Выбрать главу
Куды ні ступіш, гора апячэ, Бо ўсё жыву ў сацлагеры яшчэ, I дабівае ўсеагульны стрэс: То краты сняцца, то казённы лес.
10/Х—93
Спруты
У нас такі кароткі век, I так яго нам змардавалі, Нас хціўцы кінулі на здзек, Сабе ж палацы збудавалі.
Iм забяспечвай i хвалi I падстаўляй худыя спіны, Бо мы па-людску не жылі Ні дня, ніводнае хвіліны,
А ўсё чакалі лепшы час, Ды больш чакаць не маем сілы, Бо топчуць, як тапталі,нас I хлусяць, як даўней хлусілі.
Што ні пабачаць, з рук ірвуць, Нібы пражэрлівыя спруты, А дзеці i старыя мруць Ад голаду i ад атруты.
Цярпелі мы i церпім здзек, Куды ні глянеш, сэрца стыне, Як чалавека нішчыць чалавек I сам ад хцівасці загіне.
3/ІХ—93
Тупікі
Чыгуначныя тупікі Пазарасталі крапівою, Валяюцца іржавыя цвікі, I нешта не дае душы спакою.
Чыгуначныя тупікі — Пад'ёмы, закругленні, перагоны Таварнякі, таварнякі, I ўсё — казённыя вагоны.
Буржуйка, свечка ў ліхтары I ненадзейныя суседзі... Ніхто не знае да пары, Куды вязуць, куды ён едзе.
Цяпер гляджу на ўсе бакі, Даўнейшага шукаю следу, I ўсё трапляю ў тупікі, З якіх нікуды не даеду.
Як выйсце з тупіка знайсці У падарожжы на жыцці.
8—9 /VІ—93
Страты i страты
Ну, вось i канчаецца лета, Палессе вада заліла, Начатая песня не спета, А плач — ад сяла да сяла.
За стратамі страты i страты, А хто вінаваты у ix? Забыліся даўнія святы, Не знойдзе нявесту жаніх.
Якой вінаваціць віною? Дзе будзе ў бяздомных начлег? Каб ведалі, лепш бы за Ноя Скляпалі б сучасны каўчэг.
За што ад змяркання да рання, На досвітку i уначы Прыходзяць адны пакаранні I каркаюць, як крумкачы?
I пот, i густая крывінка Сцякаюць у бездань дарма, Бязлітаснай лапаю рынку У дзверы грукоча зіма.
З дажджамі i лета праходзіць, Паволі паводка спадзе, А хто да фіналу стагоддзя Сваёю хадой дабрыдзе?
Маё пакаленне імкліва Знікае, як ранішні дым. Каб хоць давялося шчасліва Пажыць i за нас маладым.
21/VIII—93
Весела жывём
О, як мы весела жывём! З такім начальствам не сумуюць Што мы пад вечар дажуём, Яны уранні падсумуюць. Лічыльнікі без тармазоў Падлічаць, колькі моцы ў целе, Падвысяць цэны ў сто разоў, Каб мы, крый Божа, не тлусцелі Што выміраем, ім не ў знак, На нашу пенсію скупую Мільёны соценных Дзяржзнак Яшчэ паперак адштампуе. I гэтых фанцікаў мяхі Пруць хлебаробам i шахцёрам, А за злачынствы i грахі Разлічвацца з народам сорам.
1992
Шукаю усмешку
Іду па праспекце... На рынак бягу, За горад спяшаюся пешкі I, як ні шукаю, знайсці не магу Ніводнай вясёлай усмешкі. Дзяўчынка ідзе з матыльком на плячы, Закушаны вусны, нахмураны бровы, Глядзяць спекулянты, нібыта сычы, I клоўн, як хмара, суровы. Ад гора заплакаць гатоў афіцэр, Бяздомны,. бяззбройны i кволы, I толькі разбэшчаны міліянер Здаволены ўсім i вясёлы. Глядзіць ён на ўсіх з вышыні i здаля, Усё яму лёгка ўдаецца, Смяецца ён з беднасці i з мазаля, З сумленных i шчодрых смяецца. ён рабчыкаў смажыць, жуе ананасы, Але жабраку i капейкі не дасць, Былы прадстаўнік гегемоннага класа За долар набудзе душу i прадасць. Чарга за чаргой, як вужака віецца. А што там даюць, кілбасу ці віно? Іду па праспекце, — ніхто не смяецца, I дзеці смяяцца адвыклі даўно.