а!
ЗВАНОЧАК. Манюка гэтая вашая Аса!
МАТЫЛЬ (сабе). А што калі Аса... Не, не можа быць. Яна сказала мудрую рэч: жыццё сапраўды зменлівае. Палоска чорная, палоска белая… Галоўнае – перачакаць чорную!
РАМОНАК. Значыць, я дапішу сваю паэму?
СМОЛКА. А я паспею дарабіць свае справы... і з табой памірыцца… Праўда? (Лашчыцца да Матыля.)
Званочак сілком вядзе Асу, тая ўпіраецца і верашчыць.
ЗВАНОЧАК. Палюбуйцеся!
АСА. Пусці, расліна! Я чмялю паскарджуся.
ЗВАНОЧАК. Гэтая аферыстка нас падслухоўвала!
МЕДУНІЦА. Даносчыца…
СМОЛКА. Разлучніца! Што, чмялю хацела дагадзіць? Падслухаць і расказаць, так?
МАТЫЛЬ (Званочку). Адпусці яе.
СМОЛКА. Ага, заступаешся...
АСА (вызваліўшыся). Я навіну хацела расказаць. І не чмялю, а вам!
СМОЛКА. Уважліва цябе слухаем.
АСА. Гэты луг… Цалкам... Аж да лесу... Увесь наш луг выкупіў фермер.
КАРОВА (здаля). Му-у-у…
УСЕ (разам). Не можа быць!
АСА. Тэхнікі ў яго – цэлы двор. Сама бачыла.
МАТЫЛЬ. З агню ды ў полымя.
ЗВАНОЧАК (Матылю). І ты ёй верыш?
СМОЛКА. За адзін дзень столькі перамен!
РАМОНАК. І што цяпер?
Ледзь ідзе Пчолка з дзвюма поўнымі вядзерцамі. Стала, адпачывае.
ПЧОЛКА. План я сёння перавыканала. (Выцірае пот.)
АСА. Давай паднясу, сяброўка. (Бярэ адно вядзерца, падміргвае ў залу.) А то мужчыны ў нас нездагадлівыя. (Разам аддаляюцца.) Ды наманіла я ім, гэтым зёлкам лёгкаверным... Няхай патузаюцца.
Любоў за ўсё мацней
Дзейныя асобы:
МУЖ
ЖОНКА
АНЁЛ-АХОЎНІК
ЧОРЦІК
СМЕРЦЬ
Верхні ярус. Маладая жонка калыша на руках дзіцятка.
ЖОНКА (спявае). “Люлі, люлі, люлі, дзеткі ўсе паснулі”… Позна ўжо, а таткі нашага няма. На рабоце, мабыць, затрымаўся. Працавіты ён у нас. І ты, сынок, гэткім вырасцеш… “Люлі, люлі, люлі спаць, а я буду калыхаць. Прыйдзе шэранькі ваўчок…”
Ніжні ярус. Мужчына выходзіць з дзвярэй, на якіх напісана “гараж”.
Зіма, сыплецца снег.
МУЖ. Цяжкі сёння дзень выдаўся. Ну, нічога, не ўпершыню. Работа ў нас такая. (Паўза.) Можа, ў краму зайсці па дарозе? Піўца куплю ды і хлеба заадно, жонка прасіла.
АНЁЛ (з правага боку). Лепей без піва абысціся. Галава будзе цяжкай, вочы – мутнымі… Спаць адразу завалішся, з сыночкам не пагуляеш…
ЧОРЦІК (з левага боку). Ой, і смачнае ж яно, піва… “Старажытнаае” возьмеш ці “Балтыку” нумар восем. Пеністае, хмельнае… Адну бутэлечку не грэх кульнуць.
МУЖ. Праўду кажаш. Адну, для расслабону толькі – і дадому, у цяпло, да мілай маёй жоначкі.
ЧОРЦІК. Хі-хі! Усё па плану, усё як я хачу! (Скача ад радасці.)
Верхні ярус. Жонка вешае пялёнкі ды распашонкі.
ЖОНКА. Дзе ж ён? Затрымліваецца... Хлеба на вячэру няма, хаця б не забыўся купіць. Мабыць, зноў гэтым півам накачаецца…
АНЁЛ (збоку). Не думай кепскага, жанчына!
ЖОНКА. Столькі хлопцаў заляцалася, а я яго чамусьці выбрала.
От падабаўся – і ўсё. Сэрцу, кажуць, не загадаеш…
АНЁЛ. Ты ж пакахала яго, і ён да цябе прыкіпеў, а з каханнем вы ўсё пераадолееце. Толькі не трэба сумняцацца. Маліся, кліч Архангела Міхаіла!
ЖОНКА. Забыўся пра нас Бог, неіначай…
Ніжні ярус. Муж выцірае вусы, пагладжвае жывот.
З кішэні курткі відна бутэлька.
МУЖ. От, адразу лепей стала… Зусім другі настрой. Нават зоркі з неба весялей пазіраюць. Да сябрука наведацца, ці што?
ЧОРЦІК (прыхаваўшыся, сабе). Здорава! У нас на дзве галавы адна думка!
АНЁЛ (спяшаючы на дапамогу). Позна ўжо! Цябе жонка чакае з малым дзіцем, непакоіцца. Ды і сябра твой за дзень стаміўся, спаць кладзецца.