Выбрать главу

Рабочы паяздок, здавалася Мацвею, калі ён ехаў дамоў, бег праз вайну. Па-за гарадком ён адразу я« трапляў у клубы густога, едкага да слёз дыму, расхлябаныя вокны і тамбуры вагонаў не маглі стрымаць яго. Гарэлі нехаця і чадна маладыя бярозы, хвоі, алешнік. Яны выраслі на балоце, і іх нялёгка было запаліць. Працягвалі расці і піць балотную ваду і тады, калі іх пазбавілі глебы, трактарамі і бульдозерамі зграблі на паласу адчужанасці, сцягнулі ў вялізныя валы, і яны спляліся, пабраліся голлем і скалечанымі стваламі адно з адным, ляжалі — як у брацкай магіле, уставіўшы ў неба сухажылле каранёў, толькі для блізіру прыкіданыя зямлёй. Таму такі едкі быў дым, полымя не прабівалася вонку. Дым слаўся нізам, як на папялішчы паўзалітай вадою хаты. I здавалася, што гэта менавіта так і ёсць: гарыць нейчая хата. Тады, яшчэ падлеткам, Мацвей, ды і ўсе, хто ездзіў рабочым паяздком, не разумелі, як гэта так пусціць агнём, кінуць па вецер столькі дрэва, такога неабходнага, такога дарагога адразу пасля вайны. Было ў гэтым нешта па-за іх розумам, аднолькава па-за розумам селяніна, дарослага і дзіцяці. Сцягнутыя ў кучу, пакалечаныя дрэвы, глыбокія траншэі-канавы з брустверамі свежакопанага белага і чырвона-рудога пяску, куродым, гар, сажа. I нідзе ні душы. Толькі паяздок, што хапатліва бег прэч адсюль на чыстае паветра, да нескалатушанай зямлі. Усё было проста і жахліва, адтуль, з не такога ўжо і далёкага мінулага.