Выбрать главу

— Дазваляю. Няхай дзяжурны штурман паведаміць мне пра каардынаты, як толькі здолее весці далей палёт.

Праз дзве гадзіны зноў тармосяць за плячо:

— Прашу дараваць за турботы, капітан. Рамонт закончаны. Вось нашы каардынаты.

Пытанні.

Запаўненне бланкаў.

Просьбы, даклады, запатрабаванні, здарэнні, рашэнні, адказы, распараджэнні, загады. Ні хвіліны спакою.

І зноў паперы.

— Прашу прабачэння, капітан. Двое пасажыраў, Уільям Арчэр і Мэрыён Уайт, хочуць пажаніцца і аформіць шлюб. Калі вам будзе зручна правесці абрад.

— Медыцынскі агляд прайшлі?

— Прайшлі, капітан.

— Пярсцёнак у жаніха ёсць?

— Няма, капітан.

— Даведайцеся дакладны памер і выдайце яму пярсцёнак з карабельных запасаў па звычайнай цане — дваццаць даляраў.

— А калі будзе абрад, капітан?

— У чатыры склянкі. Паведаміце мне, ці задавальняе іх гэты час.

І зноў паперы. Два пасведчанні аб нараджэнні і іх копіі, два пасведчанні аб эміграцыі, дзве медыцынскія даведкі, два дазволы на ўезд. Пасведчанні аб шлюбе ў трох экземплярах — для ўрада Зямлі, для ўрада Сірыуса і для Ўліковага аддзела Кіраўніцтва касмічнай службы. І адзін арыгінальны экземпляр для маладой.

І гэтак без канца, усе справы, якія толькі можна ўявіць, вялікія і малыя, у любы час дня і ночы, без усякага перадыху. Калі карабель пасля доўгага палёту нарэшце прызямляўся, адзін толькі капітан спускаўся ўніз па трапе няўпэўненымі крокамі, галава ў яго кружылася ад пастаяннага нервовага напружання і недасыпання, і гэта нікога не здзіўляла, як быццам так і трэба. Часам яго адольвала спакуса падаць рапарт з просьбай панізіць яго ў чыне, але ж…

«Заўсёды будзь такі, каб мне не было за цябе сорамна!»

«Прывід» зрабіў пасадку ў Баталбары, на планеце Дэйсед сістэмы Сірыуса. Палёт працягваўся дзвесце восемдзесят пяць зямных сутак.

Калі былі скончаны ўсе фармальнасці, што звязаны з пасадкай, капітан Жуль Рыу сышоў з карабля і нібы ў тумане паплёўся да гасцініцы матулі Крэчмер. Так было заведзена, і так раілі рабіць сама лепшыя псіхолагі.

Камандзіру карабля патрэбен глыбокі асвяжальны сон, прытым сон доўгі і непрабудны. Але перш за ўсё яму трэба назусім пазбыцца ўсякіх думак пра карабель, пра палёт і пра ўсё, што з гэтым звязана. Ён павінён настроіць сябе так, каб заснуць спакойным, як у дзіцяці, сном і праспаць сама менш суткі. Для гэтага трэба найперш выкінуць з галавы ўсе нядаўнія клопаты і схавацца ў сваім куточку раю нябеснага.

Матуля Крэчмер, паўнагрудая гаспадыня гасцініцы родам з Баварыі, па-сяброўску яму кіўнула:

— Гер капітан Рыу. Я душа рата. Патаць фам фсё, як звышайна?

— Ага, калі ласка, мадам Крэчмер.

Ён прайшоў у пакой за барам. У рэстаране, вялікім, людным і шумным, сядзелі камандзіры караблёў, якія прызямліліся ўжо некалькі дзён назад і паспелі зусім акрыяць. А пакойчык ззаду быў гуканепранікальны, у заваленых падушкамі шэзлонгах распасцерліся ў паўзабыцці яшчэ тры гэтакія ж, як і ён, капітаны. Ён з імі не загаварыў. І яны з ім не павіталіся, мабыць, нават не заўважылі яго прыходу. Яны ўжо стукаліся ў дзверы раю.

Неўзабаве матуля Крэчмер прынесла яму шклянку чыстага моцнага рому, крыху падагрэтага і прыпраўленага некалькімі кроплямі алею з карыцы. Жуль Рыу адкінуўся ў шэзлонгу, прымасціўся зручней і аддаўся доўгачаканаму спакою.

Ад прыпраўленага рому ўнутры разлілося цяпло і трошкі кружылася галава. Цішыня стуліла яму павекі. Павольна, вельмі павольна ён аддаліўся ад свае непамернай стомы і ўвайшоў у той, іншы свет.

Шыракатварыя румяныя сялянкі ў карункавых каптурыках, у руках кашолкі. Доўгія бляхі слізгацяць па духмяным хваёвым попеле і выплываюць з печы, нагружаныя хлебам — доўгімі, пляскатымі, фігурнымі, плеценымі выпечкамі.

Звонкі шчэбет галасоў жанчын, што перабіраюць усе вясковыя навіны, і невыказны водар ад спаленых смалістых дроў і свежага хлеба.

Неба, неба!