Выбрать главу

Легенда спрацавала ідэальна. Іваноў атрымаў свае паўтара за хуліганства, і на той час, калі падзеі пачалі свой ліхаманкавы бег, траціна тэрміну засталася ззаду. Ён разумеў, што праграма яго засылу разлічаная надоўга, але калі раней яму толькі здавалася, то цяпер быў перакананы: ведалі б там, што гэта такое – паўтара года ў Амурдальлагу, – пашукалі б іншы варыянт укаранення. Суткамі галадаць, не спаць, не гаварыць у сне, трываць боль, здзекі, не паказваючы, што ты можаш даць адпор, – гэтаму яго навучылі яшчэ там. Але спакойна назіраць, як забіваюць за акраец хлеба, як катуюць і гвалцяць, ён так і не навучыўся.

У тую ноч шакалы абралі сваёй ахвярай суседа Іванова па нарах, малалетку. Юнак быў худы і слабы. Раніцай яго пераводзілі ў інвалідны лагер, і гэтая ноч была для хлопца апошняй у іх бараку. Звалі гаротніка, як і яго даўней, – Міця.

Шакалаў было трое. Па адпрацаванай схеме з розных бакоў яны накінуліся на хлопца і ў лічаныя секунды звязалі. Спачатку да Міцюні палез галоўны. Звер, ён і ёсць звер: не ведае літасці. Не ведалі і шакалы…

Раніцай, калі вертухай гучна скамандаваў: «Пад’ём!», – трое ў цэнтральным сектары не падняліся. Не напалохаў іх і злосны рык: «Прыстрэлю!» Яны ўжо нікога не баяліся.

Пасля таго, як высветлілася, што ўсе трое зняволеных памерлі ад пералому шыйнай часткі хрыбетніка, у лагер прыбыла следчая брыгада энкавэдыстаў. Вінаватых не знайшлі, і чатырох западозраных – іх нары былі найбліжэй да нараў забітых, – а заадно і дзяжурнага па бараку пастанавілі расстраляць. Дзяжурным быў Іваноў.

Уночы ён не спаў і, калі задоўга да світання іх падымалі, заўважыў, што будзяць зэкаў навічкі з трэцяга ўзвода. Камандзір, мабыць, вырашыў: пара новаму кантынгенту прайсці хрышчэнне – першы ўдзел у расстрэле.

Навічкі… Бог зноў за яго. Цяпер па дарозе туды галоўнае – нічога не выпускаць з-пад вока: ні слоў, ні рухаў. Паратунак у руху. На шляху туды. Òам будзе позна. Òам – шанцу няма. Шанец – толькі па дарозе да месца расстрэлу.

Супакоіўся, стаў дыхаць раўней: у ланцужку асуджаных удалося стаць апошнім. У разведшколе такую сітуацыю адпрацоўвалі. І ён ужо ведаў: апошні – гэта на яго карысць, яго дадатковы шанец. І ён той шанец не ўпусціць.

Іх вялі доўга. Першагодкі знарок марудзілі. Не проста гэта – упершыню забіваць. Пляліся нага за нагу. Дзесяць салдатаў, памкамузвода і пяцёра зэкаў усё далей адыходзілі ад лагера.

Краем вока Іваноў адсочваў адлегласць між сабой і малодшым лейтэнантам. Нечакана той паклаў руку на кабуру і стаў нервова па ёй пастукваць.

Калі яны зноў апынуліся за нейкія тры крокі адзін ад аднаго, памкамузвода выняў пісталет. Іваноў глыбока ўдыхнуў, выдыхнуў і – спружыніста скочыў. Спрактыкаваныя рукі, як і ўначы, калі ён бараніў Міцю, дзейнічалі маланкава. Ад удару локцем у лоб лейтэнанцік толькі няўцямна мэкнуў. Левай рукой Іваноў прыціснуў да сябе за шыю абмяклае цела, а правай вырваў пісталет з рукі. «ТТ», – навобмацак пазнаў зброю, якой дасканала авалодаў за два гады спецшколы. «Малайчына, а з ТТ – проста бог», – казалі пра яго. Паглядзім, на што ж бог здатны.

Калі салдаты ачомаліся і пачалі страляць, першыя кулі прыняло на сябе цела лейтэнанта. Адступаючы з гэткім адмысловым шчытом ад канвою, Іваноў убачыў, як астатнія смяротнікі скарысталі збянтэжанасць аховы і кінуліся наўцёкі. Ды дзе там! Страляючы ў яго, канваіры не забыліся і на іх.

А Іваноў адыходзіў усё далей і далей. Нарэшце адкінуў выратавальны груз і скокнуў у кусты ядлоўцу. Трохi прабег, павярнуў налева, потым яшчэ раз крута ўзяў убок і, калі апынуўся крокаў за трыццаць справа ад стралкоў, стаіўся.

Першагодкі разгубіліся без камандзіра – за Івановым не пагналіся, а ўсчалі бязладную страляніну па кустах. Потым, пэўна, хтосьці з іх узяў ініцыятыву на сябе: стрэлы заціхлі. Двое пайшлі дабіваць параненых, астатнія рушылі да таго месца, дзе бачылі Іванова ўсяго хвілю таму. Эх, лепш бы ім не чапаць яго…

Сілуэты апошніх двух, што яшчэ не паспелі сысці са сцежкі, ён нейкі час разглядаў праз мушку пісталета. Прыцэліўся, двойчы націснуў на курок. Стралкі, быццам хто выцяў іх знячэўку адным бізуном, узмахнулі рукамі і ўпалі, як падкошаныя, у снег.

«Засталося восем», – адзначыў Іваноў.

Маладыя ахоўнікі нечым нагадалі яму будзёнаўцаў: іх ён бачыў аднойчы з-за бацькавай спіны ў час раптоўнага бою. Будзёнаўцы гэтаксама бязладна мітусіліся па полі. Толькі тады на месцы дзесяці забітых вырасталі сотні новых. Цяпер новых не відаць.

«Трэба спяшацца», – падумаў Іваноў, але не пабег, ціха звярнуў са сцежкі. «Яшчэ восем», – паўтарыў, як заклён.