ВЫБАР
Прамільгнула вёска ў адну сумную, хаця і нядоўгую, вулачку, спустошаную спакоем і цішынёй, дрымотай пракавечнага, зляжалага пяску — маркотнымі сведкамі той былой і вялікай працы, што тварылася тут ці то морам, ці то ледніком. З гэтага пяску, што белымі гурбамі ляжаў уздоўж дарогі, і на самой дарозе, і каля хат без платоў — дзвярыма адразу на вуліцу, лена падняўся рабы, як карова, страшэнна худы і таму, здаецца, неахайны сабака, раздумліва і скрушліва паглядзеў на машыну, хапатліва азірнуўся на шэрыя хаты, што п'яна валюхаліся па абодва бакі дарогі, нікога не згледзеў, пазяхнуў і зноў лёг у цёплы, як прысак, пясок, ведаючы па вопыту, пэўна, ужо, што ніхто не адзначыць яго руплівасці. Хлеб, як і ўсе вясковыя сабакі, ён павінен здабываць сам, і не пустым брэхам. Худы рабы сабака і апошняя хатка адбегліся назад, і адразу ж пачалося балота, як хаткі вулачку, абціснула з абодвух бакоў дарогу чорным вокам вады, што не ведала турбот, жалезна-рудой тванню, што спачывала ў гэтай цьмянай вадзе, атрутна-яркім бабоўнікам і капытнікам, зараснікамі алешніку, а дзе-нідзе і дубам з ясенем.
Месцам алешнік з ясенем і дубам закрывалі балота, нібыта саромеліся паказваць яго Роўду і Шахраю, не хацелі да пары да часу палохаць іх бясконцасцю і непраходнасцю дрыгвы, аддзеленыя ад асноўнага лесу вадой, ціха і безабаронна задыхаліся і чэзлі ў ліпкім паветры дрэвы на малых лапіках зямлі, што адваявалі яны ў той жа вады. Толькі з мосцікаў, якія ішлі адзін за адным, цяжка плюхаліся ў свінцовыя канавы рабыя балотныя чарапахі.
— Нечысць, брыдота,— пазначыў і чарапах, і балота ІІІахрай, наглядаючы, як чарапахі нязграбна перакульваюцца ў паветры, аголенай знізу косткай, нібы голым целам, бліскаюць на сонцы. Мацвей змоўчаў, яго заўсёды бянтэжыла і прыгнятала бездапаможнасць гэтых рахманых, хаця і грозных на выгляд стварэнняў, былі яны нечым падобныя на чалавека, якога захапілі знянацку. Чарапах жа тут было шмат, і не толькі ў балоце, вадзіліся яны і ў рэчцы, Мацвей калісьці лавіў іх вудай нават на чарвяка, ледзь не плакаў, выдзіраючы такі каштоўны ў дзяцінстве кручок са змяінай, здавалася, але такой пакорлівай, такой палахлівай пашчы. Яны мёртва трымалі ў гэтай пашчы сваю здабычу, сцяўшы зубы да скрыгату, пэўна, ад нясцерпнага болю, які ўваходзіў і ў Мацвея, уцягвалі пад уратавальны панцыр адрузлую шыю, адступалі ад цяпла бязлітасных яго рук і толькі што не крычалі крыкам. I крыкам сыходзіла ўсё ў ім, але страх згубіць кручок быў усё ж больш гучны, чымсьці. гэты немы крык. I цяпер ён вінаваціўся ад той міжвольнай сваёй жорсткасці, таму і не адазваўся на словы Шахрая.
— Каб пераўтварыць усё гэта, і жыцця не шкада,— Шахрай як зразумеў яго, вылучыў з таго, што было перад імі, толькі балота, развёў рукі ў бок гэтага балота. Мацвей пагадзіўся з ім, але зноў нічога не адказаў, а Шахраю, пэўна, хацелася вымусіць яго пачаць гаворку.
— Гэта можна толькі ненавідзець,— ён зноў кіўнуў на балота. Мацвей паглядзеў на Алега Віктаравіча і зразумеў, што памыляюцца — той размаўляў сам з сабою, адказваў на нейкія свае пытанні, што хвалявалі яго. I хаця ў душы Мацвея не было нянавісці да гэтых балот, і да балот наогул, яны не толькі засцілі свет, пладзілі з'яд і жоўта марылі княжборцаў ліхаманкамі, але і кармілі іх, адорвалі ягадай-журавінай, давалі траву і дровы і птушку на стол, укрывалі ад ворага. I больш цяжка, і больш вольна ўсё ж дыхалася мужыку за гэтымі балотамі. Мацвей не мог уявіць свайго Княжбора без балота, але ён усё ж паспяшаўся згадзіцца з Шахраем, не хапіла яго вытрымаць і процістаяць вуснам Шахрая, таму, як той рашуча сцяў іх; вачам Шахрая, іх скіраванасці ў нейкую невядомую Мацвею далячынь, як бы адсякаючы ўсё, што не датычыла гэтай скіраванасці і гэтай далечыні. Ён нібыта ўбачыў раптам ворага і напружыўся, гатовы да схваткі з гэтым ворагам, зацвярдзеў, як у браню закаваў сябе. I нішто звонку, здавалася, ужо не магло крануць яго, даступіцца да яго душы. I жах апаноўваў бачыць Шахрая такім, але і спакойней было на душы, адчуваючы побач такую моц, калі, зразумела, ты не супраць яго, а з ім. Падобным на яго імкнуўся быць і Мацвей, такім хацеў ён бачыць сябе, калі прыйдзе час сустрэцца з роднай вёскай, хаця ў душы яго ўсё трымцела ад радасці, а ў той жа час і аблівалася крывёю. Няпэўна ўсё было ў ім, пераблытана, змешана ўсё, як у тым балоце, і ён здольны быў бегчы па верхавінах дрэў і паўзці, што рак, ад спапяляючай, радаснай і тым жа часам горкай сваёй памяці. Мацвей, здавалася яму, ужо даўно выпаліў, вытруціў яе, нішто, здаецца, не звязвала яго з Княжборам, усе карані былі абсечаны і заараны, каб не засталося і знаку ад яго мінулага. А цяпер наадварот: усё — і. гэтыя задушаныя вадой дрэвы, і спарахнелыя масткі, і пужлівыя чарапахі — зрабілася да болю дарагім і любым, нібыта ён сутыкнуўся са сваім уласным ценем, які заблудзіўся сярод гэтых балот, знясілены і змардаваны чаканнем і пошукамі таго, каму ён палежаў. Мацвей, і сам не заўважыўшы таго, уступіў і наступіў на гэты цень, цень ускрыкнуў, ускрыкнула ўсё і ў ім. Іх галасы зліліся і нарадзілі плач, галашэнне.