Выбрать главу

Я зірнуў у яго звужаныя ад гідлівасці да мяне вочы і нечакана зразумеў: ён ВЕДАЕ. Ён ведае праўду! І ледзь стрымаўся, каб сказаць далей амаль абыякава:

— Ну, сёе-тое я ведаю.

— І што? — ні адна жылка не тарганулася на яго твары.

— Ведаю, што не Віктар панясе таямніцу на электрычнае крэсла. Таямніцу панясе ў магілу другі. І гэты другі — Эрні Х’юг.

Ён змаўчаў. Але гідлівасць у вачах змянілася на нянавісць. Ён дапіў сваё піва але заставаўся сядзець, быццам нечага яшчэ чакаў.

Я выпіў рэшткі адным глытком, пакінуў на стале банкноту і выйшаў.

Як жа ўдала я прыехаў! Гэтага Эрні заўтра, калі выйдзе свежы нумар, разарвуць на кавалкі. Ён ведае, ён нешта ведае. Не стаў бы ён дадаваць гэтага дзіўнага. Як ён сказаў. Я дастаў дыктафон, знайшоў ягоныя словы: «Нікому не ведаць праўды». Ах, як мне пашэнціла.

Было пахмурна, але не холадна. Мне хацелася пачаць пісаць адразу, тут, пакуль літаральна стралялі ў галаве аглушальныя фразы, сярод якіх галоўнай была: «Ён сказаў! Ён сказаў, што ніхто не пазнае таямніцу. А ТАК сказаць, з такім тонам можа толькі той, хто сам яе ВЕДАЕ!» Запіс прадам на радыё, на тэлебачанне... Чорт, чорт! Адна фраза гэтулькі мне прынясе .

Працаваць у кабіне з ноўтбукам было няёмка. У бар ісці не хацелася. Зірнуў на блізкі лес. У ім было шмат дубоў-гультаёў — тых, якія ўсю зіму трымаюць на сваіх галінах высахлае лісце. Лес выглядаў ветла. Калі лес так блізка ад пасёлка, не можа быць, каб там не было якога месца адпачынку, нейкай альтанкі! Узяць тэрмас з кавай, ноўт, цыгарэты.

Ледзь прыкметная сцяжынка віхляла, знікала, перасякалася з іншымі сцяжынкамі. Я хацеў пабачыць перад сабой тую альтанку, якая ўжо мроілася мне: невялікая, са столікам пасярэдзіне, але праз хвілін дваццаць я ішоў ужо без дакладнай мэты, зачараваны дзікай прыгажосцю дубовага лесу. Хвілін дваццаць прайшло, і раптам я апынуўся на паляне. Гэта было месца адпачынку пасялковых: альтанкі, малыя і вялікія сталы ды зэдлікі з груба абчасаных плах і адзін велізарны стол у форме выцягнутага колца. Так, я не памыліўся — не магло не быць месца адпачынку. Дзіўна толькі, што так глыбока ў лесе, і я не пабачыў хоць нейкай дарогі для аўтамабіляў.

Знайшоў утульны нізенькі столік — нібыта яго і рабілі для працы з ноўтбукам, а не для адпачынку.

Пальцы ледзь паспявалі за думкамі, якія імкнуліся на волю з маёй галавы: «Ён ВЕДАЕ, бо ён УПЭЎНЕНЫ, што пра гэта не даведаецца ніхто!» Вось гэта загаловачак...

Паўгадзіны працы — і з апошняй кропкай я салодка пацягнуўся, аж захрумсцела нешта ўва мне.

Закурыў, наліў кавы з тэрмаса.

І толькі цяпер пачуў цішыню — цішыню восеньскага лесу. Як тут добра. Умеюць гэтыя мясцовыя выбіраць месцы: вялікая, авальнай формы паляна была ў асяроддзі магутных дубоў. Амаль усе аднолькавай таўшчыні, стульваючы ніжнія галіны, што стварала поўную ілюзію сцяны з калонамі, як у амфітэатры. Ды яшчэ авальная форма паляны — сапраўдны Калізей. Усё збіраўся там пабываць — не атрымлівалася. Вось выдам гэты матэрыял — махну ў Рым, будзе завошта. Зраблю сабе вакацыі. Рымскія вакацыі. Якія былі ў прынцэсы Ганны, дакладней — у Одры Хэпбёрн...

Раптам захацелася, каб менавіта тут з’явілася яна — гэтая дзіўная жанчына. Або хоць бы загучаў яе голас...

Я хутка ўключыў ноўтбук — у мяне ў ім некалькі фільмаў, і сярод іх — мае любімыя «Рымскія вакацыі». З той Одры, якая ўварвалася ў свет, заваявала мільёны душ і сэрцаў, пакарае дагэтуль, і сярод мільёнаў заваяваных — мае душа і сэрца. Гэта мая маленькая таямніца, разумею, што для сваіх прагматычных сяброў я буду дзіваком, калі не больш, са сваім захапленнем. Але гэта адзінае, што ёсць у маім жыцці, апроч газеты. Толькі б хапіла зараду батарэі.

Абапёрся спінай аб малады дуб, уключыў фільм.

Як жа натуральна загучаў у гэтым восеньскім дубовым лесе голас Одры! Я глядзеў фільм — і знаходзіў у выяве Одры нейкія асаблівыя, не ўбачаныя мной раней пяшчоту і жаноцкасць, чароўную грацыю, боскасць голасу...

Адчуў, а не пачуў, што ззаду хтосьці стаіць. Хтосьці глядзіць, як і я, на Одры. Так бывае ў кінатэатры, калі патыліцай адчуваеш рэакцыю суседа.

Нетаропка, хаваючы хваляванне, азірнуўся. Наўрад ці трэба чакаць дабра ад таго, хто падыходзіць так нячутна з-за спіны.Прытрымліваючы рукой карабін, што стаяў ля ног, на манітор ноўтбука глядзеў гэты здаравяка Эрні. Герой майго артыкула, які прынясе мне самы вялікі ў маім жыцці ганарар. Давай, мілы, я цяпер добры, мяне не палохае твой карабін, бо мяне ўжо многія тут бачылі, і Лінда раскажа аб нашай сустрэчы ў бары.

Чорт! Ды ў яго вочы вільготныя!

— Падабаецца? — паўшэптам спытаў я.

— Яна чароўная, — гэтак жа ціха адказаў Эрні.