Выбрать главу

«Гэта ўжо не гены і не Дарвін, – падумаў ён. – Гэта – Бог!»

«Фініш, дружа», – прачытаў у вачах Іванова апошні жывы стралок і, нічога не цямячы ад жаху, выпусціў вінтоўку і кінуўся наўцёкі – у лес, за дрэвы, абы-куды, толькі б далей ад гэтай незразумелай, д’ябальскай істоты, якая нясе смерць.

Але ён таксама не быў чэмпіёнам Берлінскага ўніверсітэта. Паляўнічы рабіўся здабычай.

Іваноў не адразу спыніў стралка. Не было жадання. Расхацелася. Падзейнічаў ягоны крык. У крыку, поўным жаху, прагучала нешта да болю знаёмае, роднае. Ён крыкнуў – не, жаласна прастагнаў: «Мамачка, ратуй!» Няйначай зямляк. А мог забіць земляка. Яшчэ імгненне таму. А цяпер вось не хоча. Але і адпускаць – нельга.

Ускінуў вінтоўку, прыцэліўся, гукнуў рэзка і патрабавальна:

– Стой!

Крыссё шыняля перастала матляцца, уцякач – ужо не стралок, а ўцякач – замёр, нібыта ад стрэлу.

– Гэтак будзе лепш! – сказаў Іваноў досыць гучна не то сабе, не то яму. – Ад мяне не ўцячэш. Як ад лёсу. Можа, пагамонім, га?

І пайшоў да салдата. Той пакорліва чакаў.

Вартавы на бліжэйшай да лагерных варот вышцы першы заўважыў зэка, які дробна перабіраў нагамі ўздоўж калючай агароджы. «Уцякач!» – скеміў. Ад хвалявання забыў пра першы папераджальны стрэл, прыцэліўся і націснуў на курок.

Зэк спатыкнуўся, паспрабаваў, нібыта нечым здзіўлены, азірнуцца, але не змог – асунуўся ў снег.

Калі да нерухомага ўцекача падбег начальнік аховы, вусны пераапранутага ў зэкаўскую фуфайку першагодка з дзіўным для тутэйшых мясцін імем Змітрок яшчэ варушыліся.

– Ён чамусьці назваў мяне будзёнаўцам, спытаў панашаму, як завуць, і адпусціў… – выдыхнуў Змітрок апошнія ў сваім жыцці словы на роднай мове.

І праз дваццаць, і праз трыццаць гадоў кожнага ахоўніканавабранца, які прыбываў у Амурдальлаг, вялі на мясцовыя могілкі да слупка, надпіс на якім рэгулярна аднаўляўся, – каб папярэдзіць: «ПОМНИ СЛУЧАЙ С ИВАНОВЫМ».

Апошнія вакацыі Валерыя Маракова

Была позняя раніца. У скляпку Авербаха сядзелі двое – Валеры i Тодар. Выпілі па куфлю піва і ўзялі яшчэ. У галовах пасля ўчарашняга ўсенароднага свята – угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі – пачало святлець, i Тодар спытаўся:

– Ты хоць памятаеш, што нагаварыў учора пры адыходзе? Валеры, само сабою, памятаў, але Тодарава змоўніцкая насцярожанасць рассмяшыла, захацелася пагуляць з агнём, прыкінуцца і сапраўды ачмурэлым.

– Ну-у… – пачаў няпэўна. – Не надта… А што?

– І ён яшчэ пытаецца! – Тодар абурана развёў рукамі. – Такімі рэчамі, брат, не жартуюць. За такія слоўцы могуць і…

– Ціха, не шумі, – перапыніў сябра Валеры, убачыўшы, што таму не да жартаў. – І не глядзі на мяне як на вар’ята. Памятаю я ўсё! І разумею, што пра гэта – лепш маўчаць. Але ж нехта мусіць ведаць! Нехта павінен ведаць усё! Таму і кажу. Табе, не каму іншаму. Помніш Мікалая? Вайскоўца, камандзіра, таго, што ўсё пытаўся: куды паэт Уладзімір Жылка знік? Дык вось, слова сваё Мікалай стрымаў. Перад ад’ездам на поўдзень, на новае месца службы, зрабіў што абяцаў…

Валеры азірнуўся, адхінуў крысо пінжака, і Тодар убачыў маленькі, на далонь, нібы цацачны, пісталет. Паспеў заўважыць на ручцы манаграму – кшталту вялікай лацінскай літары N.

– Браўнінг! – ледзь варухнуў вуснамі Валеры.

У Тодара пераняло дыханне: шэпт яму падаўся крыкам. Хацеў штосьці сказаць, але не змог: нібыта ўчэпістая рука схапіла яго за горла.

«За адно неасцярожнае слова энкавэдысты людзей у турму кідаюць, а за гэта… Пашкадуеш, што й нарадзіўся», – падумаў Тодар, але ўголас нічога не сказаў.

Валеры, зірнуўшы на сябраў скамянелы твар, спрабаваў яго супакоіць:

– Не хвалюйся, апрача нас, ніхто ж не ведае.

Але Тодар усё не мог ачомацца ад пачутага i ўбачанага. Урэшце прашаптаў:

– Ты і праўда звар’яцеў! Уяўляеш, што будзе, калі яго знойдуць? Яны цябе жыўцом згнояць!

Валеры спахмурнеў. Тодар, вядома, кажа праўду. Ды толькі згаджацца з ім сёння не хацелася. Гэтая не надта цяжкая, амаль дзіцячая цацка-забаўка нешта перамяніла ў ягонай свядомасці. Цяпер ён абаронены! Ён можа пастаяць – і пастаіць! – за сябе.

– Не згнояць! – сказаў ціха, але цвёрда. І паўтарыў: – Цяпер не згнояць!

Тодар дацяміў, пра што гаворыць Валеры. І да яго прыбягалі думкі, каб неяк раздабыць зброю. Але – як прыбягалі, так і збягалі. А Валеры, ці бачыш, наважыўся. Наважыўся і дамогся. І рады, зразумела, – як жа, браўнінг у кішэні. Дзівак! Хіба гэта ўратуе? Хутчэй наадварот – паскорыць пагібель. Маладзён! Усё-ткі шэсць гадоў у такім узросце – вялікая розніца. У параўнанні з ім Валеры – зусім юнак. Вось і наўме хлапечае…