Вы абяцалі волю на вякі
I слова да канца стрымалі:
Зямлі па тры аршыны мужыкі
Пад піхтамі ў Сібіры атрымалі.
Рабочыя гарбелі да начы
За пайку i баланды міску
I падалі, на шахту ідучы
I ў зоны заінелага Нарыльска.
Народ ад страху i дрыжаў, i слеп,
Сацлагер называў «сусветным раем
А вы сцвярджалі: «Будзе лепш,
Калі мы болей расстраляем».
Была ці не была у ix віна, —
I сотні тысяч не было вам шкода.
Вось так ішла крывавая вайна
Здзічэлых нелюдзей з народам.
Яны выконвалі ваш мудры запавет:
План гадавы i план штодзённы,
I без разбору на той свет
Пагналі тысячы, пасля — мільёны.
З маленства мы маліліся на вас,
Лічылі на Зямлі адзіным Богам,
A падраслі, — настаў жахлівы час
I нам ісці ў барак «с режимом строгим».
Калі на вас сышоў зямны спакой,
Вы пад надзейнай вартай спіце,
А вось на помніках з працягнутай рукой,
Як нашы жабракі, i вы стаіце.
Калі б вы ўбачылі, што з намі стала,
Пад воплескі i воклічы «ура»,
Вы б самі злезлі з п'едэстала,
Дык не марудзьце, бо даўно пара.
7/VIII—93
Несмяротная
Можна сэрца прабіць,
Папрастрэльваць галовы,
Толькі нельга забыць
Неўміручае мовы.
Распіналі цябе
На крыжах i на дыбах,
У ліхой барацьбе
Пашчапаў цябе выбух.
Не адно i не два
Катавалі стагоддзі,
Ты жывеш, як жыла,
У сумленным народзе.
Дабіваюць цябе
Твае родныя дзеці,
Плача Маці ў журбе
I у хаце, i ў клеці,
Што сыны i унук
Ацураліся дому.
Кожны — доктар навук,
A якіх — невядома.
Маці не зразумець,
Кім былі, кім вы сталі,
Бо па-нашаму пець
І казаць перасталі.
Можна ўсё, што відаць,
Зруйнаваць да асновы,
A забіць i прадаць
Нельга родную мову.
Дык успомніце, хто вы,
I чыны, i чынушы,
Бо без роднае мовы
Ў вас бяздушныя душы.
Крэслы ёсць i правы,
Шмат выгод i спакусы,
Толькі ўспомніце вы,
Што i вы — БЕЛАРУСЫ.
5/V—93
Над прорваю
Россия создана для того, чтобы
показывать другим народам, как
нельзя жить.
Што яны твораць — не зразумець
Hi захмялелым, ні цвярозым.
Выходзіць, можна i не мець
Сумленне i здаровы розум,
Каб столькі нарабіць бяды
За найвышэйшую зарплату
I жыраваць усе гады,
Служыць не Богу, a Пілату,
Народ загнаць у прорву, a самім
Гайдацца на арэлях шчасця.
Нарэшце зло развеецца, як дым,
Бо ўсе яго клянуць i будуць клясці.
19/1—94
Маўчуны
Няшчасны, хто не ўмеў хлусіць,
Няшчасны, хто не ўмеў прасіць
I не прасіў ніколі
Пад вартай i на волі,
Цябе нібыта паважалі,
Але часцей не заўважалі.
Бывала, — звалі «дарагім»,
A раздавалі ўсё другім.
Увішны ўсемагутны клан
Часцей штурхаў на задні план,
Бо не плаціў нікому «чыншы»,
Таму заўсёды быў у «іншых».
Бывала, — ветліва страчалі,
А дзе патрэбна, прамаўчалі.
Нічога маўчуны не трацяць,
I нельга ix абвінаваціць,
Ні папракнуць ні ў тым, ні ў гэтым,
Бо ты не з тым аўтарытэтам:
Цябе калісьці пакаралі
I ўсё да ніткі адабралі,
Застаўся у адной манішцы
I пры пустой ашчаднай кніжцы.
Хоць біся з гора аб сцяну,
Што не сабраў i на труну,
Ўсё мазалямі здабываў,
А Ўрад за дзень абрабаваў.
Адкуль такія прайдзісветы,
Што занялі ўсе кабінеты?
«Абраннікі, нібы радня,
Усіх рабуюць сярод дня».
Такой радні не будзеш рад.
Пра што ж клапоціцца Урад?»