Выбрать главу

Усё было проста і жахліва і побач з гарадком, у якім вучыўся Мацвей. Непадалёку ад гарадка стаялі дзве вёскі за тры кіламетры адна ад другой. Ляжала між імі напаўсухое балотца, бегла сярод гэтага балотца невялічкая крынічная рачулка, вадзілася ў той рачулцы нават стронга. Рай зямны для дзятвы. Пачынаўся гэты рай з вясны, як толькі сходзіў снег, угравалася зямля і можна было бегаць па ёй і босаму, калі хутка рос даўкі на смак малады і сакавіты аер. Асабліва вабіла рачулка хлапчукоў, калі рак сядзеў у норах яе з ікрой пад хвастом, калі прыспяваў час цвісці аеру, аер яшчэ не стрэліў кветкай, а толькі рыхтаваўся стрэліць, быў зараджаны ёю, песціў між сцяблін каля кораня хрусткую і салодкую завязь яе. Вось па гэтую завязь і ішлі да рачулкі, да балотца хлапчукі. I аднойчы, здабываючы яе, здабылі парашут. Пачалі капаць далей — і адкапалі самалёт. Наш, савецкі самалёт, які збілі немцы перад самым ужо канцом акупацыі. Балота паглынула яго, хлапчукі адкрылі. Быў мітынг. На мітынгу зачыталі пісьмо, якое лётчык не паспеў паслаць сваёй маці. Пісьмо ўратаваў і данёс да нашых дзён цэлулоід планшэткі лётчыка. Захаваўся і лётчык, тое, што засталося ад яго, калі ўпаў самалёт. Мёртвы, у балоце, у кабіне скалечанага самалёта, ён сядзеў больш як дзесяць гадоў, мёртва трымаючы штурвал перабітымі ў локцях рукамі, больш як дзесяць гадоў ён чакаў, калі вырасце над ім аер, калі набракне ікрою рак, калі па гэты аер і рака прыйдуць дзеці. Балота паглынула лётчыка, але захавала яго для дзяцей такім, якім ён быў у апошнія імгненні свайго жыцця. I ён быў не страшны дзецям, таму што на ім не было і адбітку смерці, аб гэтым паклапацілася балота, ён ляжаў, як у маўзалеі, як ляжаць усякія там Тутанхамоны ў сваіх пірамідах. I Мацвей упершыню адчуў вялікую літасць балота, як жывога чалавека з памяццю і розумам адчуў.

Але ж мо гэтая знаходка і прыцягнула да балотца людзей, адразу пасля мітынгу на тым месцы, дзе знайшлі самалёт, паставілі абеліск, а потым пачалося і асушэнне балотца, рачулку спрамілі, паглыбілі экскаватарам метраў да пяці, высеклі кусты, і вёскі, што стаялі адна супраць адной за насыпам белага пяску, за кучамі алешніку і пнёў, перасталі бачыць адна адну. Гэтыя кучы так і не паспелі прыбраць. Над імі закурэў спачатку тоненькім струменьчыкам дым, і струменьчык гэты то знікаў, то з'яўляўся зноў, нібыта хтосьці дыхаў там, у глыбіні, уцягваў і пускаў дым, і дыханне яго рабілася ўсё больш гарачкавым і ліхаманкавым, і дыму большага, пакуль не зацягнула ім абедзве вёскі, якія стаялі паміж гэтымі тарфянікамі, і толькі пасля гэтага захваляваліся сяляне, не было чым дыхаць каровам, кінуліся тушыць, ды было позна, агонь быў ужо глыбока ў зямлі, тачыў яе норамі і хадамі. I небяспечна было ўжо хадзіць па зямлі, па балоце, куды больш небяспечна, чымсьці па дрыгве. Ад дрыгвы яшчэ быў паратунак, а торф, што схапіўся агнём, нічога не аддаваў назад, жэр усё. На вачах у Мацвея гэтае жудаснае пекла паглынула карову. Ён паспеў паглядзець толькі ў вочы ёй і ўбачыў такі жах, што здрыгануўся, вочы яе не наспелі нават набрыняць слязьмі, такая была спякота, яна і не замычэла, не раўнула ад болю, роў яе спапяліўся ў перасохлай, разадранай ад пакут глотцы, карова толькі вываліла даўжэзны да неверагоднасці. язык, нібыта прагла адкусіць яго, і пайшла пад зямлю, абсмаленая і спечаная адразу, пры жыцці яшчэ. Пасля таго балота гарэла месяц, і месяц было не прадыхнуць ні ў адной, ні ў другой вёсцы і ў гарадку таксама.

