Выбрать главу

— Зразумеў, мсье.

— Дык вось, Жуль: людзі прыходзяць сюды не проста купіць хлеба. Канечне, на шыльдзе над маім акном сказана: «П'ер Траба, пекар». Але гэта, як і належыць, усяго толькі сціпласць. Бо што вылучае майстра, што для яго характэрна? Сціпласць!

— Так, мсье Траба.

— Я толькі адчыню печ, па ўсёй вуліцы паплыве дух гарачага хлеба, — і ўжо з усіх бакоў да мяне спяшаюцца людзі са сваімі кашолкамі. А ведаеш чаму, Жуль? Таму, што яны маюць цудоўны густ і іх ажно нудзіць ад гэтых сырых цаглін, якія выдае электрычная пякарня. І яны ідуць сюды купіць плён майго майстэрства. Праўду я кажу?

— Праўду, мсье.

— Тады радуйся: у свой час і ты станеш майстрам. А пакуль што забудземся на зоркі: яны не для нас з табою.

Тут Траба ўстаў з меха і пачаў пасыпаць ацынкаваны стол мукою.

Жуль моўчкі пазіраў на дзверцы печы: там унутры штосьці гуло, трашчала, сіпела. Пах ад палаючых хваёвых дроў напоўніў пякарню і заструменіў па вуліцы. Праз нейкі час Жуль адчыніў дзверцы, і ў твар яму дыхнула гарачынёй, раз'юшанай і ўдушлівай, як полымя, што вырываецца з ракеты.

Неба, неба, я прайду з краю ў край, я прайду з краю ў край неба, неба…

Палкоўнік Піне бліснуў маноклем, перагнуўся цераз прылавак і тыцнуў пальцам у напалову схаваны ліст бляхі.

— І, калі ласка, адзін такі.

— Гэтыя хлебцы не прадаюцца, пане палкоўнік, — абвясціў Траба.

— Чаму гэта?

— Гэта ўсё прамашкі Жуля: яшчэ хвілінка — і яны перагарэлі б на вугалі. Я прадаю толькі сапраўдны тавар. Каму ахвота есці вуголле?

— Мне, — паведаміў Піне. — Тут у мяне з жонкай ніяк не супадаюць густы. Вечна ў яе ўсё недасмажана і недапечана. Хоць бы раз у жыцці паласавацца чым-небудзь гэтакім, што было б прапечана да храбусцення! Так што ўжо дазвольце, калі ласка, мне адчуць асалоду ад адной з прамашак Жуля.

— Але, мсье…

— І не спрачайцеся!

— Мадам нізавошта не возьме гэтакі жахлівы хлеб.

— У мадам спатканне з цырульнікам, і яна даверыла мне ўсе пакупкі, — растлумачыў палкоўнік. — І ўжо тут я распараджуся, як мне хочацца. Ды зразумейце ж, шаноўны Траба, не магу я прапусціць гэткі зручны выпадак. Дык што, зробіце вы такую ласку і прадасце мне гэты апетытны вугалёк ці мне давядзецца ісці ў электрычную пякарню?

Траба ўздрыгнуў нібы ад болю, насупіўся, выбраў на лісце бляхі найменш падгарэлы хлеб, старанна загарнуў яго, каб схаваць ад занадта цікаўных вачэй, і нязграбна падаў палкоўніку.

— Божа збаў, гэты Жуль знайшоў мне аднаго пакупніка, але сто іншых я праз яго страчу.

— Ён вас засмучае? — пацікавіўся Піне.

— З ім адны пакуты. Ні на хвіліну не зводзь з яго вока. Толькі павярнуўся спіной, вось так, — Траба паказаў менавіта як, — і на табе! Ён ужо забыўся пра сваю работу і лунае дзесьці сярод зорак, нібы той паветраны шарык, што адарваўся ад ніткі.

— Сярод зорак, кажаце?

— Ну але, пане палкоўнік. Мой Жуль — заваёўнік космасу і прыкаваны да Зямлі толькі нешчаслівым збегам абставін. І з такога вось цеста я павінен зрабіць пекара.

— Якія ж гэта абставіны?

— Маці яму сказала: «У пякарні Траба патрэбен чаляднік. Лепшага выпадку ў цябе не будзе. Кідай школу, станеш пекарам». І ён прыйшоў да мяне. Разумееце, хлопец ён паслухмяны, ды рэдка калі не лунае ў воблаках.

— Ох, ужо гэтыя маці… — сказаў Піне. Ён працёр свой манокль і зноў уставіў яго ў вока. — Мая матуля хацела, каб я стаў сабачым цырульнікам. Яна казала, што гэта вельмі высакародны занятак і да таго ж даходны. У яе свецкіх сябровак з пудзелямі ды балонкамі я, вядома, буду нарасхват. — Яго доўгія гнуткія пальцы быццам стрыглі і завівалі сабачую поўсць, а на твары з'явілася агіда. — І я спытаў сам у сябе: хто ж я такі, што ж я такое, калі згаджуся рабіць педыкюр сабакам? Завербаваўся ў Касмічны корпус, і мяне паслалі служыць на Марс. Калі мая матуля даведалася пра гэта, яе ледзь не разбіў паралюш.

— Дзіва што, — паспачуваў Траба.

— А сёння яна ганарыцца, што яе сын афіцэр і на пагонах у яго чатыры каметы. Маці ўсе такія. Ніякага і следу логікі.

— Бадай што, гэта нават і лепей, — заўважыў Траба. — Бо інакш некаторыя з нас ніколі б і на свет не нарадзіліся.

— Пакажыце мне гэтага зорнага летуценніка, — загадаў Піне.

— Жуль! — гукнуў Траба, павярнуўся да пякарні і прыставіў далоні рупарам да рота: — Жуль, хадзі сюды!

Ніякага адказу.

— Бачыце? — Траба бездапаможна развёў рукамі. — Проста не ведаю, што і рабіць. — Ён пайшоў у пякарню, і адтуль даляцеў яго гучны, нецярплівы голас — Я цябе клікаў. Чаму ты не абзываешся? Пан палкоўнік хоча цябе зараз жа бачыць. Прыгладзь валасы ды паспяшайся.