Выбрать главу
Хвалюе ўвосень пазалота: У барвах — i дубы, i клён, I адзінота, адзінота Апошніх непазбежных дзён.
Зноў рупіць марная работа, Хоць плён яе ледзь-ледзь відзён, I не суцешыць адзінота Апошніх непазбежных дзён.
19/IX—94
На раздарожжы
З кожным днём адыходзім далей i далей I не знаем, дзе суджана ўпасці, Ты ў мой келіх хоць трошкі налі Недапітага некалі шчасця.
Усміхніся, руку пакладзі на руку I пачуеш удары збалелага сэрца, Што дагэтуль не ведае, як на вяку Дамаўчаць i дажыць давядзецца.
Ты — надзея мая i бязлітасны лес, Забыццё i суровая памяць, Што з дакорам глядзіць, як распяты Хрыстос, На жыцця ашалелую замяць.
Ты мяне суцяшаеш спакоем сваім, Хоць пра шчасце даўно не варожым. Дык давай на змярканні з табой пастаім I разыдземся на раздарожжы.
15/VIII—92
О дум
Адмучуся, i ўсё, чым жыў, забуду, Калі душа пакіне гэты свет, Тады нарэшце толькі вольны буду I ў рай ці ў пекла выпраўлю білет.
Мы часта міфы райскія ствараем, Эдэмам лічым свой няшчасны край. Калі ж нарэшце пекла стане раем I ў Лету кане выдуманы рай?
12/IV—92
Канцавая станцыя
Я не спяшаюся. Стары трамвай паволі Мяне гайдае некалькі гадзін. Я не спяшаюся: па ўласнай еду волі. Вагон пусцее. Я амаль адзін.
Гляджу наўкол i ўсё прыпамінаю З маленства i да гэтае пары, Праспект, бульвары, вуліцы мінаю. Сатлела лета, — восень на двары
Пазалаціла ліп i клёнаў шаты. Трамвай ідзе павольна, як заўжды. Затармазіў i абвясціў важаты: «Вось канцавая станцыя «Клады».
Прыехалі, спыняемся на полі, Сыходзяць спадарожнікі усе. A заўтра зноў сюды трамвай паволі Наступных пасажыраў прывязе.
8/IV—92
Прычына
Дагарае апошняя восень, Лісце падае, дожджык імЖыць. Колькі ж тыдняў ці дзён засталося, Год ці, можа, паўгода пражыць.
З чорнай бездані падаюць зоры I дрыжаць, патухаюць, гараць. Не ад старасці i не ад зморы Час прыходзіць, i нам паміраць
I бясследна знікаць назаўсёды У маўклівай глушы забыцця Не ад кулі, пятлі ці нягоды, — Ад жыцця... ад такога жыцця.
9/XI—92
Маленне

Называя себя мудрыми, обуземели.

Пасланне да рымлян апостала Паўла.
Хаджу ў царкву, касцёл i ў сінагогу, Пакуль была, не абмінаў мячэць, Каб аднаму паспавядацца Богу, Пакаяцца i сэрцам памякчэць.
I папрасіць, каб ён адвёў пакуты, Паслаў нашчадкам шчаслівейшы век, А не такі, як наш, — глухі i люты, Дзе столькі злосці, гора i калек,
Аж рукі ў «змагароў» пачырванелі, Апанаваў усю планету жах, A «каралёў» крывавае купелі Не страшаць нават «мальчики в глазах».
Каму, каму я толькі не маліўся, За кім не паўтараў: «Свят! Свят!» Ды ў кожным фарысеі памыліўся, Калі ішоў на змену кату кат.
Бязлітасныя сытыя Малюты Ніколі ў пекла шлях не абмінуць: За кроў, пажары i пакуты Нашчадкі ix навекі праклянуць.
Здзічэлы кілер парудзелай масці, Хлуснёю болей Бога не гняві, Што дбаеш толькі пра людское шчасце, Спярша адмый сумленне ад крыві!..
Што ж? I мая канчаецца дарога, Не ведаю, які пакіну след, I толькі аднаго малю я ў Бога, Каб розум i дабро вярнуў у свет.
На Дзяды ў бальніцы
З тае пары крывінкі на панелі, — Жывыя сведкі здзеку i бяды, Гараць i пад асфальтам, як гарэлі, I свечкамі ўзыходзяць на Дзяды.