Выбрать главу

Калі ёсць на зямлі рай, няма яму лепшага месца, чым вось гэтае, дзе стаіць на беразе рачулкі яго вёска Княжбор, дзе побач лес і вада, дзе недалёка возера Княжае — Князь-возера, вялікае, сівае ад чароту і гадоў сваіх. Ляднік, гавораць, як плугам, праараў яму ложа, яно і легла ў гэтае ложа і не хоча іншага. Рака, тая яшчэ кідалася, злавалася на свае берагі, вада яе не хацела прызнаваць берагоў, дзёрла, драпежыла іх, васемнаццаць раз здраджвала толькі тут, пад Княжборам, свайму рэчышчу. I цяпер васемнаццаць старыц апавядаюць небу пра гэтыя здрады, спякотным поўднем перагаворваюцца праз неба брат з братам, сястра з сястрой. I толькі неба і сонца дасягаюць іх дна, ведаюць усе віры і ямы, дзе атабарыліся і раскашуюць вусатыя самы, дзе чакаюць свайго часу занесеныя пяском стагоддзяў мораныя дубы, дзе і сёння мо жыве балотны бык. Усё можа быць. Ці не яго адразу, як пераехалі сюды, спрабавалі злавіць княжборскія мужыкі.

У старыцы, што над самымі хатамі Княжбора, у бяздоннай яме, па якую і сёння глядзіць хлеў Махахея, завялося нейкае страшыдла. Махахею і ішным хлапчукам маці не дазвалялі нават купацца ў старыцы. Качкі і гусі не маглі нават беспакарана плаваць над той ямай. Да сярэдзіны яе даплывала яшчэ птушка, а там, пасярэдзіне, мах-мах крылом, нібыта хто за ногі яе хапіў. I ўсё. Толькі кругі на тым месцы разыходзяцца, ды перца адзінае пагойдваецца. А аднойчы не птушка, а кабанчык птушкай пачаў вырывацца з вады, свечкай узняўся пад вадой, раўнуў дзікім голасам і захлынуўся, пайшоў пад ваду, толькі бурбалкі ад яго. Раззлаваныя і перапалоханыя княжборцы адкавалі ў кузні крук, ці не такі, што сёння ў тэлеграфныя слупы ўкручваюць, стары Махахей, дзед яшчэ Цімоха, не пашкадаваў парасяці. Засмажыла яго баба, як госцю самаму пажаданаму, цалкам на ражне — і па крук, а крук на вяроўчыну і ў яму разам са смажаным парасём. Другі канец вяроўкі прывязалі да дуба і сталі чакаць. Доўга ці коратка чакалі, тое ўжо забылася, проста так чакалі ці было яшчэ адно парася смажанае і пад парася нешта было — гэтага ў памяці таксама няма. А вось што біўся ён, Цімошык, з хлопцамі: хто выцягне тое балотнае страшыдла, каму яно ўслугоўваць будзе — пра гэта добра помніцца. Меў жа ён усе правы на тое страшыдла, з іх жа хлява парася было, і шкада яму было таго парасяці, таму і біўся. Але раптам бойка гэтая скончылася, затросся, што асіна, дуб на беразе старыцы, ухапіліся мужыкі, цягнуць вяроўку, бачаць — не сцягнуць ім. Махахей-дзед гармонік убок, пару волікаў падагнаў. І валы перш, здаецца, кранулі, перамаглі страшыдла, пацягнулі яго з вады. Але два крокі зрабілі, а на трэці і іх не хапіла, павяло волікаў кудысьці ўбок, задрыжалі ногі, нібыта яны выпіць выпілі, а заесці не паспелі.

—Цоб-цоб-цоб,— закрычалі мужыкі волікам, а тыя як і не чуюць, хістаюцца ўжо.

— Нячысцік, нячыстая сіла,— загаласілі бабы. Цімох

з хлопцамі кумільгом з дрэва. А волікі ўжо на каленях стаяць.

— Ой, прапалі валы, ой, няма ўжо волікаў нашых,— схапілася за галаву старая Махахеіха.— Грала старое, дурань сівы.

— Рэж, сячы вяроўку,— падліў масла ў агонь Барздыка.

Я табе секану, я табе разану,— гэта Махахей. I волікаў яму шкада, і вяроўку шкада, і парася марна страціў — за ўсё адказваць яму перад жонкай. А тая ўжо друк ухапіла.

— А вось табе волікі, а вось табе кабанчыкі... I кабанчыка няма. I гармонік — грала тваё чортава ўтаплю.

— Тані, гары яно гарам усё — і волікі, і кабанчыкі з музыкай разам, хоць чорта жывога пабачу.

— Чорт, чорт! — залямантавалі бабы. А валы ўжо хрыпелі. Возера калыхнулася і рушыла на бераг, раздалася, як ні да дна, расступілася вада над ямай, здаецца, паднялася вада ўгару і плюхнула на людзей, па валоў. Махахей схапіўся за вяроўку, ратуючы жывёлу і маёмасць сваю, а апынуўся ў старыцы, нехта з Барздык усё ж не вытрымаў, паласнуў нажом па вяроўцы.

— Дзядуля,— заенчыў Цімошка.

— Туды табе, старому дурню, і дарога,— сказала Ма- хахеіха.

Але Махахея выцягнулі з вады, сам ён, дапамагаючы сабе мацюком, выплыў. А чорт, нячыстая сіла знікла.

— Ты хоць бачыў яе? — пыталі Махахея мужыкі.— На каго яна падобна?

— Бачыў... На жонку маю яна падобна, таму і не прыняла мяне.

Невядома, каго бачыў дзед, а вось сам ён, Цімох Махахей, падзівіўся на тое страшыдла, што лавілі, ды не спаймалі княжборскія мужыкі. Карчавальнікі на выхадны падскочылі да іх парыбачыць, і колькі шагаак толу, якімі пні рвалі, кінулі яны ў тую яму, цяжка і падлічыць, але грымнула так, што Махахей, у адным споднім, з хаты выбег. Карчавальнікі падважвалі, падцягвалі да берага баграмі вялізнага сома, пудоў па пятнаццаць, не менш. Усклалі яны таго сома на драбіны, хвост па зямлі валочыцца...