Згарэў і абеліск — памяць аб лётчыку, які загінуў пад балотам, праваліўся пад зямлю. Быў — і няма. I маўклівасць, з якой ён знік, непрыкметнасць, з якой гэта адбылося, больш за ўсё ўразілі Мацвея. Абеліск і цяпер стаяў паміж ім і той справай, да якой ён сябе рыхтаваў. Пра лётчыка Мацвей успомніў недзе ўжо ў капцы іх сумеснай з Шахраем паездкі на Палессе, калі яны паспелі нагаварыцца, што яму рабіць з гэтай зямлёй і якой яна будзе пасля яго працы. Карціна, якую маляваў Шахрай, была прыгожай. Плёскала, біла ў бераг хвалямі мора — вадасховішча, якое створыць ён сам. Яго павольная і журботная рэчка пераўтварылася, ёй наканавана было стаць магутнай воднай артэрыяй, якая звяжа гэты край з пяццю сапраўднымі морамі. I плылі па ёй марскія параходы, і ляцелі над ёй марскія чайкі, а там, дзе былі балоты, чэзлыя кусцікі алешніку і лазы, сцяною стаяла пшаніца, хвалявалася пшанічнае мора. I паўсюдна жывёлагадоўчыя комплексы, амаль што гарады на месцы вёсак. Цудоўная карціна, але, але...

Ён не быў бы Роўдам, не быў бы палешуком, Дзям'янам з самага сэрца Палесся, калі б безразважна паверыў ІІІахраю. I карціна, якую намаляваў яму Шахрай, грэла яго толькі дзень. А потым ён звыкся з ёю і пачаў думаць. Быць памяркоўным — гэтага патрабавала само Палессе, яно таксама было ў роздуме. Нястомна і безупынна думалі і нашэптвалі нешта сваё рэкі, што беглі між травы і пад зямлёю, пад падманным берагам, утвораным, сатканым з той яга травы. I гэты бераг-дыван увесь час угінаўся пад нагамі, пагражаў падламацца, парвацца і ўцягнуць чалавека, які не думаючы ступіў на яго, уцягнуць так, што і бурбалак ад яго не застанецца. Думаў лес, шапочучы веццем, калі набягаў ветрык, а ў спакоі некуды збягаючы сам, ці не ў вечнасць, тую самую вечнасць, якой заўсёды ўласціва думка, у якой і жыве думка. Лес, дрэвы і жылі гэтай думкай, здабываючы яе глыбока ў зямлі. сваімі каранямі. Думалі антоны-буслы, што ў белых світках выйшлі на сенажаць і замерлі, зачараваныя самі сваімі світкамі і адзеннем, у якое прыбралася зямля, абяцаючы добрую восень і зімку. Дзеля гэтага і працавалі рэкі, дубровы, сонца, птушкі і мурашкі нават. I Мацвей таксама працаваў дзеля гэтага, ён разумеў, што гаспадарыць па гэтай зямлі, як гаспадарылі раней ён і іншыя палешукі, нельга, цесна ўжо. Ён кожны год усё больш і больш адчуваў, як душаць яго балоты. Не хапала зямлі, не хапала прастору яму і яго тэхніцы. I гэта ў той час, калі столькі зямлі, здавалася, без аніякай карысці марна гіне, захоплена балотам, дрыгвой. Але, з сумам гледзячы на балота, ён бачыў на ім і абеліск, і дым, што едка вісеў над вёскамі і гарадком. I балота рабілася як бы часткаю яго самога, яно, здавалася Мацвею, ведае аб ім больш, чым ён сам ведае пра сябе. I не падымалася яго рука на гэтае балота, нібы нешта разумнае было перад ім, здавалася, што балота мае і памяць. На тым я?а балоце, на якім жылі буслы, рос аер, рос, жыў і ён сам, Мацвей Роўда, пакаленні княжборцаў раслі і жылі. Ён жа сам выйшаў з аеру, антонаў-буслоў, таму і адбыўся, што былі ў ім і вакол яго: буслы, алешнік, аер, рачулкі і крыніцы, балота і абеліскі. I сёння яшчэ слёзы ў яго вачах ад таго дыму, праз які ён ездзіў рабочым паяздком, шчыміць сэрца, калі прыгадваецца абеліск, які паглынулі агонь і зямля. Пра ўсё гэта Мацвей і расказаў Шахраю, калі яны пераначавалі каля рэчкі і зноў рыхтаваліся ў дарогу. Шахрай, як заўсёды раніцай, галіўся, прыстасаваўшы абломак люстэрка да алешыны. Яму заставалася толькі разы з два правесці брытвай, але якраз па тым месцы, дзе і сядзела тая злаўмысная дакучлівая радзімка, як след, пакінуты куляю ад стрэлу ва ўпор. Шахрай баяўся парэзаць яе, як агню, таму што за гэтым блюзніўся яму рак, і мо з-за боязі рэзаўся, колькі галіўся. I цяпер Шахрай памацаў радзімку пальцам, нібыта хацеў пераканацца, ці не знікла яна, паднёс і адвёў брытву, і рука яго дрыжала. I гэтая няўпэўненасць Шахрая была ў навіну Мацвею, вымушала яго адначасова быць асцярожным і шчырым. Але абачлівасць перамагла, збаяўся і свайго недарэчнага, як яму здавалася, хвалявання, і таго, каб не сказаць чаго-небудзь лішняга пад руку Шахраю. I, пэўна, усё ж сказаў, толькі пачаў пра абеліск, пра лётчыка.