Выбрать главу

Эрык Фрэнк Расэл

Неба, неба…

Ён шырока расчыніў літыя чыгунныя дзверцы, загледзеўся ў вогнетрывалае чэрава печы, што адкрылася перад ім, і ўздыхнуў на поўныя грудзі. Быццам узіраешся ў машынны адсек касмічнага карабля. Тут, за дзверцамі, павінны быць полымя і грукат, а з таго боку агню — зоркі. Падлога пад нагамі ўздрыгвае. На куртцы ў яго срэбныя гузікі, на каўняры і пагонах — маленькія срэбныя каметы.

— Ну вось, — грымнула над вухам. — Зноў ты як адчыніў дзверцы, дык адразу і аслупянеў. І што ўжо там такога незвычайнага ў гэтай печы?

Куртка з срэбнымі гузікамі і каметамі знікла, застаўся толькі засалены белы халат. Падлога пад нагамі больш не ўздрыгвала, адно рыпелі маснічыны. Зоркі пагаслі, нібыта іх ніколі і не было.

— Нічога, мсье Траба.

— Тады ўвага! Распалі агонь, як цябе вучылі.

— Зараз, мсье Траба.

Ён схапіў ахапак пахучага хваёвага галля, сунуў яго ў печ і доўгай жалезнай качаргой запхнуў як мага глыбей. Потым другі ахапак, трэці. Пасля падабраў з падлогі дзесятак маленькіх, клейкіх ад смалы хваёвых шышак і па адной закінуў туды ж, у самую сярэдзіну. І задуменна паглядзеў на ўсё, што зрабіў сваімі рукамі. Ракета, зараджаная хваёвымі шыпулькамі і шышкамі. Ото дурнота!

— Жуль!

— Зараз, мсье Траба.

Ён хуценька хапаў хваёвыя галінкі, сучкі і маленькія паленцы і соваў іх у печ, пакуль не напхаў колькі можна было. Ну вось, усё гатова.

Цяпер, каб узляцець, караблю патрэбна адна толькі іскра. Хтосьці на самым версе павінен пільна сачыць, каб разбеглася ўся наземная каманда, каб не трапіў ніхто пад полымя, што зараз вырвецца з соплаў. Вось умелая шматвопытная рука ледзь прыкметна кранула пурпуровую кнопку. І адразу ж недзе пад нагамі выццё, шалёны дрогат і пад'ём, спачатку павольны, потым усё хутчэйшы і хутчэйшы…

— Ото гора маё! Зноў ён нібы скамянеў! І завошта толькі, за якую віну лёс паслаў мне такога разяву!

Траба рынуўся паўз яго да печы, сунуў у яе запалены жмут паперы і з бразгам зачыніў дзверцы. Потым павярнуўся да свайго памочніка, грозна ссунуў калматыя чорныя бровы.

— Жуль Рыу, табе ўжо шаснаццаць. Так?

— Ага, мсье Траба.

— Значыцца, ты ўжо дарослы і павінен разумець: каб хлеб спёкся, у гэтым пекле павінна быць па-сапраўднаму горача. А на гэта патрэбен агонь. А каб быў агонь, яго трэба запаліць. Правільна я кажу?

— Ага, мсье Траба, — сарамліва згадзіўся ён.

— Дык чаму ж ты прымушаеш мяне паўтараць табе ўсё гэта тысячу разоў?!

— Я абэлтух, мсье Траба.

— Калі б ты быў проста абэлтух, усё было б зразумела і я табе дараваў бы. Пан Бог на тое і стварае дурняў, каб людзям было каго шкадаваць.

Траба сеў на даверху насыпаны, прыпарушаны мукою мех, валасатай рукою прыгарнуў да сябе хлапчука і даверліва загаварыў зноў:

— Твае думкі блукаюць, як у закаханага, якога сяброўка прагнала прэч, — дзесьці далёка-далёка. Скажы мне, дружа, хто яна?

— Яна?

— Ну але, гэтая дзяўчына, гэтае нябеснае стварэнне, якое задурыла табе галаву.

— Ніякай дзяўчыны няма.

— Няма? — Траба шчыра здзівіўся. — Ты пакутуеш, перажываеш, і тут не замешана дзяўчына?

— Не, мсье.

— Дык пра што ж ты марыш?

— Пра зоркі, мсье.

— Сто тысяч чарцей! — Траба бездапаможна развёў рукамі і з нямою мальбою ўтаропіўся ў столь. — Пекарчук! І пра што ж ён марыць? Пра зоркі!

— Я нічога не магу з сабою зрабіць, мсье.

— Вядома, не можаш. Табе ўсяго шаснаццаць. — Траба паціснуў плячамі. — Я задам табе два пытанні: як жыць людзям, калі ніхто не будзе пячы хлеб, і як ляцець да зорак, калі на свеце не застанецца людзей?

— Не ведаю, мсье.

— Сярод зорак лятаюць касмічныя караблі, — разважаў далей Траба. — А чаму? Ды толькі таму, што на Зямлі ёсць жыццё. — Ён нагнуўся і падняў даўжэзны цудоўна ўпечаны хлеб з залацістай скарыначкай. — А жыццё падтрымліваецца вось гэтым!

— Праўда, мсье.

— Думаеш, мне не хацелася б паблукаць сярод зорак? — спытаў Траба.

— Вам, мсье? — Жуль вылупіў на яго вочы.

— Само сабой зразумела. Але я ўжо стары і сівы і ў сваёй справе таксама праславіўся. Шмат ёсць такога, чаго я рабіць не ўмею і ніколі ўжо не навучуся. Але я стаў майстрам: я пяку цудоўны хлеб.

— Гэта праўда, мсье.

— І не забудзься, — Траба пагразіў пальцам, — гэта не якая-небудзь размазня машыннага замесу ў безансонскай электрычнай пякарні. Не, гэта сама сапраўдны хлеб, ад душы прыгатаваны жывымі чалавечымі рукамі. І я пяку яго старанна, пяку з любоўю — вось у чым сакрэт. У кожную выпечку я ўкладваю часцінку свае душы. Таму вось я і майстар. Ты зразумеў?